Варшава ня мае намеру закупляць у будучыні энэргію зь Беларускай АЭС і лічыць гэты праект небясьпечным, заявіў у інтэрвію расейскаму агенцтву «Новости» міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.
«Мы ня зьменім нашага меркаваньня аб куплі энэргіі з гэтай атамнай станцыі. Я думаю, што ў аснове яе ляжаць небясьпечныя тэхналёгіі, а адсутнасьць бясьпекі прывяла да Чарнобылю. Таму мы супраць гэтай АЭС, мы не зьбіраемся супрацоўнічаць і купляць яе энэргію», — сказаў міністар.
«У нас іншае меркаваньне», — дадаў Вашчыкоўскі ў адказ на камэнтар расейскага журналиста пра тое, што МАГАТЭ лічыць праект бясьпечным.
Тым часам міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі заявіў на канале TVP Info, што Польшча мае сродкі, каб збудаваць атамную электрастанцыю. «Мы можам зрабіць гэта самі», — сказаў міністар.
Пытаньне будаўніцтва станцыі апынулася ў цэнтры ўвагі пасьля публікацыі выданьня «Dziennik Gazeta Prawna» («DGP»), якое, спаслаўшыся на свае крыніцы, паведаміла, што для ажыцьцяўленьня гэтай інвэстыцыі разглядаюцца дзьве мясцовасьці ў Паморскім ваяводзтве — Любятова-Капаліна і Жарновец.
Маем на гэта грошы.
Аднак невядома, у прыватнасьці, як будзе фінансавацца будаўніцтва і ў супрацы зь якімі краінамі яно мела б адбывацца. На TVP Info міністра спыталі, з кім Польшча пабудуе станцыю, прычым было выказана меркаваньне, што гэта могуць быць французы ці кітайцы.
— Будавацьмем самі, маем на гэта грошы, зможам яе пабудаваць, калі будзе прынятае такое рашэньне, — адказаў Кшыштаф Тхужэўскі.
Аднак Тхужэўскі падкрэсьліў, што пакуль у пытаньні будаўніцтва АЭС «гэта толькі ягоная думка, што належыць яе збудаваць».
— Патрэбнае рашэньне на ўрадавым роўні, гэта інвэстыцыя на мільярды злотых, і мы штораз больш набліжаемся да гэтага ўрадавага рашэньня, палітычна-эканамічнага рашэньня, — зазначыў міністар.
На мінулым тыдні міністар энэргетыкі паведаміў, што інфармацыя «DGP» пра разьмяшчэньне АЭС цалкам правільная, але ідуць дасьледаваньні асяродзьдзя (іх вядзе кампанія PGE EJ1), і толькі па іх заканчэньні будзе прынятае канчатковае рашэньне.
***
Беларуская АЭС будуецца паводле расейскага праекту АЭС-2006 за 18 кілямэтраў ад Астраўца і за 50 кілямэтраў ад Вільні. Яна мае складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны.
Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, кошт будоўлі можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, што гарантуе самую бясьпечную АЭС і завершыць будаўніцтва ў тэрмін.
15 чэрвеня 2017 году парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.