Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у студзені 2015 году склаў 6 023 200 рублёў. Гэта на 11,5 працэнта менш, чым у папярэднім месяцы, сьнежні, калі намінальны налічаны сярэднямесячны заробак склаў 6 мільёнаў 806 тысяч рублёў.
Чым можна патлумачыць такі правал? Няўжо ўлады ня маюць магчымасьцяў падвышаць намінальны заробак пасьля дэвальвацыі?
Эканаміст Барыс Жаліба тлумачыць, што сьнежань — своеасаблівы месяц, калі многія фірмы і прадпрыемствы выплачваюць «трынаццатыя заробкі», прэміі, дывідэнды ды іншае. Таму заўсёды статыстыка заробкаў у сьнежні адрозьніваецца ад іншых месяцаў.
«Але тое, што здарылася ў гэтым студзені, такое падзеньне заробку — гэтага я ня памятаю, такога не было ніколі, — кажа Жаліба. — У канцы году многія беларускія прадпрыемствы працуюць няпоўны тыдзень, у іх ужо няма рэсурсаў нават утрымліваць заробак хаця б на тым самым узроўні».
Беларусы за час шматлікіх дэвальвацыяў прызвычаіліся, што адразу пасьля падзеньня рубля ўлады імкнуцца даволі істотна падвышаць заробак у намінальным рублёвым вылічэньні. Няўжо гэтым разам будзе па-іншаму, і дэвальвацыя ня будзе спалучацца з ростам заробку ў рублях?
«Выглядае, што праблема падвышэньня заробку сёньня стаіць як ніколі востра. Нейкія рэзэрвы ўлада знойдзе, ужо ёсьць рашэньне падвысіць бюджэтнікам за люты. Але як будуць падвышаць заробкі на прадпрыемствах — я ня ведаю, гэта вельмі праблематычна. Бо прынята цьвёрдае рашэньне, каб рост заробкаў не перавышаў рост прадукцыйнасьці працы. Раней гэтага не было, і, я думаю, урад будзе трымацца гэтага»
Па выніках студзеня сярэдні беларускі заробак склаў каля 400 даляраў. Можна прыгадаць, што на выбары 2010 году Аляксандар Лукашэнка ішоў зь лёзунгам — забясьпечыць сярэдні заробак 500 даляраў. Выглядае, што ўлада зноў можа ставіць такую самую задачу.
«Так, па заробку мы адкінутыя на 5 гадоў назад. Пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў. Тоне расейская эканоміка, і мы тонем усьлед за ёй», — кажа Барыс Жаліба.