Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сытуацыя пасьля выбараў больш спрыяе таму, каб Беларусь атрымала крэдыт МВФ"


Якія шанцы ў Беларусі атрымаць крэдыт Фонду?

Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале зь Пітэрам Долманам будзе працаваць у Менску зь 19 верасьня па 1 кастрычніка. Папярэдняя місія МВФ наведала Беларусь у канцы чэрвеня з мэтай ацаніць бягучую эканамічную палітыку ўладаў. Па выніках візыту Пітэр Долман заявіў, што МВФ пазытыўна ацэньвае рэформы ў беларускай эканоміцы, але лічыць неабходным іх паглыбіць і паскорыць.

Акрамя таго МВФ разьлічвае на публікацыю вынікаў незалежнай дыягностыкі беларускіх банкаў і рэкамэндуе беларускім уладам правесьці шырокую дыягностыку сэктару дзяржпрадпрыемстваў. У сваю чаргу старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павел Калавур у ліпені заяўляў, што бачаньне структурных аспэктаў павышэньня эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі «ў цэлым супадае з пазыцыяй Міжнароднага валютнага фонду, выяўленай у ходзе чэрвеньскай місіі».

Cёньня грошы МВФ патрэбныя Менску як ніколі

Беларускія ўлады разьлічваюць на новую праграму супрацоўніцтва з фондам, запрошваючы ў МВФ крэдыт на 3 млрд даляраў пад даволі нізкі працэнт 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Нават Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што крэдыт МВФ — гэта «добры крэдыт, з добрым аб’ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам». «Ніхто нам, у тым ліку і расейцы, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна», — казаў Лукашэнка.

Мне здаецца, сёньня грошы МВФ патрэбныя Менску як ніколі. Расея апошні час у стаўленьні да найбліжэйшага, і ці ледзь не адзінага, саюзьніка вядзе сябе ня надта шчодра, Да таго ж пасьля ўкраінскіх падзеяў Лукашэнка імкнецца трымаць ад Масквы пэўную дыстанцыю, адначасова імкнучыся яе ня надта злаваць. Але і не жадае ўпадаць у больш глыбокую залежнасьць, у тым ліку эканамічную.

Так што Аляксандру Лукашэнку як ніколі патрэбна падушка бясьпекі ад Захаду — геапалітычная і эканамічная. Без заходніх крэдытаў беларускай эканоміцы будзе даволі складана ўтрымацца на плыву. Толькі ў наступным годзе Беларусь павінна вярнуць крэдыторам 1.9 млрд даляраў. Так што ў пэўнай ступені можна пагадзіцца са словамі беларускіх незалежных эканамістаў, якія заяўляюць, што Беларусь бярэ новыя крэдыты, каб расплаціцца са старымі. МВФ патрабуе ад Беларусі правядзеньня кардынальных рэформаў у эканоміцы. У прыватнасьці, абмяркоўваецца павышэньне тарыфаў у ЖКГ і грамадзкім транспарце, лібэралізацыя цэнаў, правядзеньне гнуткай курсавой палітыкі, павелічэньне долі прыватнага сэктару, скарачэньне фінансаваньня дзяржпраграмаў, рэфармаваньне дзяржпрадпрыемстваў.

Урэшце, беларускія чыноўнікі якраз і заяўляюць, што іх падыходы пераважна супадаюць з патрабаваньнямі МВФ. Так што, калі даваць адказ на пастаўленае пытаньне — думаю, што беларускім уладам удасца дамовіцца з МВФ і ўжо ў наступным 2017 годзе, пасьля пэўнага ўлагоджваньня пазыцыяў, крэдыт МВФ будзе выдадзены Беларусі.

Карбалевіч: Хачу нагадаць, што мінулым разам сурʼёзныя перамовы менавіта па крэдыце адбыліся амаль год таму. У канцы 2015 году прыязджала ў Менск падобная місія. Цікава, што па выніках перамоваў беларускія афіцыйныя асобы казалі, што ўсё на мазі, аб усім дамовіліся, вось-вось падпішам пагадненьне. Гэта мусіць такі стыль у беларускіх чыноўнікаў. Вось і Лукашэнка 11 верасьня запэўніваў. што з Расеяй па газавым пытаньні ўжо дамовіліся. А высьветлілася, што выдавалі жаданае за існае.

Pьяўленьне ў палаце прадстаўнікоў двух дэмдэпутатаў — таксама крок у бок Захаду з улікам пэрспэктываў крэдыту МВФ

Звычайна такія перамовы ідуць за зачыненымі дзьвярыма. Бакі без ахвоты выносяць сутнасьць перамоваў на суд грамадзкасьці.

З той інфармацыі, якая стала вядома, вынікае, што рознагалосьсі існуюць па некалькіх пытаньнях. Найперш, МВФ патрабуе хутчэй давесьці аплату камунальных тарыфаў да 100%, а беларускі бок хоча расьцягнуць гэты працэс на больш працяглы тэрмін.

Другое. МВФ патрабуе правесьці аўдыт даўгоў прадпрыемстваў перад банкамі. А беларускія ўлады ўхіляюцца ад гэтага. Існуюць рознагалосьсі па пытаньні бюджэтнага субсыдзіраваньня дзяржсэктара. І нарэшце, праблема рэфармаваньня, прыватызацыі прадпрыемстваў дзяржсэктара.

Дарэчы, думаю, зьяўленьне ў палаце прадстаўнікоў двух дэмакратычных дэпутатаў — гэта таксама крок у бок Захаду з улікам пэрспэктываў крэдыту МВФ.

Дракахруст: Я б працягнуў выбарчую тэму, і пагаварыў бы пра яе ня толькі як пра фактар, які ўзьдзейнічае ў тым ліку і на рашэньне МВФ наконт крэдыту, але і як пра нейкую аналёгію. Зараз насамрэч у Захаду ёсьць некалькі варыянтаў палітыкі адносна Менску пасьля беларускіх выбараў, прычым любы з гэтых варыянтаў можна ўгрунтаваць на высновах назіраньня АБСЭ.

Назіраньне прыйшло да высновы — выбары былі несвабоднымі. На падставе гэтага можна праводзіць жорсткую палітыку. Таксама назіраньне АБСЭ канстатавала пэўны прагрэс, які выразіўся, ў прыватнасьці ў патрапленьні ў палату прадстаўнікоў дзьвюх апазыцыянэрак. Вось у Расеі, здаецца, ніводны апазыцыянэр у Думу не патрапіў, а ў Беларусі цэлых два. І на гэты можна грунтаваць збліжэньне з Беларусьсю.

Cытуацыя пасьля выбараў у Беларусі крыху больш спрыяе таму, каб гэты крэдыт быў выдадзены

Насамрэч тое самае назіраецца і ў перамовах з МВФ. Фонд не аказвае дапамогу краінам, якія квітнеюць дзякуючы мудрай эканамічнай палітыцы ўладаў. Ён аказвае дапамогу краінам з праблемамі, якія ўзьнікаюць у тым ліку і з прычыны эканамічнай палітыкі. І гэта заўсёды спрэчкі і гэта заўсёды кампрамісы.

Тыя патрабаваньні МВФ, якія вы, Валер, пералічылі, неабавязкова маюць характар ультыматуму. Магчыма, як з тымі выбарамі. З аднаго боку, прыватызацыі як не было, гэтак і няма. Зь іншага боку, пэнсійны ўзрост падвысілі. Зараз Фонд прапануе тое самае Ўкраіне. Кіеў ня надта імкнецца ісьці насустрач Фонду, а Беларусь пайшла. З тарыфамі — іх крыху таксама падвысілі. Фонд хацеў бы, каб іх падвышалі больш істотна і больш шпарка, але крокі зробленыя, прагрэс ёсьць.

Таму прадказаць, чым скончацца гэтыя перамовы, даволі складана — мы ня ведаем сапраўдныя, канчатковыя ўмовы Фонду, без выкананьня якіх атрыманьне крэдыту проста выключанае. Я не выключаю, што многае з таго, што агучвае Фонд — гэта пазыцыя запыту, гэта пажаданьне, а не гранічная ўмова.

Я пагаджуся з вамі, калегі, што і чыста палітычныя чыньнікі робяць свой уплыў — сытуацыя пасьля выбараў у Беларусі крыху больш спрыяе таму, каб гэты крэдыт быў выдадзены.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG