Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Склеп і скляпеньне


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Часам мяшаюцца ў сучасным літаратурным ужытку два аднакаранёвыя, але розныя значэньнем назоўнікі – склеп і скляпеньне. “Першы паверх, – піша аўтар гістарычнай манаграфіі, – займалі збраёўня, сядлярня, жыльлё абслугі, кладоўка. Ніжэй былі скляпеньні”. Аўтар, відавочна, меў на думцы падземныя памяшканьні, скляпы, але напісаў пра скляпеньні. Крыніцы аўтэнтычнай беларускай мовы скляпеньня ў значэньні склепу, падзямельля, лёху не фіксуюць. Па-беларуску скляпеньне – гэта дугападобнае перакрыцьце, канструкцыя, якая злучае сьцены, апоры будовы. Скляпеньні бываюць драўляныя й цагляныя, каменныя, бэтонныя, жалезабэтонныя; высокія й нізкія; скляпеньні ў печы, склепе, бажніцы. “Нізкае скляпеньне ў пограбе далі: згінацца трэба”, – такую ілюстрацыю да назоўніка скляпеньне падае ў сваім слоўніку беларускай мовы Іван Насовіч. Ужываецца скляпеньне і ў пераносным сэнсе – як ‘небасхіл’. “Люблю і я скляпеньне зор”, – чытаем у паэзіі Алеся Гаруна. У дыялектнай мове скляпеньне вядомае таксама ў значэньні верхняй часткі ротавай поласьці – паднябеньня.

Варта заставацца пры традыцыйных значэньнях скляпеньня. Памятайма: крывалінейнае пакрыцьцё будовы называецца скляпеньнем, падземнае памяшканьне – склепам, падвалам, сутарэньнем, лёхам (лёхаю). Гаворым па-беларуску, да прыкладу, пра нізкае скляпеньне сутарэньня, падвалу, пра велічнае, узьнесенае ў неба скляпеньне храму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG