Міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі заявіў на канале TVP Info, што Польшча мае сродкі, каб збудаваць атамную электрастанцыю, і падкрэсьліў: «Мы можам зрабіць гэта самі».
Пытаньне будаўніцтва АЭС апынулася ў цэнтры ўвагі пасьля публікацыі выданьня Dziennik Gazeta Prawna, якое, спаслаўшыся на свае крыніцы, паведаміла, што для ажыцьцяўленьня гэтай інвэстыцыі разглядаюцца дзьве мясцовасьці ў Паморскім ваяводзтве — Любятова-Капаліна і Жарновец. Аднак невядома, у прыватнасьці, як будзе фінансавацца будаўніцтва і ў супрацы зь якімі краінамі яно мела б адбывацца.
У праграме «Мінула 20-я» TVP Info міністра спыталі, з кім Польшча пабудуе станцыю, прычым было выказана меркаваньне, што гэта могуць быць французы ці кітайцы.
«Будавацьмем самі, маем на гэта грошы, зможам яе пабудаваць, калі будзе прынятае такое рашэньне», — адказаў Тхужэўскі.
Аднак ён падкрэсьліў, што пакуль у пытаньні будаўніцтва АЭС «гэта толькі ягоная думка, што належыць яе збудаваць».
«Патрэбнае рашэньне на ўрадавым роўні, гэта інвэстыцыя на мільярды злотых, і мы штораз больш набліжаемся да гэтага ўрадавага рашэньня, палітычна-эканамічнага рашэньня», — сказаў міністар.
На мінулым тыдні міністар энэргетыкі паведаміў, што інфармацыя пра разьмяшчэньне АЭС цалкам правільная, але ідуць дасьледаваньні асяродзьдзя (іх вядзе кампанія PGE EJ1), і толькі па іх заканчэньні будзе прынятае канчатковае рашэньне.
Будаўніцтва першай польскай атамнай электрастанцыі ў Жарноўцы пад Гданьскам было пачатае ў 1983 годзе, але спынілася ў 1989 годзе пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС і хвалі пратэстаў. Афіцыйна будаўніцтва спынілі таксама праз сумневы ў рэнтабэльнасьці параўнальна з традыцыйнымі электрастанцыямі, а таксама пытаньні з энэргетычным балянсам. Але з таго часу польскія палітыкі пэрыядычна прапануюць або дабудаваць АЭС у Жарноўцы, або збудаваць станцыю на новым месцы.