Па-беларуску заглыбленае ў зямлі памяшканьне са сьценамі для захоўваньня прадуктаў мае некалькі назваў. Самыя пашыраныя — склеп, пограб, лёх.
У пэўных гаворках яны суіснуюць, у іншых пануе нейкае адно слова. На Віленшчыне і ў ваколіцах Менску гэта склеп, на Заходнім Палесьсі звычайнае слова — лёх, а на Магілёўшчыне і большай частцы Гомельшчыны — акурат пограб.
Склеп і пограб — сынонімы, але ня ўсюды
У сучаснай літаратурнай мове гэта сынонімы. Але ў Насовіча (1870) яны розьніліся матэрыялам: склеп саліднейшы за пограб, бо мураваны.
У гаворках часам асобную спаруду і схоў пад домам разьмяжоўваюць (як на Нясьвіжчыне): пограб у хаце, склеп асобна на вуліцы.
Ёсьць варыянты назвы: поргаб; падпольле (або пóдпал) — гэта толькі ў хаце; урэшце, проста яма (невялікая — кот улезе, чалавека не засунеш).
Спэцыялізаваныя — вінныя і парахавыя — у нас толькі склепы, склепікі (і ня блытайма з скляпеньнем — гэта перакрыцьце).
Піўніца ў сутарэньні — нармальна. Абы ня ў лёху!
А піўны склеп мае даўнюю асобную назву піўніца. Зрэшты, нашыя продкі ў эпоху ВКЛ ужывалі слова яшчэ шырэй. Яно мела тры значэньні: першае — тое ж, што і склеп:
„У піўніцы бочак піўных дваццаць, воцтавых з воцтам дзьве, кадзей капусных дванаццаць, вушаткаў шэсьць, вёдзер дзьве, дзеж хлебных дзьве“, — так у 1590 годзе моваю сухіх дакумэнтаў апісваецца дворскі дабрабыт.
Як бачым, для продкаў важна, каб у склепе было піва.
Другое і трэцяе значэньні — 'піўны бровар' і 'піўная карчма'. Значыць, апошнім сёньня даюць камэрцыйныя імёны „Піўніца“ невыпадкова.
Ёсьць архітэктурныя дадаткі да пограбу/склепу, якія маюць свае назвы: прыгрэбнік — прыбудоўка перад уваходам у склеп; а яшчэ „надбудову над пограбам у нас называюць паграбнёй“ (Быхаў).
Сутарэньне — слова шырэйшага значэньня: „нулявы паверх“ (паводле звыклай для нас нумарацыі) увогуле, падвал.
А лёх (лёха) азначае падземны ход, нару, але і склеп таксама. Праўда, у беларускай літаратуры ў лёхі кідалі вязьняў. У Міхася Машары, у сацыяльнай паэме „Мамчына горка“ (Вільня, 1936), граф пасадзіў Янку ў „цёмную лёху“за злачыннае каханьне да графянкі. Але вартаўнікі не ўпільнавалі лёх:
Можа, чары хто кінуў на іх,
апаілі мо зельлем благім?
Гэты лёх вартавалі ўтраіх
і заснулі адзін за другім.
Беларускі пограб: толькі пазытыў!
У расейскай мове слова погреб словаўтваральна блізкае „погребению“. (Зрэшты, і беларускае слова склеп часам значыць ‘падземнае памяшканьне для дамавінаў’.)
Паводле Даля, слова погреб мела там у даўніну значэньне ‘цямніца, турма’. Яшчэ погреб ёсьць у крымінальным арго, дзе азначае доўгую кішэню на ўсю калашыну, куды злодзей-кішэньнік хавае здабычу.
А вось беларускі пограб дадатковай адмоўнай сэмантыкі ня мае. Гэта сымбаль ня толькі спакойнага дабрабыту, але і асабістай свабоды, прыватнай уласнасьці. І нават лятэнтнага супраціву сыстэме.
У аповесьці Якуба Коласа „Адшчапенец“ (1932), насуперак яе афіцыйна заяўленаму калектывізатарскаму патасу, адчуваецца пакрыёмая сымпатыя да ўпартага беларуса:
Чыкілевіч раней за ўсіх адчуў подыхі небясьпекі... Хоць у яго і былі некаторыя надзеі, што калектывізацыя не адбудзецца або пойдзе нейк іншым шляхам, ён тым ня меней на ўсякі выпадак прымаў свае меры. Яшчэ з восені выкапаў ён патайны паграбок у сваёй клуні і ў гэтым паграбку хаваў кубел сала, дзьве кадушачкі крупы і іншы свой скарб. Быў у яго добры япрук, і ён закалоў яго нядаўна. Каб людзі ня ведалі аб гэтым, (...) Чыкілевіч асмаліў япрука ў пограбе...
Поруб як кар’ерны трамплін
Фраза „пасадзіць у пограб“ у кожнага, хто чытаў школьны падручнік гісторыі, а пагатоў у выпускніка гістарычнага факультэту асацыюецца з выразам „пасадзіць у поруб“. Порубам у Кіеве называлася зрубная вязьніца ў зямлі, нават безь дзьвярэй, а пасадзілі туды нашага Ўсяслава Чарадзея. (Слова і цяпер бытуе ў пскоўскіх і цьверскіх гаворках — са значэньнем ня толькі ‘зруб’, але і ‘пограб’.)
Вось жа таму са словам поруб у беларускім патрыятычным гістарычным дыскурсе трывала зьвязаны трыюмф народнага правадыра: у 1068 годзе кіяўляне паўсталі, вызвалілі Ўсяслава з таго самага порубу/пограбу і паставілі над сабою княжыць. А потым ён вярнуўся на Полацкі пасад.
Дзякую ўдзельнікам суполкі „Толькі пра мову“ у ФБ, якія падзяліліся ведамі пра назвы гэтага аб’екту ў сваіх мясьцінах.