Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь трапіла ў замкнёнае кола» — экспэрт пра тое, чаму Лукашэнка нэрвуецца і крытыкуе расейскія улады


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «непрыхаваны ціск» на Беларусь з боку Расеі.

Маўляў, ужо некалькі месяцаў «мы ня можам дамовіцца па цане на газ». У сувязі з гэтым Расея зьнізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Лукашэнка дадаў, што пры пастаўках у Расею блякуюцца некаторыя беларускія тавары, асабліва прадукты харчаваньня. Паводле Лукашэнкі, беларускі бок цяпер вельмі ўважліва аналізуе свой удзел, найперш у Эўразійскім эканамічным саюзе.

Ці сапраўды гэты ціск з боку Расеі адчувальны для Беларусі і ці можа Беларусь выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу? Эканаміст Барыс Жаліба ў інтэрвію Свабодзе сказаў:

Я лічу, што беларускі бок самавольна стаў недаплачваць за газ.

«Гэта працяг тых эканамічных гульняў, якія і раней былі паміж Расеяй і Беларусьсю. Гэта былі газавыя, нафтавыя, мясныя войны, калі бакі пасьля розных спрэчак знаходзілі нейкае рашэньне. І сёньня мы назіраем газавы канфлікт, там сытуацыя абвастраецца. Мэдыі нам паведамлялі, што рашэньне нібыта знойдзена, што цана будзе меншая, недзе 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, што формула будзе зьмененая з даляравай на рублёвую. А потым выступае расейскі віцэ-прэмʼер Дварковіч, адмаўляе гэта і кажа, што будзе працяг перамоваў.

Я лічу, што беларускі бок самавольна стаў недаплачваць за газ. У зьвязку з тым, што сусьветныя цэны на нафту і газ зьменшыліся за апошнія гады, ёсьць падставы ставіць пытаньне. Але так рабіць нельга, трэба плаціць па старой формуле. А наш доўг ужо каля 300 мільёнаў даляраў. Чаму нэрвуецца Лукашэнка? Справа ў тым, што расейскі бок настойвае, што Беларусь павінна скасаваць доўг. А скасаваць яго можна за кошт золатавалютных рэзэрваў. Гэтыя рэзэрвы павялічыліся, але за кошт пазык, праз аблігацыі Мінфіну і Нацбанку. Адначасова нам трэба атрымаць транш у 300 мільёнаў даляраў ад Фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Гэта таксама расейскія грошы. А па дамоўленасьці з гэтым фондам нашы золатавалютныя рэзэрвы на пэўную дату павінны быць ня менш як 4,7 млрд даляраў. І калі ня будзе гэтай кантрольнай лічбы, то мы не атрымаем гэты транш. Такім чынам, мы трапілі ў замкнёнае кола. Або мы скасуем доўг — тады мы атрымаем такі самы транш. Альбо не скасуем — і ня будзе траншу. А тым часам недапастаўкі нафты балюча бʼюць па нашым ВУП. Ён ужо мінус 3%. Гэта ўсё абвастрае сытуацыю. Ну, і нэрвуецца прэзыдэнт, калі публічна выступае з такімі заявамі. Відаць, што справы ідуць ня так, як хочацца беларускаму боку».

А ці магчыма, што ў выніку Беларусь можа выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу? На гэтае пытаньне Барыс Жаліба адказаў так:

«На гэтым тле Лукашэнка і раней заяўляў, што, маўляў, калі вы так будзеце абвастраць сытуацыю, то будзе разглядацца чыста палітычнае пытаньне пра выхад з Эўразійскага саюзу. Гэта ўжо будзе ўдар па Расеі. Але я думаю, што бакі абменьваюцца слоўнымі ўдарамі, а да справы гэта ня дойдзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG