Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛДПБ лічыць неабходным спыніць фінансаваньне БРСМ і «Белай Русі»


Алег Гайдукевіч (у цэнтры), архіўнае фота
Алег Гайдукевіч (у цэнтры), архіўнае фота

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі настойвае на зьмене цяперашняй выбарчай сыстэмы.

Пра гэта 27 сьнежня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі першы намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч. Ён сказаў, што ЛДП настойвае на ўвядзеньні зьмешанай сыстэмы выбараў, калі палова дэпутатаў абіраецца наўпрост па акругах, а другая палова — выключна па партыйных сьпісах. Пры гэтым партыя ня мае намеру зьбіраць подпісы за правядзеньне рэфэрэндуму, бо рашэньне пра пераход на зьмешаную сыстэму знаходзіцца ў кампэтэнцыі прэзыдэнта і Нацыянальнага сходу:

«Я думаю, і старшыня партыі таксама так лічыць, што іншага шляху для грамадзкага разьвіцьця проста не існуе. Глядзіце, нават у Таджыкістане выбары праходзяць па партыйных сьпісах. Мы пра гэта казалі ўжо дастаткова даўно, аднак цяпер упершыню падобна, што справа сапраўды ідзе да гэтага».

Алег Гайдукевіч заявіў, што пасьля таго як старшыня партыі Сяргей Гайдукевіч стаў сябрам Савету Рэспублікі, а намесьнік старшыні Анатоль Хішчанка — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, партыя будзе старанна рыхтавацца да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў:

«Падобна, што гэтыя выбары пройдуць напачатку 2018 году. А ў наступным годзе ў нас свой справаздачна-выбарчы партыйны сход. І мы плянуем на ім агучыць прозьвішчы нашых кандыдатаў на мясцовыя выбары. Абяцаю, іх будзе шмат».

Сёньня таксама было заяўлена, што ЛДПБ лічыць неабходным спыніць фінансаваньне БРСМ і «Белай Русі», а пасады намесьнікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў па ідэалёгіі зьліквідаваць.

«Што робіць старшыня раённай арганізацыі „Белай Русі“? — сказаў Алег Гайдукевіч. — Сядзіць у кабінэце і атрымлівае заробак. Тое ж самае было ў СССР. Але тады ніхто з гэтых функцыянэраў ня выйшаў на вуліцу абараняць краіну ад развалу. Таму трэба ўсіх разагнаць і забраць грошы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG