Гомельскі журналіст, удзельнік ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986–1987 гадах Анатоль Гатоўчыц на прапанову карэспандэнткі Свабоды Ганны Соўсь замераў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека наяўнасьць радыенуклідаў цэзію ў сваім арганізьме. Каб параўнаньне было больш карэктным, журналіст з Гомеля пераправерыў свае замеры ў інстытуце «Белрад», дзе дасьледавалася і Ганна Соўсь.
Знайсьці інстытут радыяцыйнай бясьпекі «Белрад», што месьціцца ў Менску сярод прыватнага сэктару блізу Даўгінаўскага тракту, удалося не адразу.
Каго б з тутэйшых мінакоў ні пытаў, усе паціскалі плячыма або чамусьці паказвалі ў бок Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі.
«Ды не, — кажу, — інстытут „Белрад“ патрэбны».
«А што такое „Белрад“?» — пытаецца, у сваю чаргу, мажная кабета.
«Беларуская радыяцыя», — тлумачу прасьцей, каб не чапляць сапраўдны «рад» — гэтую пазасыстэмную адзінку вымярэньня паглынутай дозы іянізуючага выпраменьваньня.
«Белрад» быў заснаваны дзякуючы знанаму беларускаму навукоўцу з украінскімі каранямі, прафэсару Васілю Несьцярэнку. Гэта ягонымі высілкамі створана і аснашчана лябараторыя спэктрамэтрыі выпраменьваньня чалавека (СІЧ) зь сямю перасоўнымі ўстаноўкамі. Было праведзена звыш чатырохсот тысяч вымярэньняў назапашваньня радыенуклідаў у арганізьме беларускіх дзяцей. На падставе гэтых замераў «Белрад» склаў карты 13 раёнаў Гомельскай вобласьці, на якіх бачна, дзе і колькі «хапаюць» дзеці радыяцыйнага цэзію-137. Дарослыя, дарэчы, таксама.
Недружалюбны мэтал
Пакуль загадчык лябараторыі Іван Краснапёраў рыхтуе СІЧ для замеру цэзію-137 у маім арганізьме, гартаю атляс Эўропы, дзе пазначана, куды і колькі гэтага радыеактыўнага мэталу асела пасьля чарнобыльскай катастрофы. Ён і ў Чэхіі, і ў Польшчы, і ў Швэцыі, ня кажучы ўжо пра Беларусь, Украіну ды Расею.
Карта прымушае вярнуцца ў верасьнёўскія дні 1998 году. Будучы ў той час упершыню ў Швэцыі, пачуў ад калегаў-журналістаў, што ў пасьлячарнобыльскі пэрыяд там у некаторых ленах (рэгіёнах) было забаронена спажываць лясныя грыбы і дзічыну. Успрымалася тая інфармацыя з пэўнай доляй скептыцызму. Можа, таму, што ў Беларусі радыяцыйнае мяса Мінсельгас СССР рэкамэндаваў перамешваць у пэўнай прапорцыі з чыстым і вырабляць зь яго каўбасы ды тушонку. Сам чытаў у 1986 годзе, будучы ўласным карэспандэнтам «Советской Белорусии», тыя рэкамэндацыі ў аблсельгасхарчы Гомельскага аблвыканкаму.
І вось цяпер, калі я ўглядаюся ў пазначаныя рудым колерам плямы радыяцыйнага забруджваньня Швэцыі, колішні мой скептыцызм падаецца па-дзіцячы наіўным: плямы на мапах дзе-нідзе такога самага колеру, як і на Гомельшчыне. Колеры зусім не вясёлкавыя: чым цямнейшы, тым больш асела радыяцыі.
Бэкерэлі пацяжэлі
Праграма запушчаная, СІЧ гатовы. Іван Краснапёраў запрашае на вагу́, а пасьля і ў спэцыяльнае крэсла. Праз тры хвіліны ён ужо пастуквае па клявіятуры кампутара, запаўняючы даведку аб выніках радыялягічнага дасьледаваньня.
У маім арганізьме белрадаўскі СІЧ зафіксаваў актыўнасьць радыеактыўнага цэзію — 8,97 бэкерэля на кіляграм вагі. Гэта ў два з паловай разы болей, чым мне намералі месяц таму ў Гомелі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека (2,5 бэкерэля на кіляграм).
Паказваю загадчыку лябараторыі Краснапёраву даведку з цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. Прадбачачы пытаньне, адразу кажу, што ніякіх «дароў лесу» за гэты час не спажываў. Харчаваньне істотна не зьмянілася. Малочную прадукцыю, вырабленую на Гомельшчыне, даўно не спажываю — раней і цяпер.
«У радыяцыйным цэнтры, наколькі я ведаю, — кажа Краснапёраў, — пры замеры ўлічваюць яшчэ і рост. І пасьля ўжо на падставе формулаў кампутарная праграма выдае вынікі. Магчыма, у мэтодыцы падрахункаў ёсьць некаторае адрозьненьне».
«А чым патлумачыць, што ў каляжанкі, якая прыехала з Чэхіі і правяралася ў вашым інстытуце, узровень радыяцэзію вышэйшы, чым у мяне? Не нашмат, але ўсё ж такі?»
Загадчык лябараторыі толькі паціскае плячыма: «Магчыма, былі лясныя грыбы ці нейкія стравы зь дзічыны? Тут можна толькі здагадвацца».
Сапраўды, ніхто ж у звычайным жыцьці ня ставіць экспэрымэнтаў: не замярае прадукты на рацыяцэзій перад спажываньнем. Каляжанка Ганна Соўсь паведаміла, што ані грыбоў, ані дзічыны яна не спажывала. Калі прыехала з Чэхіі ў Менск і наведала інстытут «Белрад», мела ў арганізьме 10 бэкерэляў радыяцэзію на кіляграм. Пажыўшы ў Беларусі амаль тры тыдні, зноў пайшла на СІЧ — зафіксавалі ўжо 14,5 бэкерэля.
Вядома, у любога прыбора ёсьць хібнасьць, але каб ажно такая?
Радыяцыйная прыправа дазволена
Бальшыня беларусаў, як падаецца, ужо прызвычаілася да тых бэкерэляў у сваім арганізьме. На здароўе скардзяцца, вядома, але не заўсёды зьвязваюць яго з тымі харчамі, якія спажываюць. Спытаеш у вяскоўца з-пад Брагіна або Хойнікаў, ці правяралі малако, гародніну з уласнай гаспадаркі — у адказ толькі рукою махнуць: «А дзе той радыяцыі цяпер няма?!»
Больш за тое, існуючыя ў Беларусі нормы радыяцыйнай бясьпекі (РДУ-99) дазваляюць спажываньне ў ежу ялавічыны з утрыманьнем цэзію-137 — да 500 бэкерэляў на кіляграм, малака — да 100 бэкерэляў, грыбоў — да 370, лясных ягад — да 185, бульбы — да 80, хлеба — да 40 бэкерэляў на кіляграм. Стронцый таксама «не супрацьпаказаны» — санітарныя нормы дапускаюць утрыманьне яго ў асноўных прадуктах да 3,7 бэкерэля, у вадзе — 0,37 бэкерэля.
Аднак і такія далёка не бяскрыўдныя ўзроўні часьцяком перавышаюцца, асабліва на Гомельшчыне — і малако, і гародніна, ня кажучы ўжо пра дзікарослую прадукцыю, так званыя «дары лесу». У верасьні, да прыкладу, спэцыялісты абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі зрабілі 22 пробы грыбоў, прынесеных жыхарамі зь лесу. У шасьці выпадках (27%) было зафіксавана, што цэзій-137 перавышаў гігіенічны ўзровень. «Сьвяціліся» грыбы, сабраныя ў лесе паблізу вёскі Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну, — утрымлівалі 3330 бэкерэляў радыяцэзію, ажно ў 9 разоў вышэй за дапушчальны ўзровень.
Менавіта праз харч у арганізм трапляе 94 адсоткі ўсіх радыенуклідаў
Менавіта праз харч у арганізм трапляе 94 адсоткі ўсіх радыенуклідаў, яшчэ 5 — з вадою, адзін адсотак — праз дыхальныя шляхі.
Як унутранае апраменьваньне ўплывае на здароўе чалавека, павінны адказаць вучоныя. У дзевяностыя гады цяпер ужо мінулага стагодзьдзя гэтай тэмай актыўна займаўся калектыў Гомельскага мэдычнага інстытуту пад кіраўніцтвам тагачаснага рэктара, прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Вывучаўся стан здароўя многіх тысяч дзяцей і дарослых, вяліся клініка-лябараторныя дасьледаваньні і экспэрымэнты на жывёлінах.
Аказваецца, радыенукліды цэзію, пранікаючы ў арганізм чалавека з прадуктамі, актыўна далучаюцца да сардэчных мышцаў, ствараючы ў клетках эфэкт энэргетычнага голаду. Яны першымі й выкарыстоўваюць цэзій, утылізуюць яго. З гэтай прычыны ўзьнікаюць сардэчна-сасудзістыя праблемы, у тым ліку інфаркт міякарду. Нэгатыўна ўплывае цэзій і на іншыя сыстэмы чалавечага арганізму. Праўда, у даведках наконт прычыны вечнага спачыну мэдыцына піша проста: «інфаркт», альбо «сардэчная недастатковасьць», калі спынілася сэрца. Калі «гарачая часьціца» запала, скажам, у лёгкае — і тут знойдзецца «апраўданьне» радыяцыі. Але ж факт застаецца фактам: няма «добрых» радыенуклідаў. Любая іх колькасьць згубна ўплывае на арганізм. І, відаць, нездарма ў рэгіёне рэгіструюць у аднаго чалавека і па дзьве, і па тры ракавыя пухліны рознага характару.
Прафэсар Бандажэўскі, памятаецца, гаварыў папулярнаю моваю пра ўзьдзеяньне «малых дозаў» радыяцыі: «Радыенуклід, пранікаючы ў арганізьме ў жывую клетку, проста атручвае яе».
Але паглыбляць дасьледаваньні Юрыю Бандажэўскаму не далі: абвінавацілі ў хабарніцтве і адправілі за краты. Прычым кіраваў паляваньнем на навукоўца «барацьбіт» з карупцыяй у міліцэйскіх пагонах, які сам пасьля хаваўся ў Расеі ад крымінальнага перасьледу.
Цяпер жа сярод асноўных напрамкаў навуковай дзейнасьці Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту (у 2001 годзе інстытут быў перайменаваны ва ўнівэрсытэт) падобныя дасьледаваньні ня значацца.