Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 цікавостак ночы музэяў


Начны Менск, фота ©Shutterstock
Начны Менск, фота ©Shutterstock

Штогод у траўні музэі па ўсім сьвеце запрашаюць наведнікаў у начны час. Гэтая традыцыя бярэ пачатак у 1997 годзе ў Бэрліне, пасьля эстафэту пераняў Парыж. Мода на начныя культурніцкія імпрэзы дайшла і да Беларусі. Радыё Свабода сабрала для вас самыя цікавыя падзеі менскай «Ночы музэяў».

1. #БудзьПетрусём

21 траўня ў музэі імя Пятруся Броўкі а 17-й гадзіне пачнецца імпрэза, падчас якой арганізатары абяцаюць «варкшопы для інтэлектуалаў», «аудыёвізуальнае пагружэньне ў ляндшафт балтыйскага рэгіёну і ў вір інструмэнтальнай энэргетыкі». У 18:30 пачнецца адкрытая лекцыя — літаратуразнаўцы распавядуць, ці марыць штучны інтэлект пра Нобэлеўскую прэмію, пазьней наведнікаў чакае чытацкі маратон, майстар-кляс па шахматах і відэаарт-праграма «Плянэта К». Да 18:00 уваход у музэй вольны, пасьля будзе каштаваць 50 000 рублёў. Але калі Ваша імя — Пятрусь, уваход для Вас бясплатны на працягу ўсёй «Ночы музэяў».

Менск, вуліца Карла Маркса, 30.

2. Начная экскурсія з ліхтаром па літаратурным Менску

У суботу ў 22:00 кнігарня «логвінаЎ» і пісьменьнік Адам Глобус правядуць бясплатную экскурсію для аматараў беларускай літаратуры. Адам Глобус з ліхтаром у руках пакажа дом, дзе жыў Уладзімер Караткевіч, дзе працаваў Міхась Стральцоў, дзе адпачываў Анатоль Сыс. Мерапрыемства завершыцца каля ганку кнігарні «логвінаЎ», а кожны экскурсант атрымае ад арганізатараў «літаратурны пунш».

Сустрэча каля кнігарні «Веды», Менск, вуліца Карла Маркса, 36.

3. Для аматараў кіно, моды і Сашы Варламава

Суботнім вечарам усіх, хто захапляецца модай чакае падарунак ад Музэю гісторыі беларускага кіно. Тут адбудзецца тэматычная выстава аўтарскіх аксэсуараў і эксклюзіўнай хэндмэйд-біжутэрыі ад літоўскіх, беларускіх, расейскіх і амэрыканскіх дызайнэраў. Наведнікі атрымаюць магчымасьць прыняць удзел у модным паказе і сфатаграфавацца ў «кіношным» вобразе. Адметны момант вечара — выступ гісторыкаў моды Сашы Варламава і Тацяны Церашковіч. Пачатак а 18-й гадзіне. Кошт уваходу ад 40 да 60 тысяч рублёў.

Менск, вуліца Сьвярдлова, 4.

4. «Усе любяць коцікаў»

Выстава коцікаў прадоўжыцца з 19 да 31 траўня, а ў суботу 21 траўня ад 18:00 і да 2:00 у Музэі ката ў Менску гасьцей чакае начная ілюмінацыя, пэрформансы, гульні з катамі і конкурсы. Кожная ноч будзе прысьвечаная пэўнай пародзе: бэнгальскім, тыгравым, шатляндзкім катам. Уваход каштуе ад 50 да 70 тысяч.

Менск, праспэкт Дзяржынскага, 11.

5. Drink & Draw

Адкрыты майстар-кляс па жывапісе пройдзе 21 траўня ў багемнай атмасфэры ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Наведнікам прапануюць самім паспрабаваць сябе ў ролі ўсясьветна вядомых мастакоў, а падчас творчай працы арганізатары пачастуюць кавай альбо келіхам віна. Кошт лепш удакладніць па тэлефоне +375 29 535-00-35.

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 47.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG