Як шчыра адказаць на моўныя пытаньні перапісу, ці магчыма гэта ў прынцыпе. І ці трэба.
Сьцісла:
- Некаторыя патрабуюць ад тых, хто вагаецца, адказваць на моўныя пытаньні перапісу „праўдзіва“, г. зн. назваць роднай/хатняй расейскую мову.
- Але паняцьце „беларуская мова“ ўключае ў сябе і мясцовыя гаворкі, і зьмешанае маўленьне (так званую „трасянку“). І двумоўныя людзі таксама беларускамоўныя.
- Лінгвісты ня могуць правесьці чырвонай лініі паміж мовамі, калі чалавек гаворыць „трасянкай“. Гэта суб’ектыўны выбар моўцы — ідэнтыфікаваць сябе з той або другой. І кожны, у чыёй мове ёсьць беларускія элемэнты, мае права заявіць, што гаворыць па-беларуску.
- Родная мова для беларусаў — гэта мова народу, спадчынная мова. Ангельскі тэрмін mother tongue (або „першая мова“) — толькі пра парадак засваеньня моваў. У нашай традыцыі некарэктна атаесамляць „родную мову“ зь „першай мовай“.
- Чалавек мае права адказаць на пытаньне пра родную мову як лічыць патрэбным, не зважаючы на тлумачэньне ў дужках у перапісным лісьце.
- У краінах зь няпростай моўнай сытуацыяй перапісы дапаўняюць дэталізаванымі моўнымі пытаньнямі — пра дыялекты, пра пасіўнае валоданьне і г. д. У нас робяць наадварот — было тры, пакінулі два, хоць міжнародныя арганізацыі раяць інакш.
- На аснове перапісу на добры лад мусіць фармавацца дзяржаўная моўная палітыка. Моўная статыстыка ўплывае на ўспрыманьне краіны і народу з-за межаў. У тым ліку ўсходняй.
Гавары праўду!
У адказ на заклікі называць у перапісе беларускую мову роднай і хатняй зьявіліся дакоры — „гавары праўду!“. Маўляў, і размаўляеце па-расейску, і першая мова, пачутая вамі ад бацькоў, — расейская, дык не хітруйце.
Але праўда ў тым, што ў шматмоўным грамадзтве пры блізкароднасным двумоўі на абодва пытаньні перапісу няма адназначнага, хімічна чыстага адказу. І самыя пытаньні сфармуляваныя так, каб ня даць людзям выявіць ляяльнасьць да беларускай мовы.
Беларусь — не Сярэдняя Расея. Тут практычна няма стопрацэнтна расейскамоўных. Кожны ў пэўнай ступені двумоўны і шматмоўны. Пасіўна валодаюць беларускай мовай прынамсі 90% жыхарства, хоць у нас ніхто пра такое не пытае ані ў перапісах, анідзе.
А што такое „беларуская мова“?
Сытуацыя тыповая, пацьвердзяць усе палявыя дасьледнікі. Чалавек гаворыць узорнай мясцовай гаворкай — смургонскай ці слуцкай, шчучынскай ці полацкай. Але на пытаньне „А як вы гаворыце?“ адказвае: „А мы на зьмешаным языку гаворым, слова рускае, слова беларускае...“.
Чаму так? Бо „беларускаю моваю“ многія лічаць толькі школьны стандарт (а раней яго задавала радыё). Усё інакшае — „зьмешаны язык“.
У гэтым прынцыповае адрозьненьне нашай сытуацыі ад расейскай, эстонскай і г. д. У Расеі носьбіты дыялектнай мовы, нават моцна адлеглай ад літаратурнай, усё адно не сумняваюцца ў сваёй расейскамоўнасьці. У Эстоніі ж эстонская і расейская кантрастуюць так, што не памылісься. А ў нас ня так. І дзьве мовы не такія кантрасныя, і цягам пакаленьняў беларускай мове не давалі выконваць усе функцыі, а яе літаратурны варыянт загналі ў вузкую нішу.
Але беларуская мова шматаблічная. Гэта ня толькі мясцовыя гаворкі, але і зьмешанае маўленьне (якое публіцыстычна і ня надта паважліва завуць „трасянкай“).
„На сьледушчай выходзіце?“ — гэта на якой мове?
Ня можаце адказаць? Не бядуйце. Адказу не дадуць і шматлікія беларускія і замежныя навукоўцы, якія займаюцца тэмай. Артыкулам і дыскусіям канца не відаць. Цытата зь сьвежай кандыдацкай:
„Устанаўленьне ў зьмешаным маўленьні беларускай або рускай асновы, «матрычнай» (matrix) і «гасьцявой» (embedded) мовы ... складае самастойную праблему: такую матрычную і гасьцявую мову часта бывае цяжка ці немагчыма вызначыць, бо ў працэсе камунікацыі моўцы могуць свабодна выкарыстоўваць фрагмэнты рознай даўжыні некалькіх відаў маўленьня, межы паміж якімі пранікальныя“ (Натальля Яненка, БДУ).
Генадзь Цыхун вызначае „трасянку“ як „крэалізаваны варыянт беларускай мовы“, Ніна Мячкоўская — як „мноства стыхійна і па-рознаму русіфікаваных індывідуальных варыянтаў беларускай мовы“, Браніслаў Плотнікаў заве яе „стыхійным гібрыдам дзьвюх розных моваў“. Г. Цыхун лічыць, што пакуль чужыя моўныя зьявы прыпадабняюцца да сваіх хаця б вымаўленьнем і граматыкай, значыць, захоўваецца беларуская аснова такога маўленьня. (Але памераць ступень такога прыпадабненьня цяжка.)
Сяргей Запрудзкі разглядае „трасянку“ як „прамежкавы этап у пераходзе на рускую мову“. Ён жа прыводзіць цікавы прыклад cocoliche — італьянска-гішпанскага зьмешанага маўленьня ў Лацінскай Амэрыцы(у гэтым моўным асяродзьдзі гадаваўся цяперашні Папа Францішак):
“...Калі моўнае зьмешваньне дасягае пэўнага ўзроўню, цяжка дыфэрэнцыяваць (гішпанізаваную) італьянскую ад (італьянізаванай) гішпанскай: адзінае адрозьненьне палягае ў намеры моўцаў выказваць сябе на той або іншай мове”.
Чалавек гаворыць тымі самымі словамі, але думае, што гаворыць па-гішпанску ці па-італьянску, залежна ад сытуацыі.
То бо аснова „трасянкі“ — маўленьне беларускамоўных людзей. Але дзе чырвоная лінія ўпэўненага пераходу на расейскую — лінгвісты не адкажуць.
А мы хочам ад звычайнага, безь філялягічнай адукацыі чалавека „праўдзівага“ адказу на чорна-белае пытаньне зь бінарным выбарам. Гэта ўсё адно як спытаць „Ты шчасьлівы ці нешчасьлівы?“ Фактычна ж людзей пытаюць пра іншае: катораю вы самі лічыце мову, якою гаворыце? Тут поўны суб’ектывізм, месца для нейкай аб’ектыўнай „праўды“ (ці, наадварот, сьвядомай „хлусьні“) проста няма.
Прычым моўная ідэнтычнасьць можа адрозьнівацца ад моўных паводзінаў. Носьбіт беларускага дыялекту ці піджыну прыгарадаў возьме і запішацца „расейскамоўным“. Хоць кожны, хто зьбярог прынамсі беларускую фанэтыку і інтанацыю, мае падставу лічыць сваю гутарковую мову беларускаю.
„Трасянка“ — ня мова!
Ці ўпісваць як адказ на моўныя пытаньні перапісу „трасянку“? Згаданы вышэй С. Запрудзкі, які даўно вывучае фэномэн, падкрэсьлівае: „Ёсьць беларуская мова, руская мова, але няма такой мовы як «трасянка»“ (Некаторыя заўвагі аб вывучэнні „трасянкі“.— Arche. 2009. № 11-12). Сапраўды, гэта нестабільная стыхія: тыя, хто гаворыць зьмешанымі моўнымі кодамі, штораз ствараюць іх наноў — бессыстэмна беручы рэсурсы зь дзьвюх моваў адпаведна сытуацыі.
