Будаўніцтва першай польскай атамнай электрастанцыі ў Жарноўцы пад Гданьскам было пачатае ў 1983 годзе, але спынілася ў 1989 годзе пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС і хвалі пратэстаў. Афіцыйна будаўніцтва спынілі таксама праз сумневы ў рэнтабэльнасьці параўнальна з традыцыйнымі электрастанцыямі, а таксама пытаньні з энэргетычным балянсам.
Але з таго часу польскія палітыкі пэрыядычна прапануюць або дабудаваць АЭС у Жарноўцы, або збудаваць станцыю на новым месцы.
Міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі, які называе сябе прыхільнікам будаўніцтва АЭС, заяўляў у траўні, што рашэньне аб АЭС можа быць прынятае ўжо да канца 2017 году, але дакладна не пазьней за 2020 год. У бліжэйшыя 30–40 год Тхужэўскі хацеў бы бачыць у Польшчы да трох атамных станцыяў.
Ужо ў жніўні Міністэрства энэргетыкі Польшчы заявіла, што рыхтуе 10-гадовую праграму будаўніцтва АЭС магутнасьцю 1000 МВт (для параўнаньня, праектаваная магутнасьць БелАЭС — да 2400 МВт), але не адмаўляецца і ад плянаў будаўніцтва вугальных цеплаэлектрастанцыяў.
Выданьне Dziennik Gazeta Prawna 3 жніўня паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы, што рашэньне будаваць АЭС прынятае. Але яшчэ ня вырашана, на якія грошы яна будзе будавацца і паводле чыіх тэхналёгіяў: паводле газэты, Міністэрства фінансаў за францускія тэхналёгіі, Міністэрства энэргетыкі за карэйскія і кітайскія. Тэхналёгія мае быць вызначаная тэндэрам, азіяцкая можа справакаваць праблемы з сэртыфікацыяй на эўрапейскім рынку энэргіі.
Будаўніцтва АЭС папярэдне ацэньваецца ў 16 млрд злотых — каля 4,45 млрд даляраў (на БелАЭС ужо патрацілі 2,5 млрд, на яе ёсьць крэдыт ад Расеі на суму да 10 млрд даляраў). Тхужэўскі выключыў фінансаваньне будаўніцтва зь дзяржаўнага бюджэту ці праз кантракты на гарантаваную цану электрычнасьці. Але ў 2011 годзе паведамлялася, што праект АЭС ацэньваўся ў 30 млрд даляраў.
Тымчасам Польшча адмовілася купляць электрычнасьць зь БелАЭС, калі тая будзе дабудаваная: яна далучылася да літоўскага байкоту праз сумневы ў бясьпецы станцыі, якую будуе расейскі «Росатом».
Дзе хочуць будаваць
Экалягічныя дасьледаваньні праводзяцца на дзьвюх пляцоўках: Любятова-Капаліна ў гміне Хачэва і Жарновец у гміне Пуцк, дзе ўжо пачыналі будаваць АЭС. Абедзьве пляцоўкі — на поўначы Польшчы, на кашубскіх землях каля Гданьску.
Шчыльнасьць насельніцтва менавіта ў раёне пляцовак сярэдняя, але за 30-60 км ад Жарноўца знаходзіцца аглямэрацыя, вядомая ў Польшчы як «Trójmiasto» — лучнасьць Гданьску, Гдыні і Сопата, адзін з самых густанаселеных раёнаў Польшчы, дзе жыве каля 750 тысяч чалавек.
Пляцоўкі знаходзяцца прыблізна за 150 км ад Калінінграду (на іншым ад яго беразе Гданьскай затокі), за амаль 400 км ад беларускай Горадні.
Месца будаўніцтва Жарновецкай АЭС: