Пра слова „ператрус“ і сынонімы ў 2004 годзе пісаў Юрась Бушлякоў. Ягонае ўспрыманьне гэтых словаў у сучаснай мове збольшага пацьвердзілася часам.
Аднак варта сёе-тое дадаць.
Вобыск
Магчыма, гэта нечакана для сучасных беларускамоўных, але слова вобыск было ў старабеларускай мове стабільным юрыдычным тэрмінам: ѡбыискъ вчинити (чытаем як вобыйск учыніці, Статут ВКЛ 1566 году). Аднакаранёвыя: іскаці (у тым ліку ў значэньні 'дамагацца свайго' — іскаці помсты), абыскаці.
Як лічаць этымолягі, ужо ў новы час слова вобыск паўторна зьявілася ў беларускай мове як пазычаньне з расейскай. Яго ўжывалі клясыкі міжваеннага пэрыяду (Колас, Зарэцкі, Мрый — як правіла, у жандарска-міліцэйскім значэньні), было яно ў тэрміналягічных слоўніках Інстытуту беларускае культуры ў 1920-я гады. Але аўтарытэтны слоўнік С. Некрашэвіча і М. Байкова не дае яго сярод адпаведнікаў расейскаму „обыску“.
Прычына ў тым, што цягам стагодзьдзяў дзеяслоў „іскаць“ у беларускай мове зьмяніўся іншым — „шукаць“. Слова „іскаць“ або „іскацца“ ў некаторых гаворках бытуе толькі ў адным спэцыфічным значэньні — ‘шукаць у галаве вошай’ (праўда, у полацкіх гаворках наадварот — менавіта „шукаць“ пра вошай, як сьведчыць Пётра Садоўскі). У выніку слова вобыск засталося без словаўтваральнай падтрымкі.
Вобшук
Параўнальна новае слова ў беларускай мове, яго няма ў слоўніках. Але ўжываецца ў інтэрнэт-прасторы ў пяць разоў часьцей, чым вобыск. Знойдзем яго ў аўтараў дыяспары і ў Караткевіча, яго рэкамэндаваў знаўца культуры мовы Алесь Каўрус. Праўда, вобшук выглядае на кальку з вобыску, дзе корань заменены на звыклы для сучаснае мовы.
Пры гэтым дзеяслоў абшукаць — даўні, шырока ўжываны, зафіксаваны ў слоўніках. Таму і слова вобшук не ўспрымаецца як чужароднае. Пра нюансы яго значэньня ў сучаснай жывой мове — назіраньне Сяргея Дубаўца , які перачытаў шмат дакумэнтальных сьведчаньняў пра падзеі 2020 году:
Цікава, як арганічна беларуская мова разьвяла паняткі „вобшук“ і „ператрус“. Першы — пэрсанальны, а другі — у кватэры, офісе або камэры. А па-расейску толькі „обыск“.
І сапраўды ж: пра чалавека хутчэй скажам „яго абшукалі“, а ператрасаюць пакой.
Ператрус
Ператрэсьці, ператрусіць — даўнія народныя дзеясловы. Першае іх значэньне будаўнічае: ператрэсьці хату значыла перабраць, перабудаваць. Але здаўна, а цяпер і пераважна яны азначаюць 'шукаць, усё трасучы і перакульваючы':
Яго абшукалі, ператрэсьлі ўсе кішэні, вельмі ўважліва перагледзелі ўсе паперачкі, якія ў яго знайшліся, забралі ўсе грошы (Якуб Колас)
Ператросшы хату, гарышча, усе сутарэі ў ёй, яны не дагадаліся адсунуць у сенях дошку [за якой быў схрон] (В. Адамчык)
Адпаведны назоўнік у гаворках мае форму ператрус, ператруска, трус, труска, трýхі (так у Цішкі Гартнага). Але як асноўны варыянт замацаваўся ператрус. Яго фіксуюць Польска-беларускі слоўнік Я. Волкавай і В. Авілавай (2005, афіцыйны правапіс), Ангельска-беларускі слоўнік В. Пашкевіч (2006, клясычны правапіс).
Думаю, што народнае слова ператрус вельмі яскрава перадае сутнасьць і фізычныя характарыстыкі рытуалу. Частотнасьць ужываньня слова ператрус (як і слова хапун) моцна вырасла апошнімі гадамі. Пра што нам і нагадваюць разам зь Лявонам Вольскім народныя пэрсанажы Саўка ды Грышка:
Заўжды нам пагражае
Хапун ці ператрус
У дзіўнай той дзяржаве
Пад назвай Беларусь.
Паводле Google, слова ператрус сустракаецца ў інтэрнэт-прасторы 103000 разоў — на парадак часьцей, чым вобшук. Некаторыя чытачы сацыяльных сетак нават прапаноўвалі ператрус у якасьці „Беларускага слова году“ 2021 і 2022 гадоў. Але яго ня выбралі, і добра. Бо гэтае слова абавязкова вернецца ў сваю нішу — як звычайны юрыдычны працэдурны тэрмін.
«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.