Г. зн. „сацыялінгвісты“ з (ужо прыкрытага) ІАЦ, уключыўшы ў сваю анкету ўвесну 2019 году „трасянку“ нароўні з расейскай і беларускай мовай, дэзарыентавалі апытаных. Шматлікіх носьбітаў зьмешанага і дыялектнага маўленьня штучна выключылі зь беларускамоўнай супольнасьці. Гэтак і малююцца тыя нібыта 3% беларускамоўных па-ІАЦаўску, якімі адразу ж пасьля публікацыі „вынікаў“ запоўнілі ўсю мэдыйную прастору. Мо нас так псыхалягічна рыхтавалі да сумных для беларускай мовы вынікаў чарговага перапісу?
А якую ж мову лічыць „роднай“?
Спад на 22% колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднай, з 1999 да 2009 году — беспрэцэдэнтна (і ненатуральна) імклівая зьмена моўнай ідэнтычнасьці. Але прычына такога абвалу ня толькі ў дзяржаўнай палітыцы, да якой прыстасоўваюцца людзі. „Родная мова“ ў перапісным блянку 1999 году і ў ранейшых не тлумачылася. А ў 2009-м раптам бачым дадатковае тлумачэньне — маўляў, гэта „мова, засвоеная першаю ў раньнім дзяцінстве“.
Але для беларускай культурна-моўнай традыцыі выразы „родная мова“, „роднае слова“ без дадатковых дэфініцыяў азначаюць проста беларускую мову, мову свайго роду і народу. Беларускую называюць роднай і тыя, хто авалодаў ёю праз пакаленьне, у школе, самастойна. Многія ж перажылі моўны разрыў пакаленьняў: іхныя бацькі, самі з маленства беларускамоўныя, размаўлялі зь дзецьмі як умелі, абы далей ад свайго, каб не ўскладняць ім жыцьця. Таму ў нашай традыцыі паняцьце родная мова — адна з пазнакаў нацыянальнай прыналежнасьці.
Наглядная ілюстрацыя — вялікія шчыты сацыяльнай рэклямы з сэрыі „Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?“ І варыянты адказаў: посьпех, каханьне, дзякуй, сябар... Мільёны людзей бачаць гэтыя постэры па ўсёй Беларусі. Зь іх ясна вынікае, што родная мова гледачоў-чытачоў — беларуская, але яна ня роўная „першай засвоенай“.
У ангельскай ёсьць выраз mother tongue — даслоўна ‘матчына гаворка’. Нягледзячы на мэтафарычнасьць, у навуцы гэта сухі тэрмін. Азначае мову, засвоеную чалавекам першаю пасьля нараджэньня, як правіла, ад маці. Сынонімы — first language ці нават L1. Тэрмін mother tongue фігуруе ў перапісных рэкамэндацыях ААНаўскіх структураў. Праўда, ідуць дыскусіі пра яго дакладнае значэньне для рэспандэнта: ці гэта моўная сыстэма, засвоеная на ўсё жыцьцё, ці чалавек мог яе засвоіць і на гэты момант забыць... А вось выраз native language (даслоўна ‘родная, прыроджаная мова’) хоць і лічыцца яшчэ адным сынонімам для mother tongue, але нярэдка азначае мову ідэнтычнасьці, мову этнасу, спадчынную мову.
Службоўцы Белстату кажуць, што ўзялі ўзоры пытаньняў зь міжнародных рэкамэндацыяў. Але пераклад спалучэньня mother tongue на беларускую выразам родная мова недакладны, некарэктны, заблытвае беларусаў. Правільна было б, калі ўжо такая патрэба, спытаць людзей пра „першую мову (якую засвоілі ў раньнім дзяцінстве)“ — з рознымі варыянтамі і колькасьцю магчымых адказаў.
Дарэчы, у беларускай ёсьць і выраз матчына мова. Але гэта не сацыялінгвістычны тэрмін, а паэтычны вобраз і прынятая ўсёй нацыяй мэтафара — выключна для беларускай мовы. „Матчынаю моваю“ завуць беларускую і тыя, з кім маці ўжо не гаварыла па-беларуску -- але зь ёю магла гаварыць ейная маці — і выраз у такім выпадку значыць ‘традыцыйна свая’. На расейскую ідыёма даслоўна не перакладаецца.
Швайцарцы на мовах не эканомяць
Выглядае, гэтых важных рэчаў ня ведалі і не ўлічылі сацыёлягі і дэмографы ў Беларусі. Укладаючы моўную частку анкеты, яны ня раіліся ані зь беларускімі сацыялінгвістамі, ані з мовазнаўцамі наагул.
У цывілізаваным сьвеце вывучэньне эвалюцыі моўных пытаньняў у перапісах даўно стала асобнай навуковай дысцыплінай. Сама наяўнасьць такіх пытаньняў залежыць ад патрэбаў краіны. Але пры складанай моўнай сытуацыі яны ёсьць, прычым у розных варыянтах, і грамадзтва ды навукоўцы горача іх абмяркоўваюць. Так, у Швайцарыі мове(-ам) рэспандэнта адведзена цэлая табліца, дэталізуюцца ня толькі мовы, якія ўжывае чалавек у розных сытуацыях, але і дыялекты (напр., ня проста француская, а мясцовая швайцарская patois).
Увага надаецца і псыхалягічнаму ды этычнаму аспэктам пытаньняў пра мову. УБэльгіі, як піша сацыялінгвіст Альбэрт Вэрдот у працы „Дэмаграфія мовы“, „ніколі не задавалася далікатнае пытаньне мовы маці ці мовы, якой гавораць дома“. У нас, выглядае, на далікатнасьць і неадназначнасьць некаторых пытаньняў не зважалі. Здаецца, не зважалі і на міжнародны досьвед.
Ведаць пра дармаедаў важней
Дзесяць гадоў таму, акрамя пытаньняў пра родную і хатнюю мову, было яшчэ пытаньне № 12: „Іншая(ыя) мова(ы), якой(імі) Вы свабодна валодаеце“. Важнае пытаньне, яно дазваляла ацаніць агульную колькасьць людзей, якія актыўна валодаюць беларускай мовай. Тых, хто назваў беларускую мову роднай і другой, сумарна было 6 340 054 чалавекі, або 66,71% насельніцтва — абсалютная бальшыня.
Але, насуперак чаканьням і патрэбам, моўная частка перапісу 2019 году яшчэ менш дэталізаваная. Пытаньня пра „другую мову“ няма, моўных пытаньняў засталося ўсяго два, прычым не дапасаваных да беларускай сытуацыі. Мо нехта хацеў бы, каб іх не было зусім?
Як адказваць „праўдзіва“?
Беларусь мае патрэбу ведаць усе аспэкты моўнай сытуацыі. Моўная самабытнасьць краіны найперш вызначаецца беларускай мовай, але яна, паводле UNESCO, ўжо апынулася на першай ступені пагрозы існаваньню.
Беларуская мова можа зьберагчыся на гэтай зямлі — пры ўмове вядзеньня разумнай і абгрунтаванай моўнай палітыкі. Важна ўведаць, наколькі нашы людзі сябе зь беларускай мовай атаесамляюць, г. зн. спытаць іх пра родную мову. Мы маем права адказаць „Мая родная мова — беларуская“ пра мову ідэнтычнасьці, мову як каштоўнасьць, мову, засвоеную праз пакаленьне, і ня быць закладнікамі русыфікацыі папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. Тыя, хто так адказаў, відавочна прыхільна паставяцца і да пашырэньня функцыяў беларускай мовы.
Дарэчы, калі вы расьлі ў зьмешаным моўным асяродзьдзі, нават калі бацькі былі тады з вамі пераважна расейскамоўныя, але вас гадавалі і бабуля-дзядуля на роднай гаворцы, — беларуская мова ў вас і фармальна сярод „першых засвоеных“.
А на пытаньне пра „хатнюю“ мову маеце права адказваць „беларуская“:
— і калі штодня гаворыце беларускай мовай літаратурнага стандарту,
— і калі размаўляеце мясцовай гаворкай,
— і калі пераключаецеся на беларускія фразы, калі ўжываеце беларускія ўстойлівыя выразы ў сям’і ды дзе заўгодна — вы беларускамоўны.
Бывае важна ведаць, калі і дзе чалавек засвоіў беларускую мову: ці непасрэдна ад бацькоў, ці ад старэйшых сямейнікаў, ці праз (сама)адукацыю ў сьвядомым узросьце. Падобна як гэта робяць у перапісах ва Ўэльсе ці Ірляндыі, пажадана высьвятляць, у якой ступені чалавек ужывае беларускую (пастаянна, рэдка, як асобныя ўключэньні ў іншамоўнае маўленьне). Пакідаць магчымасьць даць некалькі адказаў.
Але ў цяперашняй анкеце такіх пытаньняў і такіх варыянтаў адказаў няма.
Чыіх жа рэкамэндацыяў слухаліся?
Беларускія службоўцы ў 2009 годзе тлумачылі, што слухалі рэкамэндацыяў UNFPA — ААНаўскай арганізацыі для вывучэньня актыўнасьці насельніцтва, а сёлета спасылаюцца на парады Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў (КЭС) — часткі ААНаўскай структуры UNECE. Што ж, зробім fact checking.
Вось апошнія (2015 г.) рэкамэндацыі КЭС для перапісаў насельніцтва і жыльлёвага фонду (код дакумэнту ААН – ECE/CES/41). Там падкрэсьлена, што гэта менавіта парады, а не інструкцыі. Пункт 728: „Кожная краіна павінна вызначыць, якія з гэтых відаў інфармацыі ці іх варыянтаў важныя для задавальненьня яе ўласных патрэбаў...“. Для моўных пытаньняў перапісу міжнародная супастаўнасьць не павінна быць галоўным чыньнікам, галоўнае свае патрэбы, кажа ААН.
Пункт 723: „Шматмоўныя краіны..., магчыма, пажадаюць сабраць зьвесткі пра мовы, якія шырока ўжываюцца ў пісьмовай і вуснай практыцы, у якасьці дадатковага сродку аналізу культурнай самабытнасьці і інтэграцыі. ...Можа паўстаць неабходнасьць уключыць пытаньні аб выкарыстаньні афіцыйных моваў у сфэры заканадаўства ці палітыкі“.
Гэта ж адрасна сказана нам: Беларусь фактычна і фармальна шматмоўная. Але пытаньняў, якія б высьвятлялі ролю мовы ў рэалізацыі культурнай самабытнасьці, у перапісным лісьце няма.
Там жа стандартны мінімальны набор для збору моўных зьвестак:
а) Мова маці (у ангельскім арыгінале mother tongue, у расейскім перакладзе родной язык) — першая мова, якою гаварылі дома ў раньнім дзяцінстве.
b) Асноўная мова (main language / основной язык) — мова, якою асоба валодае найлепш.
c) Звычайная мова (usual language(s) / обычно употребляемый язык,-и) — найчасьцей ужываная дома і/ці на працы.
d) Веданьне мовы(-аў) — здольнасьць гаварыць і/ці пісаць на адной ці некалькіх пэўных мовах.
Белстат адсюль узяў толькі першае пытаньне ў спрэчным перакладзе, а трэцяе — часткова (здагадваемся чаму: надта б відавочная была б дыскрымінацыя беларускай мовы ў адукацыі і г. д.). ААНаўскія статыстыкі раяць краінам з складанай моўнай абстаноўкай пазначыць у перапісным лісьце, што можна даваць некалькі адказаў, і прадугледзець магчымасьць адказу ў свабоднай форме. І такога ў беларускім перапісным лісьце няма.
У пункце 731 прапануюць ахопліваць перапісам усе наяўныя ў краіне мовы аж да найдрабнейшых лінгвістычных групаў і рэгіянальных дыялектаў. І гэтага няма. Паколькі моўныя пытаньні могуць мець далікатны характар, варта папярэдне тэставаць іх з далучэньнем грамадзянаў, адчувальных на праблемы моўнай ідэнтычнасьці. Нічога падобнага ў Беларусі не рабілася.
А яшчэ міжнародныя арганізацыі раяць зьвяртацца да рэспандэнтаў на ўсіх мовах адпаведнай краіны ці тэрыторыі.
Такім чынам, з усіх разгалінаваных і абгрунтаваных рэкамэндацыяў КЭС-UNECE на моўную тэму былі ўзятыя толькі паўтара пытаньня. Прычым укладзеныя ў такую матрыцу, якая не дае выявіць ляяльнасьці да беларускай мовы. Значыць, рэспандэнты маюць права выявіць яе насуперак матрыцы.
Не пустыя лічбачкі
Зьвесткі перапісаў — адзіны афіцыйны дакумэнт са зьвесткамі пра моўную сытуацыю ў Беларусі. А паводле закону „Аб перапісе насельніцтва“, на выніках перапісаў грунтуюцца праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзяржавы. Значыць, і моўная палітыка — у адукацыі і ня толькі.
(Цяпер — наўрад ці. Але калі сытуацыя зрушыцца -— будзе мець вялікае значэньне, ці тры адсоткі, ці 30%, ці 60% беларусаў сьведчаць сваю беларускамоўнасьць.)
Зьвесткі перапісаў ідуць у міжнародныя дасье. Аналітыкі і палітыкі, прымаючы стратэгічныя рашэньні, улічваюць і моўную спэцыфіку краін. (Памятаю візыт беларускіх дэмакратычных дзеячоў у Эўрапейскую Камісію, калі нам, не спытаўшыся, далі расейскую перакладніцу. І высокі службовец ЭК не прамінуў нагоды ўшчуць: маўляў, вы кажаце, што Беларусі рызыкоўна быць у надта блізкіх дачыненьнях з Расеяй, але ж вы з Расеяй гаворыце адной мовай, вось і перакладаюць вам на расейскую!)
Пакуль тых, каму беларуская мова родная, фармальная большасьць, маем падставу і спадзеў вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай. Маем грунт на міжнародным роўні дамагацца правоў для беларускае мовы: у таварнай інфармацыі, у міжнародных дачыненьнях, у скіраваных на Беларусь мэдыя. Урэшце, ніхто не ўсумніцца ў нашым, як асобнага народу, праве на дзяржаўнасьць.
У 1999 годзе паводле перапісу 74% жыхароў краіны лічылі роднай беларускую мову. Прычым гэтая лічба была ўзрасла ў параўнаньні з 1989-м. А вось у перапісе 2009 году ўжо толькі 52%. Яшчэ бальшыня, але хісткая. Вынікам жа цяперашняга перапісу можа быць наша ператварэньне ў меншасьць на ўласнай зямлі.
А побач пільны інспэктар, якога зьяўленьне абшару з ужо і фармальна расейскамоўнай большасьцю можа натхніць на геапалітычныя імправізацыі. І паглядзім на лёс удмурцкай мовы, абаронца якой Альберт Разін нядаўна ў роспачы ад беспрасьвецьця спаліў сябе на прыступках будынку ўлады.
Нагадаю таксама азбучную рэч з сацыяльнай псыхалёгіі. Быць у бальшыні, далучацца да яе лёгка. А ў меншыні быць некамфортна, толькі найбольш зацятыя і матываваныя людзі гатовыя ў ёй заставацца.
Ці сфальсыфікуюць? Зьвесткі перапісу апрацоўваюцца паводле добрай сотні індыкатараў, бальшыня якіх для ўлады мае не палітычнае, а эканамічнае значэньне. Прычым нацыянальны ровень павінен карэляваць з рэгіянальнымі аж да вёскі, зьвесткі мусяць публікавацца ў фармаце электроннай табліцы. Працы дапамагаюць міжнародныя структуры. Ня думаю, што тут тэхнічна магчымы ўзровень фальсыфікацыяў, сувымерны з выбарчымі. Таму варта адказваць. (Мо не на ўсё: на гэтае пытаньне —
— няхай здымаюць дэтэктыўны сэрыял кіношнікі, а я шукаць занзібарскага шпіёна пад канапай ня буду.)