Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін асуджаны на паразу. Адзінае што ён можа — гэта сапсаваць жыцьцё ўсім астатнім», — маскоўскі палітоляг


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

11–12 кастрычніка 1986 году адбылася гістарычная сустрэча ў Рэйкʼявіку паміж прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і генэральным сакратаром савецкай кампартыі Міхаілам Гарбачовым. Саміт у Рэйкʼявіку лічыцца пачаткам стварэньня асноваў сучаснай сыстэмы кантролю над узбраеньнямі.

Чаму Масква зноў вяртаецца да гонкі ўзбраеньняў і які будзе вынік новага супрацьстаяньня з Захадам?

На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Свабодзе адказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

— Чаму 30 гадоў таму стала магчымым падпісаньне дамовы паміж Рэйганам і Гарбачовым?

— Савецкая сыстэма была жудасна неэфэктыўная ў эканамічным пляне, і праз гэта Гарбачоў быў вымушаны ісьці на дамову з Захадам. Кожны на яго месцы быў бы вымушаны гэта рабіць, бо танкаў у СССР было амаль 94 тысячы, але танкістам не было чаго есьці. Сама па сябе сацыяльна-эканамічная канструкцыя, пабудаваная на вытворчасьці вялікай колькасьці танкаў з мэтай заваёвы новых тэрыторыяў, зайшла ў тупік. Таму ня важна было, хто быў ва ўладзе ў Маскве — Гарбачоў ці Андропаў, у любым выпадку трэба было дамаўляцца. У 1987 годзе намесьнік старшыні савецкага Генштабу пісаў у ЦК лісты, што гуманітарную дапамогу ад Нямеччыны трэба накіроўваць перш за ўсё ў вайсковыя часткі, бо ён ня здольны пракарміць салдат і афіцэрскія семʼі. На гэтым фоне гонка ўзбраеньняў была не па кішэні СССР.

ЗША гонка ўзбраеньняў была па кішэні, але там іншая мадэль — там дзяржава моцна залежыць ад настрояў грамадзтва, таму грамадзтва трэба паважаць, прыслухоўвацца да яго сыгналаў і не накіроўваць цалкам эканоміку на вытворчасьць чагосьці вайсковага.

— У гістарычным кантэксьце — ці быў цяперашні паварот назад, вяртаньне да рыторыкі халоднай вайны ў цяперашнія часы, непазьбежным і заканамерным?

Рэванш савецкай сыстэмы каштоўнасьцяў і вяртаньне да канфрантацыі з Захадам былі непазьбежнымі і заканамернымі

— Я глыбока перакананы, што рэванш савецкай сыстэмы каштоўнасьцяў і вяртаньне да канфрантацыі з Захадам былі непазьбежнымі і заканамернымі. Гэта было непазьбежна таму, што немагчыма было правесьці люстрацыю. Адпаведна, застаўся кляс савецкай намэнклятуры, які прывык карміцца за кошт эксплюатацыі падведамасных рэсурсаў, уключаючы насельніцтва. Савецкія прыярытэты прадугледжвалі выцісканьне ўсіх сокаў з краіны, канцэнтрацыю іх у цэнтры, каб пры іх дапамозе вырашаць нейкую супэрзадачу — ляцець у космас, пашыраць межы айчыны, весьці вайну і г.д. Застаўся кляс людзей, якія былі носьбітамі гэтых прыярытэтаў і якія шчыра лічылі, што Савецкі Саюз — гэта правільная канструкцыя, хоць насамрэч гэта была няправільная канструкцыя, і менавіта таму яна распалася.

— Але чаму гэтая сыстэма прыярытэтаў аказалася такой жыцьцяздольнай?

— Міт аб велічы савецкай мадэлі будаваўся на тэзісе, што мы былі раўнёй ЗША ў вайсковым сэнсе. Ва ўсіх астатніх сфэрах — эканоміцы, фінансах, навуцы і г.д. — разрыў паміж ЗША і СССР быў відавочны. А ў вайсковым сэнсе быў хаця б пэўны парытэт: яны здольныя 10 разоў зьнішчыць плянэту, а мы толькі адзін раз, але гэтага дастаткова.

Заканамерным чынам зона папулярнасьці заходняй сыстэмы каштоўнасьцяў пашыралася. Украіна пайшла ў заходнім напрамку, вось зараз Беларусь калі і не зусім у тым жа напрамку зьбіраецца ісьці, але хаця б хоча ўраўнаважваць балянс паміж Усходам і Захадам. Але ў сыстэме каштоўнасьцяў савецкага істэблішмэнту — гэта здрада і геапалітычная параза. Таму быў непазьбежны паварот у бок ваеннага супрацьстаяньня. Пуцінская сілавая эліта глыбока пагарджае Захадам, яна лічыць, што там баязьлівыя, непаваротлівыя буржуа, а мы ўсе такія сьмелыя і крутыя — мы іх возьмем на спалох. А калі не палохаць, то яны, тая мадэль, якую яны пабудавалі, будзе прайграваць, бо яна менш эфэктыўная. У мірнай прасторы Расея як сыстэма, заточаная яшчэ Сталіным на гіпэрэксплюатацыю асяродзьдзя і насельніцтва дзеля дасягненьня экспансіянісцкіх мэтаў, пачынае прабуксоўваць.

Толькі ў вайсковай сфэры Расея можа нешта супрацьпаставіць Захаду. Таму спакуса вярнуцца да ваеннай рыторыкі была відавочная, тым больш што эканоміка трохі прыўзьнялася на рынкавых дражджах і стала чым карміць танкістаў. Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб гэтай спакусе не паддацца. Пуцін моцным чалавекам не зьяўляецца. Адсюль — далучэньне Крыму, сілавая апэрацыя на Данбасе.

— Але такая палітыка знайшла разуменьне сярод расейскіх грамадзян...

У мірнай прасторы Расея як сыстэма, заточаная яшчэ Сталіным на гіпэрэксплюатацыю асяродзьдзя і насельніцтва дзеля дасягненьня экспансіянісцкіх мэтаў, пачынае прабуксоўваць

— Большасьць маіх суайчыньнікаў, калі эканоміка пачала функцыянаваць, вырашылі, што цяпер усё добра і трэба вяртацца да савецкіх каштоўнасьцяў, кепска разумеючы, што за савецкія каштоўнасьці трэба плаціць пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі. Не разумеючы, што ўсе савецкія подзьвігі, усе гэтыя палёты ў космас зьвязаныя з тым, што на душу насельніцтва прыпадала па 7 квадратных мэтраў жыльля.

Гэта сытуацыя, якую масавай сьвядомасьці цяжка зразумець, але прыйдзецца. Так, мы ператвараемся на вачах у краіну-ізгоя, нас зацягвае сырыйская вайна, якую выйграць немагчыма, нас зацягвае супрацьстаяньне з Захадам і гонка ўзбраеньняў. Гэтую гонку ўзбраеньняў Расея таксама выйграць ня здольная, але рабіць выгляд, што ўзьняліся з кален, мы можам. Гэта такая гібрыдная асаблівасьць гэтай гонкі ўзбраеньняў. І гэта вельмі небясьпечна. Бо аднойчы хтосьці не прадугледзіць чагосьці, і пачнецца тое, чаго ніхто не хацеў — нейкая буйная ваенная сутычка. Такі сцэнар з кожным месяцам становіцца ўсё больш верагодны.

— То бок вы не выключаеце магчымасьці вялікай вайны Расеі з Захадам?

— Абмену ядзернымі ўдарамі ня будзе. Будзе шматслойны, шматвэктарны гібрыдны канфлікт, дзе незразумела, хто з кім ваюе. Такая «вайна» фактычна ўжо ідзе, і яна будзе паглыбляцца. Але Пуцін і Расейская Фэдэрацыя ўсё роўна асуджаныя на паразу. Пуцін адзінае, што можа, гэта збудаваць новую жалезную заслону — то бок зрабіць вялізарную Паўночную Карэю. Адзінае, што ён можа — гэта сапсаваць жыцьцё ўсім астатнім, як ён сапсаваў жыцьцё ў Данбасе, у Прыднястроўі і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG