Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чыім баку будзе Анкара ў выпадку вайны Расеі з Захадам?


Якое геапалітычнае значэньне мае далейшае збліжэньне Расеі і Турэччыны? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Расея і Турэччына падпісалі пагадненьне аб праекце газаправоду «Турэцкая плынь». Дакумэнт быў падпісаны міністрамі энэргетыкі па выніках перамоваў прэзыдэнтаў Расеі і Турэччыны Уладзімера Пуціна і Рэджэпа Таіпа Эрдагана, якія адбыліся ўчора. Паводле кіраўніка канцэрну «Газпром» Аляксея Мілера, дзьве ніткі газаправоду павінныя быць пабудаваныя да сьнежня 2019 году.

Тут варта нагадаць, як зьявілася «Турэцкая плынь». У 2014 годзе Расея адмовілася ад будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток» з-за патрабаваньняў Эўразьвязу, які настойваў на адпаведнасьці газаправода энэргетычным правілам Зьвязу. І тады Масква вырашыла пачаць рэалізацыю альтэрнатыўнага праекту «Турэцкая плынь». Аднак пасьля перамоваў працы па праекце былі прыпыненыя, у тым ліку з-за вядомага крызысу ў двухбаковых адносінах паміж Масквой і Анкарой, калі Турэччына зьбіла расейскі самалёт.

Турэччына вырашыла, што няма ніякай геапалітычнай пэрспэктывы ў далейшым процістаяньні з Масквой

Але цяпер вось ужо другая сустрэча Пуціна і Эрдагана, і гэты крызыс не проста пераадолены, а супрацоўніцтва Масквы і Анкары сягае новых вяршыняў. Пуцін паведаміў, што Расея прыняла рашэньне дапусьціць на расейскі рынак цэлую групу турэцкіх тавараў сельскагаспадарчай вытворчасьці. Ідзе скасаваньне тых санкцыяў, якія былі прынятыя пасьля зьбіцьця Турэччынай расейскага самалёта.

Мы бачым вельмі хуткае паляпшэньне адносінаў паміж Расеяй і Турэччынай, і яны, здаецца, ужо выходзяць на той узровень, які шчыльней, чым быў да гэтага крызысу, зьвязанага са зьбіцьцём самалёту. Відавочна, што Турэччына вырашыла, што няма ніякай геапалітычнай пэрспэктывы ў далейшым процістаяньні з Масквой і пайшла на пэўныя крокі. Адносіны пачалі паляпшацца пасьля таго, як турэцкі лідэр напісаў ліст з, умоўна скажам, прабачэньнямі за зьбіцьцё самалёта.

Лідэры абедзьвюх краінаў падобныя паводле сваіх палітычных біяграфіяў, паводле сваёй палітычнай філязофіі. Пішуць часта, што яны прэтэндуюць на імідж альфа-самца, крутога хлопца. Але цяпер, калі яны былі вымушаныя глядзець больш стратэгічна на сытуацыю, Турэччына вырашыла, што немагчыма змагацца адразу на некалькі франтоў — і з Масквой, і ў пэўным сэнсе з Брусэлем, і нават з Тэль-Авівам.

Адносіны з Брусэлем вельмі рэзка абвастрыліся ў кіраўніка Турэччыны пасьля падаўленьня перавароту, калі дзясяткі тысяч людзей былі зьняволеныя. Анкара пайшла на істотнае паляпшэньне адносінаў з асноўнымі гульцамі ў рэгіёне — і з Расеяй, і з Ізраілем.

Карбалевіч: Цікава ня толькі тое, як рэзка мяняюцца расейска-турэцкія адносіны. Цікава як гэта трансьлюецца расейскай тэлепрапагандай у грамадзтва.

Да скандалу са зьбітым расейскім самалётам паміж дзьвюма краінамі актыўна разьвівалася партнэрства. Турэччына абвяшчалася надзейным сябрам Расеі. Пасьля зьбітага самалёту Масква абвясьціла Турэччыну хіба не галоўным ворагам.

Яе абвінавачвалі ва ўсіх сьмяротных грахах, напрыклад, у падтрымцы «Ісламскай дзяржавы». Для ўсіх расейскіх тэлеканалаў турэцкі прэзыдэнт Эрдаган выступаў галоўным аб’ектам зьдзекаў і карыкатур. Цяпер адносіны нармалізаваліся, і Турэччына для Расеі зноў сябра. Расейскія мэдыя вагаюцца разам з генэральнай лініяй.

Што тычыцца цяперашніх адносінаў: спачатку Эрдаган прыехаў у Санкт-Пяцербург, цяпер Пуцін паехаў у Турэччыну. Пакуль мы можам гаварыць аб нармалізацыі адносінаў да таго ўзроўню, які быў да канфлікту з самалётам. Расейскія турысты вяртаюцца на турэцкія пляжы, адмененая забарона на пастаўку ў Расею турэцкай садавіны. Аднаўляецца праца па будаўніцтву газаправоду «Турэцкая плынь». Ніякіх новых дамоўленасьцяў, якія б значна падымалі ўзровень супрацоўніцтва, здаецца, пакуль няма.

Найбольш важным сумесным стратэгічным праектам зьяўляецца газаправод «Турэцкая плынь». Ён прыйшоў на замену «Паўднёваму патоку», які павінен быў злучыць Расею з ЭЗ. Але ЭЗ адмовіўся ад яго, каб зьменшыць газавую залежнасьць ад Расеі. Дык вось цяпер Турэччына будзе пастаўляць частку газу ў Эўропу праз сваю тэрыторыю.

Цыганкоў: Я таксама маю даволі скептычныя ў доўгатэрміновай пэрспэктыве прагнозы наконт стратэгічнага партнэрства Расеі і Турэччыны. Зараз кіраўнікі дзяржаваў выбіраюць такую палітыку, але, здаецца, празь нейкі час, калі адыйдуць часовыя моманты, такія як антызаходніцтва і канфлікт у Сырыі, то яны зразумеюць, што для геапалітычнага партнэрства надта шмат у іх перашкодаў.

Дракахруст: Я б хацеў спыніцца на ваенна-стратэгічным аспэкце гэтага супрацоўніцтва. Пра што ня надта гучна гаворыцца на прэсавых канфэрэнцыях, але на што вельмі зьвяртаюць увагу на Захадзе.

Гэты візыт Пуціна ў Турэччыну адбываецца на фоне надзвычай вострага, мне нават цяжка знайсьці параўнаньне наколькі, канфлікту паміж Расеяй і Захадам з прычыны Сырыі. Літаральна сёньня прыйшла інфармацыя, што Пуцін скасаваў свой візыт у Парыж. А чаму скасаваў? Таму што прэзыдэнт Франсуа Алянд заявіў, што не хоча сустракацца з прэзыдэнтам, які мае дачыненьне да ваенных злачынстваў. Ну, калі на такой мове гаворыцца, гэта сьведчыць пра вельмі вострую сытуацыю.

Але куды больш вострая сытуацыя са Злучанымі Штатамі. Як мы ведаем, сарванае пагадненьне аб перамір’і ў Сырыі, Злучаныя Штаты адмовіліся працягваць дыпляматычны дыялёг па гэтым пытаньні, і з дзьвюх сталіцаў гучаць даволі злавесныя заявы.

Вось нядаўна адзін высокі амэрыканскі вайсковец заявіў, што вайна з Расеяй ледзь не непазьбежная. Расейскія вайскоўцы кажуць, што іх сілы ў Сырыі будуць зьбіваць амэрыканскія ракеты, а можа і не толькі ракеты, можа і самалёты. Ну а са Злучаных Штатаў гучаць сымэтрычныя заявы. Прынамсі, кандыдат у прэзыдэнты Гілары Клінтан гаворыць аб стварэньні ў Сырыі абароненых паветраных зонаў.

Гэта фактычна азначае тое самае — будзем зьбіваць ракеты і самалёты як Асада, гэтак і Расеі. Так, яна кандыдат у прэзыдэнты, але падобныя рэчы гавораць некаторыя людзі і ў цяперашняй амэрыканскай уладзе.

Ужо невідавочна, што Турцыя выканае свае саюзьніцкія абавязкі ў рамках НАТА

Сказаць, што заўтра будзе вайна, што гэта сытуацыя Карыбскага крызысу — гэта, можа, і перабольшаньне, але што сытуацыя вельмі вострая, гэта безумоўна. І вось у гэтай сытуацыі, калі патыхае порахам, я думаю, усім цікава, якую ж пазыцыю зойме саюзьнік па НАТА, гіганцкая краіна зь гіганцкім ваенным патэнцыялам у рэгіёне патэнцыйнага канфлікту — Турэччына. А вось мне здаецца, што адказ на гэтае пытаньне невідавочны.

У мяне такое ўражаньне, што Турэччына пасьля канфлікту з-за зьбітага расейскага самалёта засталася незадаволеная той падтрымкай, якую НАТА аказвала ёй, з-за чаго і давялося мірыцца з Масквой.

І вось у дадзеным выпадку Пуцін гуляе на нявызначанасьці, няпэўнасьці. Ніхто не можа сказаць, што Турэччына будзе пасаваць, што зойме ў гіпатэтычным канфлікце нэўтральную пазыцыю. Але на мой погляд ужо невідавочна, што яна выканае свае саюзьніцкія абавязкі ў рамках НАТА, калі канфлікт у яе межах сапраўды разгарыцца. Можа і для заходніх палітыкаў гэта невідавочна. Гэтая няпэўнасьць — вельмі моцны козыр Пуціна. І газавы праект, і іншыя крокі насустрач Турэччыне — ўсё гэта пакупка гэтай няпэўнасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG