Гэта слова расейскага крымінальнага арго. Перакладаць яго добрым словам бязьмежжа нельга. Калісьці ў ВКЛ змагаліся з сваволяй — нават калі яе чыніў той, хто меў уладу. Прыдатныя і іншыя словы — самаволя, бясчынства, бяспраўе.
Сьцісла:
- „Беспредел“ — расейскі крымінальны аргатызм, азначае невыкананьне правілаў злачыннага сьвету — „паняцьцяў“.
- У Расеі слова „беспредел“ пранікла ў літаратурную мову, да яго прывыклі, яно стала знакам эпохі.
- Слова бязьмежжа — не „беспредел“, а сіняе бязьмежжа — гэта не „беспредел синих“. Бязьмежжа — слова ўзьнёслае, паэтычнае.
- Патрэбнае слова знаходзім у дакумэнтах судоў і Статутаў Вялікага Княства Літоўскага: сваволя.
- За сваволю — дэманстратыўную непавагу да закону — жорстка каралі нават вяльможаў.
- Разьмяжоўваем. Сваволя — дзікая, нахабная, годная кары. Свавольства — бяскрыўднае, дзіцячае.
- Іншыя словы, якімі называюць крайняе беззаконьне, — бясчынства, бяспраўе, самаволя.
- Ёсьць і наватворы для будучага беларускага турэмнага жаргону, напрыклад безьмяжак.
Як мы ведаем, цяпер тым, хто de facto камандуе сілавымі структурамі дзяржавы, „не да законаў“.
Калі замест закону пануе прыхамаць, а паслушэнства дамагаюцца пагрозамі і расправамі, — у сучаснай расейскай мове скажуць: „беспредел“. Што слова значыць, адкуль пайшло, як перакласьці на беларускую?
Што такое „беспредел“
Гэтае слова з расейскага крымінальнага арго. Там азначае невыкананьне правілаў злачыннага сьвету — „понятий“, а таксама групу „блатных“ вязьняў, якая не трымаецца „воровского закона“ (гл. „Словарь тюремно-лагерно-блатного жаргона“ Д. Балдаева і суаўтараў).
Як і многія турэмныя аргатызмы ў Расеі, слова „беспредел“ цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў праз вульгарнае прастамоўе пранікла ў літаратурную мову, стала агульнанародным — і знакавым. Да яго прывыклі. У 1994 годзе маскоўская газэта «Сегодня» прызнала, што гэта «уголовный, но прочно укоренившийся в нашей жизни термин», а ў 1997-м тамтэйшае выданьне «Известия» канстатавала: „Так и уйдет наш век, произведя на свет главное свое фирменное слово «беспредел»“.
І ў расейскай „фені“, і ў расейскай мове ў цэлым яно ўжо мае і шырокае значэньне — усякае беззаконьне і самаўпраўства.
Сіняе бязьмежжа — гэта не „беспредел синих“
Вельмі часта ў тэкстах па-беларуску гэтую сытуацыю — калі няма ніякіх правілаў і тармазоў, маралі і законаў — спрабуюць перадаць словам бязьмежжа. Мо таму, што такі пераклад навязвае гугальтрансьлейт? Бязмозглы робат проста фіксуе кальку: рас. „предел“ адпавядае беларускай „мяжы“, ну то няхай і будзе „бязьмежжа“. Але так калькаваць крымінальны аргатызм некарэктна. Гэта няўдалая спроба надаць жывому беларускаму слову пад чужым уплывам зусім іншае значэньне і процілеглую эмоцыю.
У нашай мове бязьмежжа — слова ўзьнёслае, высокага стылю. „Тлумачальны слоўнік беларускай мовы“ дае два яго значэньні: ‘бязьмежная прастора’ і ‘надзвычайная глыбіня, сіла выяўленьня чагосьці’. Слова бязьмежжа — неад'емная частка нашай паэтычнай і філязофскай традыцыі: „Паэзія Купалы арыентавалася на духоўнае бязьмежжа нацыянальнага быцьця“ (В. Бечык). Ці праграмны верш выдатнага паэта і мысьляра Алеся Разанава:
БЯЗЬМЕЖЖА
Палову жыцьця падаюся ў сьвет, палову — варочаюся са сьвету,
палову жыцьця пішу на дарозе свае імёны,
палову — закрэсьліваю напісанае,
палову жыцьця расту ад зямлі, палову — расту зь зямлёю:
і ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш бязьмежжа.
Ясна, што Разанаў меў на ўвазе зусім не „беспредел“, які ўлазіць у душу, як той „чужы“ з галівудзкіх жудзікаў. А паэтычнае сіняе бязьмежжа — гэта зусім не „беспредел синих“ („синие“ — крымінальная група з рэцыдывістаў або тое, што і „воры в законе“).
Продкі ведалі: нельга дапускаць сваволі
Як жа назваць па-беларуску, не па-лягернаму, беззаконьне і „адвязнасьць“?
Маем даўнюю традыцыю праўнай дзяржавы і вяршэнства закону, а значыць, патрэбнае слова мусіць быць у дакумэнтах судоў і Статутаў Вялікага Княства. І гэтае слова — сваволя.
Статуты ВКЛ замацавалі права паспалітае, каб не дапускаць сваволенства людзкага. І гэтым правам кіраваліся ўсе суды.
Цытаты з судовых пастановаў шматвекавой даўніны — на дзіва актуальныя. Копны суд караў злачынцу за
„свавольнае, ґвалтоўнае і бяспраўнае біцьцё, страляньне і разагнаньне людзей з капы“ (1594),
а Галоўны трыбунал ВКЛ разьвязваў пытаньне радыкальна:
Мы, суд, забягаючы таму, абы ся такавая віяленцыя права паспалітага, сваволя, эксцэса ... ня дзеяла, прарачоных паноў ... на горла сьцяцьцем ... усказуем (1684)
Значыць, сваволя — гэта ламаньне агульнапрынятага закону; каб спыніць гэтую „эксцэсу“, пералічаных паноў наказваем пакараць горлам, ня менш!
Слова сваволя няма ў афіцыйных слоўніках савецкага канону. Між тым так казалі пра надзвычайную беззаконнасць клясыкі ХХ стагодзьдзя — напр. Максім Гарэцкі. У іншых творцаў гэтае слова, бывала, азначала толькі задзірыстую непакору: п'яны вечар сваволі-траўня (Уладзімер Дубоўка).
Аднак цяпер гэтыя два значэньні ў розных словаў: дзікая сваволя (напрыклад, надзеленых бязьмежнай уладай) vs бяскрыўднае свавольства (напрыклад, дзіцячае; розьніцу зазначыў яшчэ Іван Насовіч у слоўніку 1870 году).
Чыннасьць і бясчынства
Мець назву для крайняга беззаконьня вымагае наша рэальнасьць. Бытуюць некалькі словаў. Сяргей Дубавец бачыць такім словам бясчынства — як процілегласьць чыннасьці — станоўчаму дзеяньню.
Разам з тым ёсьць расейскае слова „бесчинство“. Па-расейску чин азначае найперш парадак (параўн. всё чин-чинарём, чинить ‘рамантаваць’, классный чин). Антонім такога чина — бесчинство.
У беларускай значэньні слова чын блізкае, але ня тоеснае. Беларускі чын паступова стаў азначаць найперш ‘спосаб’, ‘дзеяньне’ — станоўчае ці адмоўнае (адсюль — такім чынам, учынак, Слуцкі збройны чын, дабрачыннасьць і злачынства).
У старабеларускай мове бясчынства (бясчыньне, бясчыннасьць) азначала адсутнасьць парадку, а таксама непрыстойнасьць. Потым словы гэтыя пару разоў бачым у літаратуры XIX стагодзьдзя у значэньні ‘бязьдзейнасьць’:
Будзя Рэчпасполiта , калi слава тая —
заўжды зь ляўраў яе дзерава вольнасьць вырастае.
Толькі жаль, што нам — ах! — так цягнуцца леты
у бясчыннасьцi! А ад нас так далёка прыяцелi гэты!
(А. Ельскі, пераклад „Пана Тадэвуша“)
У міжваенны час слова бясчынства было рэдкім. Прычым, скажам, Андрэй Мрый ужывае яго ў значэньні ‘фрывольныя забавы’. Масава вярнулася яно пасьля вайны ў значэньні, фактычна тоесным расейскаму.
Бяспраўнікам павінна займацца не ДАІ
Укладальнік юрыдычнага слоўніка Ігар Буяльскі лічыць прыдатным тут слова бяспраўе. У старабеларускай мове права гэта закон, а закон — рэлігійная традыцыя, канфэсія, ордэн. У ВКЛаўскую эпоху жылі словы бяспраўе ‘беззаконасьць, несправядлівасьць, самавольства’, бяспраўнік ‘чалавек, які чыніцьнесправядлівасьць’, бяспраўны ‘незаконны, самавольны’.
Яшчэ адзін прыклад, каб павучыцца ў продкаў праўнай культуры:
...Панове ваяводы, старасты і дзяржаўцы чэраз то ня маюць ... у вязеньне бяз слушных прычын і бяспраўне вас сажаці. (1544)
Слова бяспраўе добра пасавала б „беспределу“, але ў ХХ стагодзьдзі не без уплыву расейскай мовы яго значэньне зьмянілася, яно найперш азначае адсутнасьць у бяспраўнага чалавека правоў.
Няпраўства і безьмяжак
У перакладных слоўніках клясычнае пары былі такія адпаведнікі расейскім словам, сугучным „беспределу“:
рас. бесчинство — бел. сваволя, непарадак; нелад, буянства
рас. произвол — бел. самавольства, самаволя, сваволя
рас. самочинство — бел. самавольства, сваволя
Гэта акадэмічны слоўнік С. Некрашэвіча і М. Байкова 1928 году. Як бачым, для ўсіх трох расейскіх словаў яны бачылі адпаведнікам сваволю. Падобна браты Гарэцкія ў сваім слоўніку.
А Вацлаў Ластоўскі аддаваў перавагу слову самаволя і аднакаранёвым. Яшчэ ў яго ёсьць бяспраўе і няпраўства.
Пераклад з расейскай літаратурных твораў, насычаных „феняй“, — асобная тэма, слоўнікі не дапамогуць. Часам перакладнікі ствараюць адпаведнікі расейскім крымінальным аргатызмам, як наватвор безьмяжак (Сяргей Шупа). А расейскага беспредельщика (больш літаратурнае самодур) можна назваць беларускім народным выразам кручаны.
***
У кожным разе маем выбар варыянтаў назвы для дэманстратыўнага беззаконьня: сваволя, самаволя, бясчынства, бяспраўе ці няпраўства. Але галоўнае, каб яно сышло з нашай зямлі назаўсёды.