Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Расея: аптымізацыя братэрства


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

«Ды які такі газавы канфлікт, няма ніякага канфлікту, ёсьць шурпатасьці, працоўныя моманты ў адносінах гаспадарчых суб’ектаў, усё гэта паклёп ворагаў нашай братэрскай інтэграцыі» — запэўнівалі шаноўную публіку са старонак дзяржаўных газэтаў і на сваіх сайтах прыдворныя палітолягі. Пры гэтым каронным аргумэнтам было тое, што прэзыдэнт Лукашэнка на гэты конт не выказваўся, значыць, ніякага міждзяржаўнага канфлікту няма.

Адмаўляць відавочнае — місія, можа, і ганаровая, але цяжкая.

Адмаўляць відавочнае — місія, можа, і ганаровая, але цяжкая. Аўторкавыя заявы прэзыдэнта, зробленыя падчас гутаркі з генэральным сакратаром «саюзнай дзяржавы» РБ і РФ Рыгорам Рапотам, робяць гэтую місію немагчымай.

Кіраўнік Беларусі абрынуўся на дарагога саюзьніка з рэзкімі і разнастайнымі абвінавачваньнямі, ён прыгадаў Маскве ўсё — і шматмесячную спрэчку аб газавых цэнах, і скарачэньне паставак нафты, і абмежаваньні на імпарт у РФ прадуктаў харчаваньня. Усе гэтыя крокі расейскіх уладаў Лукашэнка расцаніў, як ціск на Беларусь.

Гэта яшчэ не вызначэньне «тэрарызм на вышэйшым узроўні», як прэзыдэнт Беларусі расцаніў ў лютым 2004 года спыненьне паставак расейскага газу, але і ня вельмі далёка ад таго. Па меншай меры, на найвышэйшым узроўні заяўлена, што канфлікт міждзяржаўны і ня ўчора распачаты.

Пры гэтым Лукашэнка не абмежаваўся скаргамі спадару Рапоту. У чэрвені 2009 году ў адказ на «малочную вайну» Лукашэнка прыгразіў перагледзець абавязацельствы Беларусі ў рамках ваенна-палітычнага саюзу АДКБ. Зараз пагроза тычылася іншага любімага інтэграцыйнага стварэньня Крамля — Эўразійскага эканамічнага саюзу: «Тое, што я сказаў, ні ў якім разе не азначае, што мы будзем у нейкім пляне згортваць інтэграцыйныя праекты, але свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць. Я даў такое распараджэньне ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта. Мы зараз вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё, у Эўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым ўрадзе ў ЭАЭС. І які вынік? Навошта плаціць грошы на ўтрыманьне ў Маскве высокаклясных спэцыялістаў? Мы лепшых туды аддалі. Мы ім знойдзем працу тут, а тое, што там будуць прымацца рашэньні, мы зь імі пагодзімся, таму што іх практычна няма. Мы парушаем ўсё, пра што дамовіліся ».

Такая вось формула аптымізацыі братэрства ў стылі героя Ільфа і Пятрова — у мяне не будзе грошай, у вас не будзе крэслаў, у сэнсе вашага ўлюбёнага праекту славянскага яднаньня пад эгідай белага цара. Усё тая ж апісаная раней «дыпляматыя скандалу». І пытаньне варта задаваць ня чаму ён пачаўся, а чаму ён не пачаўся значна раней. А і праўда чаму?

У дзень галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах Лукашэнка на выбарчым участку паведаміў аб сваёй тэлефоннай размове з Уладзімерам Пуціным і заявіў, што газавая спрэчка будзе вырашаная на працягу двух дзён. Сьмелая заява ў дачыненьні да канфлікту, які не вырашалася восем месяцаў. 12 верасьня ў панядзелак А. Лукашэнка даў даручэньне першаму віцэ-прэм’еру Уладзімеру Сямашку канчаткова вырашыць пытаньне... ізноў жа на працягу двух дзён. Ну ня будзем прыдзірацца — дзень туды, дзень сюды. Але з тых часоў прайшло ня два дні, а тыдзень. Пагадненьня, як можна здагадацца, так і няма.

У публікі можа скласьціся ўражаньне, што кагосьці спрытна «кінулі».

Наўрад ці заявы Лукашэнкі 11 і 12 верасьня пра двухдзённы дэдлайн былі чыстым блефам. Блеф яму зусім не чужы, але блеф, які выкрываецца праз два дні, пакідае нясмачны прысмак. У публікі можа скласьціся ўражаньне, што кагосьці спрытна «кінулі». Па-братэрску так. Ці што нехта нешта ня так зразумеў. Што ў двухбаковых адносінах бывала і ня раз. Але паўтор ўсё роўна непрыемны.

Іншымі словамі, перад 11 верасьня з размовы з Пуціным Лукашэнка, хутчэй за ўсё, вынес цьвёрдую ўпэўненасьць, што пытаньне вырашанае, і ён можа казаць пра гэта публічна. Ну а пазьней аказалася, што ўсё не так проста. У выніку пытаньне так і ня вырашанае, а прэстыж зьлёгку падмочаны. Такія рэчы патрабуюць адказу, які і быў дадзены ў гутарцы са спадаром Рапотам.

У прынцыпе, гэтага тлумачэньня цалкам дастаткова. Але можна прывесьці і некалькі дадатковых, па якіх Крамлю будзе ўдвая няпроста адмахнуцца ад прэтэнзій саюзьніка.

Беларускі спартыўны чыноўнік, які пранёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Параалімпіяды ў Рыё, выклікаў прыліў сымпатыяў да Беларусі ў Расеі. Сымпатыяў той самай пуцінскай большасьці, якое так ярка прадэманстравала сябе на апошніх выбарах у Думу. Сымпатыяў, ўзмоцненых расейскім агітпрапам.

І тут правадыр гэтых самых любімых беларусаў паведамляе, што іх вельмі моцна крыўдзяць, зь імі не лічацца. Яны гонар Расеі адстаялі, а іх крыўдзяць. І хто — расейскае начальства. Упс. Непрыгожа неяк атрымліваецца. І непрыгожа з самага што ні на ёсьць рускага дзяржаўнага пункту гледжаньня. Чаму добрага чалавека пакрыўдзілі?

Словам, проста так не адмахнесься, не скажаш, што надта шмат Лукашэнка хоча і што расейская казна не гумавая.

Ну і зусім ужо ускосны матыў — выбары ў Беларусі прайшлі ў сэнсе дэмакратычных стандартаў вельмі так сабе, але гледзячы з чым параўноўваць. Вось у Расеі на думскіх выбарах наогул ні адзін непракрамлёўскі апазыцыянэр не прайшоў, а ў Беларусі — цэлых два. Павінен жа Захад гэта квітненьне дэмакратыі неяк адзначыць?

Наогул дык не павінен. Але можа. А тут яшчэ вельмі своечасова місія МВФ прыехала. Таксама як бы нічога не павінная. Але таксама можа.

Словам, асаблівасьці сытуацыі дэманструюць, што на Маскве сьвет клінам не сышоўся. Ці не ўвесь прынамсі. Што надае дадатковую ўпэўненасьць у нападкам на яе.

Паіранізаваўшы спачатку над калегамі з прыдворнага цэху, павінен і сам пакаяцца. У папярэднім артыкуле «У агародзе — танны газ, а ў Кіеве — Макей», даверыўшыся інфармацыі «Коммерсанта», я крыху пагарачыўся, палічыўшы, што канфлікт вычарпаны. На самай справе, як бачым, якраз цяпер ён уваходзіць у самую вострую фазу.

Беларусь занадта моцна пакуль залежыць ад Расеі і занадта слаба зьвязаная з Захадам, каб зьдзейсьніць круты паварот.

Але ці азначае гэта, што гэта разрыў, што адносіны назаўсёды атручаныя і ніколі не будуць ранейшымі? Не, не азначае. Вядома, усё калісьці адбываецца ў першы раз, але Беларусь занадта моцна пакуль залежыць ад Расеі і занадта слаба зьвязаная з Захадам, каб зьдзейсьніць круты паварот. І н выйдзе Беларусь з ЭАЭС, ну можа адклічуць пару чальцоў Эўразійскай камісіі, потым вернуць на месца. І прыйдуць да нейкага кампрамісу, магчыма, менш выгаднага Беларусі, чым хацелася б.

Чарговы цыкл праклёнаў-абдымкаў. Колькі разоў такое было.

Іншая рэч, што, як гаварыў Гегель, колькасьць пераходзіць у якасьць. Неабходнасьць занадта часта аптымізаваць братэрства спараджае моцнае падазрэньне, што магчыма справа не ў няўдалых папярэдніх аптымізацыях, а ў самім братэрстве.

Перадрук з парталу TUT. BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG