Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі прысуды украінцу і двум беларусам, якіх вінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на чыгунцы


Менскі гарадзкі суд, ілюстрацыйнае фота
Менскі гарадзкі суд, ілюстрацыйнае фота

У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуд грамадзяніну Ўкраіны Івану Ліхалату і беларусам Барысу Пухальскаму і Івану Бародзічу, якіх раней назвалі «агентамі СБУ» і абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на чыгунцы, паведамляе прэс-служба Генэральнай пракуратуры.

Паводле сьледзтва, абвінавачаныя на працягу 2023 году нібыта ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі ўкраінскіх спэцслужбаў, зьбіралі для іх «цікавыя зьвесткі», а таксама нібыта на заданьне СБУ Пухальскі і Ліхалат «зьдзейсьнілі спробу падрыву на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне».

У выніку іх абвінавацілі паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • Пухальскага і Ліхалата абвінавацілі ў «замаху на акт тэрарызму» (па ч.1 арт.14, ч.3 арт.289 Крымінальнага кодэксу) і «замаху на прывядзеньне ў непрыдатнасьць сродкаў чыгуначнага транспарту» (ч.1 арт.14, ч.4 арт.309 КК),
  • Пухальскага дадаткова абвінавацілі ў «незаконным абароце выбуховых прыстасаваньняў» (ч.4 арт.295 КК) і і «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК),
  • Ліхалата — у «агентурнай дзейнасьці» (арт.358-1 КК),
  • Бародзіча — у «здрадзе дзяржаве» і «неданясеньні пра плянаваныя і рыхтаваныя злачынныя дзеяньні (ч.1 ст.356 і ч.2 ст.406 КК).

Судовая калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда прызначыла абвінавачаным па сукупнасьці злачынстваў «пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 11 да 25 гадоў», гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры. Якія менавіта тэрміны прызначылі Івану Ліхалату, Барысу Пухальскаму і Івану Бародзічу, у пракуратуры не ўдакладнілі.

Івана Ліхалата і Івана Бародзіча затрымалі ў Горадні ў верасьні 2023 году.

Як раней паведамлялі сьледчыя, Івану Ліхалату 32 гады, ён этнічны ўкраінец, нарадзіўся ў Горадні, мае грамадзянства Ўкраіны. Сілавікі сьцьвярджалі, што ў 2012–2013 гадах Ліхалат служыў у выведным падразьдзяленьні УСУ, потым вярнуўся ў Горадню. Паводле сьледзтва, Ліхалат нібыта выйшаў на кантакт з СБУ і на яе загад далучыў да падрыхтоўкі тэрактаў на чыгунцы знаёмых гарадзенцаў Барыса Пухальскага, таксама этнічнага ўкраінца, і беларуса Івана Бародзіча.

Пухальскага, паводле сілавікоў, нібыта затрымалі пасьля таго, як ён прывёз у Талачынскі раён выбухоўку, якую забраў са схованкі на тэрыторыі Кобрынскага раёну. Пазьней у дзяржаўных СМІ паведамілі, што «на месцы плянаванага тэракту канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацаваньня выбухоўкі да рэек».

11 верасьня 2023 году па дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» паказалі прапагандысцкі фільм «Бесы террора», у якім паведамлялі пра затрыманьне 6 чалавек, нібыта датычных да падрыхтоўкі да тэрактаў на Беларускай чыгунцы. Акрамя Івана Ліхалата, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча ў ліку затрыманых назвалі таксама ўкраінскага егера Вячаслава Бародзія і беларусаў Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку.

Вячаслава Бародзія асудзілі ў Гомельскім абласным судзе разам зь беларусамі Мікалаем Ласоўскім і Валянцінай Полаз. Украінца абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці». Судзьдзя Яўген Шаршнёў прызначыў Бародзію 10 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф памерам 550 базавых велічыняў (22 тысячы рублёў).

Пра лёс затрыманых Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненкі праваабаронцам нічога невядома.

У BelPol ня ўбачылі доказаў датычнасьці ўкраінскіх спэцслужбаў

На справу «агентаў СБУ» зьвярнулі ўвагу ў аб’яднаньні былых беларускіх сілавікоў BelPol. Там заўважылі, што затрыманыя ў фільме дзяржаўнай прапаганды не маглі толкам сказаць, на каго «працавалі», называючы то СБУ, то УСУ, то ГУР і нават ГРУ (Галоўнае выведнае ўпраўленьне генштабу Расеі), не маглі назваць мэту дзеяньняў, казалі «завучанымі фразамі» пра «дэстабілізацыю абстаноўкі» і «ахвяры сярод мірнага насельніцтва». Акрамя таго, у фільме «Бесы террора» так і не паказалі «выбуховыя прыстасаваньні ў сабраным выглядзе і зьмесьціва схованак зь нібыта канфіскаванай зброяй і выбухоўкай», кажуць у BelPol.

«Паведамляюць пра падрыхтоўку «тэрактаў» менавіта ўкраінскімі спэцслужбамі, але не прыводзяць ніводнага доказу: установачных дадзеных, пазыўных, інтэрнэт-акаўнтаў, тэлефонных нумароў, хаця б кагосьці з «украінскіх куратараў», — гаворыцца ў аналітычнай даведцы BelPol, якую цытуе DW.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG