У выніку сёньняшняга абстрэлу Краматорску баевікамі загінулі 11 чалавек, сярод іх чацьвёра вайскоўцаў. Колькасьць параненых вырасла да 58.
Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на дарадцу міністра абароны Ўкраіны Юрыя Бірукова і дэпартамэнт аховы здароўя Данецкай абласной дзяржадміністрацыі.
Акрамя штабу АТА, разьмешчанага на аэрадроме, снарады трапілі ў жылыя кварталы. Ня выключана, што ахвяраў можа быць больш.
Па Краматорску былі два залпы, заявіў у эфіры Грамадзкага тэлебачаньня дарадца прэзыдэнта Юры Бірукоў.
«Гэта былі два залпы з розьніцай у 30 хвілін. Характэрная тактыка: калі пасьля першага залпу пачынаецца эвакуацыя параненых і разбор завалаў, у гэты момант тую ж самую пазыцыю накрываюць, каб павялічыць колькасьць ахвяраў», — адзначыў Бірукоў.
Краматорск абстрэльвалі баевікі з выкарыстаньнем касэтных снарадаў «Тарнада».