Апошнім часам назіраецца асабліва пільная ўвага Лукашэнкі да сілавых структур. Зь іх кіраўнікамі ён сустракаецца значна часьцей, чым зь міністрамі эканамічнага блёку. Хоць, здавалася б, менавіта сацыяльна-эканамічныя праблемы цяпер найвастрэйшыя для грамадзтва.
Вось на Дзень міліцыі 5 сакавіка ён сустрэўся з кіроўным складам органаў унутраных спраў. Прычым не ў міністэрстве: адмыслова наведаў вайсковую часьць 3214 унутраных войскаў МУС. Функцыя гэтага падразьдзяленьня — нэўтралізацыя беспарадкаў. Калісьці яго ўзначальваў сумнавядомы Дзьмітры Паўлічэнка. Зразумела, гэта не выпадковасьць, а наадварот, дэманстрацыя прыярытэтаў.
Як не выпадкова ўжо каторы раз Лукашэнка засьцерагае ад небясьпекі розных каляровых рэвалюцыяў, якія, на ягоную думку, «ставяць сваёй мэтай дэстабілізаваць ня толькі асобныя дзяржавы, але і цэлыя рэгіёны». «Я ўжо неаднаразова казаў, але лічу неабходным яшчэ раз падкрэсьліць: ніякім „плошчам“ у Беларусі не бываць», — адзначыў кіраўнік Беларусі.
Як вядома, чалавек увесь час гаворыць пра тое, што яму моцна муляе. Калі перад сілавымі структурамі Лукашэнка страшыць пагрозай Майдану і каляровых рэвалюцыяў, то гэта галоўная прыкмета набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў.
І падчас мінулых аналягічных кампаніяў кіраўнік Беларусі надаваў вялікую ўвагу сілавому складніку свайго пераабраньня. Традыцыйна прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — гэта амаль вайсковая спэцапэрацыя.
Але мінулымі гадамі, акрамя запужваньня, электарату прапаноўваліся і пернікі. Напрыклад, заробак 500 даляраў, як гэта было ў 2010 годзе.
Цяпер жа пернікі скончыліся. І ўся стратэгія выбарчай кампаніі вельмі спрасьцілася, зьвялася да зусім прымітыўнага мэсыджу. Першы раз у канцэнтраванай форме, у акцэнтаваным выглядзе ён прагучаў у навагоднім віншаваньні Лукашэнкі. Маўляў, беларусы ня цэняць тое, што маюць, то бок мір, спакой, парадак. Паглядзіце на Ўкраіну, і тады больш ацэніце нашу стабільнасьць.
Гэта радыкальная зьмена сацыяльнага кантракту паміж уладай і грамадзтвам.
Палітоляг Сяргей Нікалюк сфармуляваў гэты новы мэсыдж наступным чынам. Дасюль сацыяльны кантракт, прапанаваны беларусам уладай, зводзіўся да ляяльнасьці ў абмен на рост дабрабыту. Цяпер ён перафарматаваны і выглядае так: ляяльнасьць у абмен на жыцьцё.
То бок — цяпер рэжым можа гарантаваць насельніцтву толькі мір. Бо назваць стабільнасьцю сытуацыю, калі цэны, абменны курс нацыянальнай валюты мяняюцца кожны дзень, не выпадае.
Дзеля абгрунтаваньня гэтай новай канцэпцыі трэба штучна нагнаць страху на людзей, запужаць іх пагрозамі вонкавымі і ўнутранымі.
І ў каго падымецца язык на гэтым тле разважаць пра заробкі, пэнсіі і цэны? Толькі ў ворагаў
«Сучасны сьвет імкліва зьмяняецца, становячыся ўсё менш бясьпечным для жыцьця людзей, а шэраг дзяржаў пагрузіўся ў бездань грамадзянскіх войнаў і міжнацыянальных канфліктаў. І гэтыя зьявы ўжо ўшчыльную падышлі да нашых межаў», — нагнятае жарсьці Лукашэнка.
Ну, і, зразумелая рэч, патрэбен вораг унутраны. Таму адбываецца д’ябалізацыя апазыцыі, прыраўноўваньне яе да фашыстаў.
«На жаль, ёсьць у нашай краіне невялікая купка людзей, нехта іх называе „апазыцыяй“, або яны так сябе называюць, якія ня толькі перакручваюць гісторыю, усхваляючы фашысцкіх памагатых крывавых спраў, але і ўсімі сіламі спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадзтве. Агрэсіўныя формы палітычнай барацьбы яны дэманструюць і падчас рознага роду палітычных кампаніяў», — тлумачыць Лукашэнка.
І ў каго падымецца язык на гэтым тле разважаць пра заробкі, пэнсіі і цэны? Толькі ў ворагаў.
Вось цяпер можна браць курс на мілітарызацыю ўсяго грамадзка-палітычнага жыцьця, рабіць сілавыя структуры галоўным чыньнікам прэзыдэнцкай кампаніі.
Сымбалі ў палітыцы маюць вялікае значэньне. Спачатку міністар абароны падараваў Лукашэнку аўтамат. Нагадаю, сёлета, перад самымі выбарамі, павінны адбыцца сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Шчыт Саюза — 2015». Цяпер кіраўнік МУС падараваў прэзыдэнту камуфляжную вайсковую форму. Сёлета гэта форма выбарчай кампаніі.