Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год з Нобэлем. Ці скарысталася Беларусь “пяцьцю хвілінамі славы”


Што зьмянілася за год у краіне Нобэлеўскай ляўрэаткі.

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Аляксандра Дынько, Віталь Цыганкоў.


Дынько: Прайшоў год, як Беларусь жыве ў новым статусе — краіны Нобэлеўскай ляўрэаткі. 8 кастрычніка 2015 году было абвешчана, што прэмію ў галіне літаратуры атрымлівае беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

У той дзень выглядала, што нобэлеўская ўзнагарода, як часам кажуць пра беларускую незалежнасьць, літаральна ўпала на краіну зь неба. Маладыя людзі, якіх на вуліцах пыталіся пра Алексіевіч, здавалася, ня ведалі яе твораў. Што ня дзіўна — іх няма ў школьнай праграме. У крамах не было яе кнігаў. Што таксама ня дзіўна. У апошнія гады Алексіевіч выдавалася па ўсім сьвеце, але не ў Беларусі. Яе кнігі, якія выйшлі ў расейскім выдавецтве «Час», дарагаватыя для сярэдняга беларускага пакупніка.

Думаю, што немалым шокам стала гэтая прэмія для беларускай улады. Афіцыйныя СМІ да апошняга не паведамлялі пра перамогу Алексіевіч, адным з першых чыноўнікаў яе павіншаваў міністар культуры Расеі, а віншаваньне ад кіраўніка Беларусі і сюжэт на тэлеканале АНТ выйшлі толькі пад вечар.

Дый тыя, хто спадзяваўся на высокую ўзнагароду для Алексіевіч, ня ведаў, як абыходзіцца з нобэлеўскім ляўрэатам. Першая прэсавая канфэрэнцыя прайшла ў неверагодна маленькім офісе «Нашай Нівы», куды набіліся дзесяткі цяжка экіпіраваных журналістаў — з відэакамэрамі, штатывамі і магутнымі фотаапаратамі. Тады здавалася, што гэта навіна для ўсяго сьвету, але пакуль не для нас. Але прайшоў год, і я ўпэўненая, што статус краіны Нобэлеўскай ляўрэаткі падвысіў статус самой Беларусі — і ў сьвеце, і ўнутры самой краіны.

Аляксандру Лукашэнку давялося зьмірыцца з тым, што ўнутры краіны ёсьць чалавек такога ўзроўню, які крытычна ставіцца да ўлады, ігнараваць меркаваньне якога ўжо нельга

Як ня дзіўна, я б сказала, што прэмія Алексіевіч моцна вылучыла нас з таго поля расейскай культуры, у якім мы звыкліся перабываць. Вялікая колькасьць беларусаў усьвядоміла, што ёсьць штосьці, чым можа сапраўды ганарыцца, і гэтым ня хочацца дзяліцца зь іншымі. Я памятаю, як раўніва ставіліся карыстальнікі сацыяльных сетак да спробаў некаторых расейцаў назваць Алексіевіч расейскай аўтаркай. Я думаю, што прэмія Алексіевіч у пэўным сэнсе замірыла расейскамоўных і беларускамоўных у нашым коле.

Мне здаецца таксама важным, што і самому Аляксандру Лукашэнку давялося зьмірыцца з тым, што ўнутры краіны ёсьць чалавек такога ўзроўню, які крытычна ставіцца да ўлады, ігнараваць меркаваньне якога ўжо нельга, і ігнараваць саму наяўнасьць якога таксама нельга. Таму Алексіевіч дазволілі сустрэцца з чытачамі хіба не ў галоўнай афіцыйнай залі краіны — у Палацы Рэспублікі, а яе творы абяцаюць увесьці ў школьную праграму. Усьлед за гэтым сталі паціху дазваляць канцэрты забароненых музыкаў, і ўвогуле людзі мала скардзяцца на тое, што ім нешта забаранілі. А па-вашаму, як Беларусь пражыла гэты год у статусе краіны Нобэлеўскай ляўрэаткі?

Гурневіч: Я б пачаў ад нашых чаканьняў адносна Сьвятланы Алексіевіч і Нобэлеўскай прэміі. Іх было некалькі: пазнавальнасьць Беларусі, рост цікавасьці да беларускай літаратуры, аўтарытэтны і бескампрамісны голас супраць аўтарытарызму ў Беларусі, пуцінскага «рускага сьвету» і падтрымка беларушчыны з боку Алексіевіч.

Пазнавальнасьць нашай краіны, у пэўных колах, бясспрэчна вырасла. Гэта заўважана ня толькі ў інтэлектуальных колах. Звычайныя людзі ў сьвеце мелі лішнюю нагоду пачуць слова Беларусь. Гэта павялічыла рэйтынг, паводле мяне, нашай краіны, бо цяпер прадстаўляючыся, адкуль мы, заўсёды можна ўзгадваць Нобэль Алексіевіч. Гэта праверана і гэта працуе. І гэта плюс. Лепш быць вядомым з гэтага боку, чым з боку Чарнобыля і Лукашэнкі.

Сьвятлана Алексіевіч за гэты год ня стала менш крытычнай да аўтарытарызму. Яе крытыка сыстэмы Лукашэнкі і Пуціна, вайны ва Ўкраіне — бескампрамісная, і гэта не праходзіць незаўважна ў Беларусі. Як бы там ні было, людзі чуюць гэты голас у самой Беларусі. Адны люта злуюцца, а іншых гэта прымушае думаць. Бо шыльда Нобэлеўскай ляўрэаткі працуе, прызнаньне ў сьвеце — гэта важны аргумэнт.

Пакуль тыя «5 хвілін славы», якія атрымала Беларусь год таму — нявыкарыстаныя

Літаральна на другі дзень пасьля абвяшчэньня Нобэля для Беларусі я атрымаў пытаньне ад сяброў са Скандынавіі: што пачытаць беларускага? Я тое-сёе параіў і выказаў тады спадзяваньне, што Нобэль паспрыяе ў перакладах. Але наўскідку не прыгадаю за гэты год шумных пракладаў беларускай літаратуры на іншыя мовы. Апрача самой Алексіевіч, усё, здаецца, як і было раней. Пакуль тыя «5 хвілін славы», якія атрымала Беларусь год таму — нявыкарыстаныя. Ня ведаю, хто тут вінаваты, але цягнік сыходзіць. Баюся, што гэтая магчымасьць ня будзе выкарыстаная, бо апрача розгаласу краіны ў літаратурным кантэксьце, патрэбны таленавіты мэнэджмэнт. А яго нам бракуе.

На гэтым тыдні я наведаў у Празе дзьве сустрэчы, дзе выступала Сьвятлана Алексіевіч, і мушу сказаць, што нобэлеўская ляўрэатка некалькі разоў падкрэсьлівала важнасьць мовы, сымбаляў, гісторыі, параўноўвала камунізм з нацызмам.

Сьвятлана Алексіевіч, як і раней, сваімі ацэнкамі часам шакуе беларускамоўную частку грамадзтва. Тут яна застаецца сабой. Плюс гэтага ў тым, што такія заявы прымушаюць нас спрачацца і думаць. А гэта лепш, чым маўчаць і не зьвяртаць увагі на свае праблемы.

Алексіевіч зьмянілася ў сваіх выказваньнях. Яна стала асьцярожнай, абачлівай і больш прабеларускай

Цыганкоў: Я б падзяліў гэтае значэньне на дзьве часткі: больш тактычная, часовая, і больш стратэгічная ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Вы больш казалі пра вынікі году, я памятаю, што калі Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, я напісаў у Фэйсбуку, што гэта, а не прэзыдэнцкія выбары, падзея году, а магчыма і дзесяцігодзьдзя. Таму я вылучу стратэгічны сэнс атрыманьня Нобэлеўскай прэміі грамадзянкай Беларусі, бо цяпер гэта такая птушачка ў біяграфіі краіны, якая ўжо заўжды застанецца ў яе асабістай справе. І цяпер гэта ўжо неаднаразова бывала падчас розных дыскусій, калі ў размове з прадстаўнікамі іншых дзяржаў ці літаратур, што часьцей, беларусы могуць адказаць, а ў нас ёсьць нобэлеўская ляўрэатка, а ў вас? У даволі многіх і моцных краінаў няма, у нашых суседзяў краінах Балтыі і Ўкраіне пакуль няма. І гэта вельмі стратэгічна важны паказчык таго, што гэта важная гістарычная падзея.

гэта такі цяжар адказнасьці, і я думаю, Сьвятлана гэта адчувае

Алексіевіч зьмянілася ў сваіх выказваньнях. Яна стала асьцярожнай, абачлівай і больш прабеларускай. Ня тое, каб гэта наўмысна, але ў гэты бок на фоне апошніх падзеяў у Расеі яна становіцца больш антырасейскай і больш прабеларускай у сэнсе культуры. І нават тыя яе дастаткова крытычныя і дыскусійныя выказваньні на адрас беларускамоўных у мінулым. Пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі я не магу прыгадаць такіх выказваньняў у такім рэчышчы. Нобэлеўская прэмія адбілася і на самой ляўрэатцы. Прыгадаю вядомы ліст Сартра, калі ён адмовіўся ад Нобэлеўскай прэміі і тлумачыў сваё рашэньне тым, што калі я, напрыклад, падтрымліваю калюмбійскіх партызан, то гэта проста маё меркаваньне як чалавека, а калі я буду падтрымліваць калюмбійскіх партызан і падпісвацца Сартр, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, то гэта зусім іншае значэньне. То бок гэта такі цяжар адказнасьці, і я думаю, Сьвятлана гэта адчувае, і ў сваіх выказваньнях і публічных ацэнках яна робіць спасылку на яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG