Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кастусёў саступіў Тацяне Караткевіч

абноўлена

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Палітычная камісія Партыі БНФ прыняла рашэньне падтрымаць Тацяну Караткевіч у якасьці супольнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад ініцыятывы «Народны рэфэрэндум».

3 красавіка адбылося пашыранае пасяджэньне палітычнай камісіі Партыі БНФ з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных партыйных арганізацыяў. На пасяджэньні абмяркоўвалася пытаньне пра ўдзел Партыі БНФ у кампаніі выбараў прэзыдэнта ў 2015 годзе.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў апублікаваў палітычную заяву. Ён патлумачыў, што такое рашэньне прынятае дзеля «захаваньня адзінства дэмакратычных сілаў Беларусі, грунтуючыся на дасягненьнях грамадзкай ініцыятывы „Народны рэфэрэндум“, кіруючыся неабходнасьцю прадухіленьня магчымых крамлёўскіх сцэнараў у часе выбарчай кампаніі 2015 году, якія могуць несьці пагрозу незалежнасьці нашай краіны».

Паводле Кастусёва, «падтрымка кандыдата ад „Народнага рэфэрэндуму“ з боку БНФ будзе абумоўленая прынцыпамі абароны незалежнасьці ды нэўтральнасьці Беларусі».

«Падтрыманы Партыяй БНФ кандыдат мусіць выступаць за вяртаньне ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі бел-чырвона-белага сьцяга і гербу „Пагоня“. У часе палітычнай кампаніі і правядзеньня перадвыбарчай агітацыі Партыя БНФ будзе канцэнтравацца на пытаньнях абароны незалежнасьці і рэалізацыі праграмных палажэньняў БНФ», — адзначаецца ў заяве.

Рашэньне пашыранага пасяджэньня палітычнай камісіі Партыі БНФ павінен зацьвердзіць красавіцкі сойм Партыі БНФ 25 красавіка.

Раней рух «За Свабоду» заявіў, што «ўстрымліваецца ад вылучэньня свайго кандыдата і падтрымкі іншых кандыдатаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году». Арганізацыя сканцэнтруецца на распрацоўцы прапановаў эканамічных рэформаў у рамках «Народнай праграмы», ініцыятыве дзеля мірных пераменаў «Народны рэфэрэндум», а таксама на кампаніях па назіраньні за хадой выбараў і за вызваленьне палітычных вязьняў.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч так пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне аб падтрымцы кандыдатуры Тацяны Караткевіч:

— Мы ад самага пачатку выступалі за вылучэньне адзінага кандыдата. Мы цьвёрда перакананыя, што паасобку ніводная структура не павінна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, бо гэта будзе ня толькі дыскрэдытацыя фактычна ўсяго дэмакратычнага руху. Але гэта было б безадказнае рашэньне перад тымі пагрозамі, зь якімі сутыкаецца краіна. Перадусім — пагрозамі для беларускай незалежнасьці. Таму, калі стала зразумела, што агульнага кандыдата вылучыць не атрымліваецца, мы сканцэнтраваліся на пошуку агульнага кандыдата ў межах кампаніі «Народны рэфэрэндум», якую мы лічым пэрспэктыўнай. Туды быў вылучаны Рыгор Кастусёў, перамовы працягваліся больш за месяц. Была рызыка ізноў клінчу. Таму сёньня на нашым пасяджэньні палітычнай камісіі мы вырашылі, што трэба праявіць палітычную волю, адказнасьць і спыніць працэс перамоваў, які рызыкуе ізноў скончыцца нічым. І пагадзіцца падтрымаць кандыдатуру Тацяны Караткевіч.

— То бок кандыдатура Тацяны Караткевіч мацнейшая за кандыдатуру Рыгора Кастусёва?

— Не, мы ня лічым так. Мы лічым, што кандыдатура Рыгора Кастусёва мацнейшая. Але мы лічым, што ў дадзенай сытуацыі кандыдатура ня мае такога значэньня, як адзінства. Менавіта дзеля адзінства мы вырашылі, што падтрымаем кандыдатуру Тацяны Караткевіч.

— Выходзіць, «Народны рэфэрэндум» урэшце з адзіным?

— Наколькі я разумею, яшчэ павінна быць рашэньне БСДП (Грамада) па пытаньні супольнага кандыдата. Аднак я лічу, што сёньняшняе наша рашэньне фактычна ставіць кропку ў гэтым пытаньні. На сёньняшні момант гэта выключна нейкія фармальныя працэдурныя моманты. Тым больш што Тацяна Караткевіч, здаецца, зьяўляецца сябрам БСДП (Грамада). Я не прадбачу нейкіх перашкодаў. Тым больш на нашы перамовы нейкую іншую кандыдатуру гэтая партыя не намінавала.

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Актывістка руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч падзякавала сябрам Партыі БНФ за падтрымку.

«Цяпер мы чакаем рашэньня сацыял-дэмакратаў, партыя павінна прымаць рашэньне. Спадзяюся, канечне, на падтрымку. Шанцы павялічваюцца, настрой падымаецца на тое, што ў нас будзе адзін кандыдат ад „Народнага рэфэрэндуму“. Гэта вельмі важна. Бо кандыдат на гэтых выбарах ад „Народнага рэфэрэндуму“ будзе прадстаўляць сто тысяч грамадзянаў, якія аддалі свае подпісы за мірныя перамены. Гэта вельмі важна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG