Мінамётны абстрэл тралейбуса, ад якога загінула ад 8 да 15 цывільных асоб у падкантрольным сэпаратыстамі Данецку ў чацьвер раніцай, ёсьць відавочным парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права. Гэта неабходна тэрмінова і справядліва расьсьледаваць, заявіла праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
«Мінамёты не павінны выкарыстоўвацца ў густанаселеных раёнах пражываньня грамадзянскага насельніцтва. Усе бакі ў гэтым канфлікце добра ведаюць, што менавіта грамадзянскія асобы плацяць сваімі жыцьцямі за выкарыстаньне недакладнай выбуховай зброі ў гарадах. Гэтая атака дэманструе поўнае грэбаваньне жыцьцямі грамадзянскіх асобаў і законамі вайны», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Журналіст Радыё Свабода Аляксей Мацука, які працуе ў праекце «Данбас. Рэаліі», апавёў пра абставіны, якія даведаліся журналісты на месцы трагедыі.
— Уласна, нам вядома, што калі гэта здарылася, то мясцовыя жыхары пачулі выбухі вакол той лякацыі, дзе адбылася надзвычайная сытуацыя. І ёсьць некалькі вэрсіяў — яны залежаць ад таго, хто іх агучвае, кожны бок абвінавачвае адзін аднаго. Узброеныя сэпаратысты нават прыдумалі такую сытуацыю, што нібыта ў Данецку дзейнічае дывэрсійная група з боку Ўкраіны, нібыта нейкія партызаны...
Але вось што заўважылі нашы журналісты («Данбас. Рэаліі»), якія працавалі на месцы ў момант, калі ўжо стала вядома, што гэта адбылося. Па-першае, на месца здарэньня адразу, за 5 хвілінаў літаральна, прыбылі замежныя журналісты з Расейскай Фэдэрацыі — неяк дужа хутка гэта адбылося. Па-другое, былі групы людзей, камэнтатары, якія нешта казалі, а да іх падыходзіла нейкая жанчына і заахвочвала: «Падыходзьце, падыходзьце сюды, кажыце больш!» — Гэта даслоўна было сказана. То бок гэта выглядала так, быццам адмыслова людзей «заводзілі», каб тыя нешта казалі, каб больш крытыкі было для расейскіх тэлекамэраў.
Я думаю, што сьледзтва мусіць вызначыць, што там адбылося.
Пракуратура Данецкай вобласьці клясыфікавала гэта як тэрарыстычны акт, але зразумела, што вельмі цяжка цяпер весьці расьсьледаваньне на тэрыторыі, якая кантралюецца ўзброенымі сэпаратыстамі, а не ўкраінскай уладай. Таму я не ўяўляю нават, як фактычна ўкраінская ўлада будзе весьці расьсьледаваньне... А тыя дадзеныя, якія могуць быць у прадстаўнікоў арганізацыі «ДНР», — я думаю, што даверу да тых дадзеных вельмі мала.
— Amnesty International таксама абураная кадрамі палонных байцоў, якіх правялі парадам перад мясцовымі жыхарамі на месцы гэтага выбуху тралейбуса раніцай. У СМІ зьявілася відэа, на якім бачна, што прынамсі аднаго з палонных зьбілі. Жорсткае абыходжаньне зь вязьнямі зьяўляецца парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права, гаворыцца ў паведамленьні. Якую мэту перасьледуюць прарасейскія сэпаратысты, выхваляючыся такімі кадрамі, якія зьяўляюцца супрацьзаконнымі ва ўсім цывілізаваным сьвеце, і зьневажаючы публічна «кібарга», які трапіў у палон?
— Я думаю, што такім чынам яны спрабуюць паказаць стаўленьне да працэсу мабілізацыі, якая адбываецца цяпер у Кіеве, і дэмаралізаваць украінскае грамадзтва, і такім чынам паказаць, што яны могуць зрабіць з украінскімі вайскоўцамі, якія трапілі ў палон.
У сэпаратысцкіх СМІ штодня ідуць паведамленьні пра тое, што нібыта ва Ўкраіне кіяўляне ня хочуць ісьці ў войска і адмаўляюцца ад мабілізацыі. Акрамя таго, яшчэ цікава, што некаторыя ўкраінскія СМІ таксама пішуць пра гэта. Я думаю, што і сытуацыя з «кібаргам», якая адбылася сёньня, гэта абсалютная піяраўская пастаноўка, якая мае на мэце менавіта зрыў мабілізацыі ва Ўкраіне.
Акрамя таго, аўтамабіль, у які яны запіхвалі палоннага, — нумарныя знакі на ім расейскія. Уласна, як паказвае папярэдняе расьсьледаваньне ўкраінскіх журналістаў, нумары належаць Міністэрству ўнутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі. Гэта значыць палонных па Данецку возяць менавіта на аўтамабілях Расейскай Фэдэрацыі з расейскімі нумарнымі знакамі, зь міргалкамі! Гэта, па-мойму, ужо ня толькі неяк ускосна паказвае на сытуацыю расейскага ўмяшаньня, а фактычна дае нам доказ таго, што Расея сёньня кіруе на акупаванай тэрыторыі ў горадзе Данецку.
Арыгінал публікацыі зьмешчаны на сайце ўкраінскай Свабоды.