«Вы — труп?» — спытала ў мяне мілым голасам супрацоўніца Віцебскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя...
Папраўдзе, ініцыятыва дыялёгу сыходзіла ад мяне: я патэлефанавала даведацца, ці можна ў гэтай установе правесьці досьлед на ўтрыманьне цэзію-137. Бо ў каталёгу паслуг тамтэйшай лябараторыі фізычных фактараў пералічана «правядзеньне радыёлягічных, радыёхімічных дасьледаваньняў харчовых прадуктаў, драўніны, ягад, грыбоў» і чагосьці там яшчэ менавіта на ўтрыманьне 137Cs. І раптам у адказ: «А вы — труп?»
«Хто-хто?», — перапытваю я, насамрэч крыху струпянеўшы ад нечаканасьці.
«Ну, труп... Разумееце, тады б мы ўзялі ад вас кавалачак матэрыялу і паклалі б яго у апарат», — спагадліва гаворыць жанчына ў тэлефоне.
«Ды не, я жывая, дзякуй Богу. Але нядаўна даведалася, што можна праверыцца на наяўнасьць у арганізме радыёактыўных рэчываў. Вы ж разумееце — наступствы Чарнобыльскай катастрофы...» — тлумачу падкрэсьлена спакойна і даходліва. Каб на тым канцы дроту не падумалі, што насамрэч маюць справу з «грыбам», а то яшчэ «напалеонам» ці «іншаплянэтнікам»...
«Тады не, жывых людзей мы не правяраем! Во каб грыбы...» — нібыта чытае мае думкі суразмоўніца.
"А калі ў вас нельга, то дзе яшчэ можна праверыцца?«—гэта маё апошняе пытаньне, бо размова відавочна заходзіць у тупік.
«А нідзе!, — мілы голас ужо гатовы са мной разьвітацца, і раптам дадае. — А вы патэлефануйце нам у аддзел, раскажыце, чаго хочаце...»
І прыцішаны сьмяшок напрыканцы. Тут я разумею, што мне параілі насьмяшыць яшчэ кагосьці з супрацоўнікаў. Ім сумна. Праца нудная. А тут нехта прыдумаў зьмерыць свой цэзій-137! Абрагочасься!
Спроба патэлефанаваць у іншую ўстанову, дзе нібыта ёсьць «ЛВП» — лічыльнік выпраменьваньня чалавека — таксама была марнай. Бо ўстанова, названая складанай абрэвіятурай «ВФ НИКИ РМиЭ» зачынілася яшчэ ў 2003 годзе. Таму зьвесткі з інтэрнэту састарэлі, і ўжо няма сэнсу тлуміць вам галаву расшыфроўкай.
«Мой цэзій» (прывітаньне, Ганна Соўсь!), так і застаўся не дасьледаваны. Бо ў Віцебску гэта немагчыма. Вядома, калі ты ня грыб. Ці ня труп.
Алена Сьцяпанава