Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгоні сустрэўся зь беларускай апазыцыяй: «Сур’ёзных зьменаў няма»


Андрэа Рыгоні, архіўнае фота
Андрэа Рыгоні, архіўнае фота

Апазыцыя заяўляе, што шырокая міжнародная назіральная місія на прэзыдэнцкіх выбарах патрэбная толькі пасьля ўнясеньня зьменаў у выбарчае заканадаўства. А ў ПАРЭ Беларусь трэба прымаць на агульных падставах, у ліку якіх — мараторый на сьмяротнае пакараньне, свабодныя выбары і вызваленьне палітзьняволеных.

Дакладчык па Беларусі камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні правёў паўтарагадзінную сустрэчу з прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі. На сустрэчы былі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Павал Севярынец, старшыня беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард і прадстаўнік руху «Гавары праўду» Ўладзімер Бурштынаў.

Сустрэча адбылася ў прадстаўніцтве Эўрапейскай камісіі. Радыё Свабода папрасіла ўдзельнікаў падзяліцца сваімі ўражаньнямі.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП, кажа, што Андрэа Рыгоні быў асьцярожны ў выказваньнях і адзначыў, што амаль пяць гадоў не было ніякіх камунікацыяў паміж беларускімі ўладамі і ПАРЭ. Вялікіх ілюзіяў, па словах Анатоля Лябедзькі, спэцдакладчык ня мае, але высока ацэньвае магчымасьць такой камунікацыі. Старшыня АГП агучыў і тое, якія прапановы для спэцдакладчыка высунула апазыцыя:

«Мы зрабілі акцэнт на тое, што нельга заводзіць Беларусь у ПАРЭ праз „чорны ход“, інакш гэта будзе тупіковае, палітычна матываванае рашэньне, якое паўторыць тое, што адбываецца са статусам Беларусі ў ПА АБСЭ.

Прымаць рашэньне аб сяброўстве Беларусі ў ПАРЭ трэба пасьля прэзыдэнцкай кампаніі. Улада хацела б атрымаць статус адмыслова запрошанага, які не накладае на іх аніякіх абавязаньняў, але дае магчымасьць працаваць у Страсбуры за кошт гэтай арганізацыі.

Наша задача — каб Беларусь узяла на сябе абавязаньні і яны былі рэалізаваныя, улучна з усім, што датычыць палітычных вязьняў, свабодных выбараў, хартыі мясцовага самакіраваньня і іншых дакумэнтаў.

Мы гаварылі пра місію міжнароднага назіраньня. Мы лічым, што яна мае сэнс, калі зьмененыя правілы гульні. Мы бліжэйшым часам зьбіраемся накіраваць уладам нашы прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Ёсьць шэсьць месяцаў да выбарчай кампаніі, то гэта будзе добры крок, і місія можа прыяжджаць. Калі не, то вялікага сэнсу ў шырокай міжнароднай місіі няма».

Аляксей Янукевіч, старшыня БНФ, мяркуе, што асноўным адрасатам візыту Андрэа Рыгоні ўсё ж былі беларускія ўлады. У пляне шматдзённага візыту спэцдакладчыка — сустрэчы зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, міністрамі інфармацыі — Ліліяй Ананіч і юстыцыі — Алегам Сьліжэўскім, старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай ды іншымі.

Павінны быць элемэнтарныя базавыя ўмовы, як адмена альбо мараторый на сьмяротнае пакараньне, вызваленьне палітычных вязьняў

«У мяне ўражаньне лепшае, чым я чакаў. І беларускія ўдзельнікі, і Рыгоні згадзіліся з тым, што дзеля ўваходжаньня Беларусі нават у статусе адмыслова запрошанага неабходна стварыць ясную „дарожную мапу“. Што павінны зрабіць беларускія ўлады і як каляндарна гэта будзе адбываецца. І павінны быць элемэнтарныя базавыя ўмовы, як адмена альбо мараторый на сьмяротнае пакараньне, вызваленьне палітычных вязьняў».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч кажа, што мае простую пазыцыю наконт далучэньня Беларусі да ПАРЭ:

«Мы (Беларусь. — РС) ня можам выстаўляць асаблівыя ўмовы. Але ёсьць запісаныя ў статуце — гэта як мінімум мараторый на сьмяротнае пакараньне і свабодныя выбары. Калі па выбарах улада будзе спрачацца з апазыцыяй і даводзіць, што яны ў нас сапраўдныя, то па сьмяротным пакараньні і спрачацца няма чаго».

Мілінкевіч падкрэсьлівае, што далучэньне Беларусі да ПАРЭ важнае найперш ня ўладзе і не апазыцыі, а беларускім грамадзянам, якія будуць мець абарону з дапамогай эўрапейскіх судоў.

«Цяпер мы такой магчымасьці ня маем», — падкрэсьлівае Мілінкевіч.

«Эўропе ня ўсё роўна, які будзе лёс Беларусі, — кажа лідэр руху «За свабоду», — і яна станоўча ацэньвае тое, што беларускія ўлады занялі пазыцыю нэўтралітэту ў канфлікце Расеі і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG