20 траўня ў вёсцы Рымдзюны, дзе пражывае шмат этнічных літоўцаў, праходзіць паэтычнае сьвята «Вясна паэзіі 2016 у Беларусі». Вёска адносіцца да Гервяцкага сельсавету Астравецкага раёну Гарадзенскай вобласьці.
Імпрэзу арганізуюць амбасада Літвы ў Беларусі, Саюз пісьменьнікаў Літвы і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Пачалося сьвята паэзіі ўвечары 19 траўня ў будынку амбасады Літвы ў Менску. Тут гучалі галасы Гвідаса Латакаса, Юлі Цімафеевай, Адама Глобуса, Юргіты Яспаніце-Буракене, Марыі Мартысевіч, Відмантаса Елмішкіса-Кяўшаса, Рамуны Брундзайце. Аўдыторыя з захапленьнем слухала, як Жэміна Трынкунайце грала на канклес — літоўскім шчыпковым музычным інструмэнце.
Скончылася вечарына фрагмэнтам са спэктакля рэжысёра Віргініі Тарнаўскайце «Высокія берагі». Гэты спэктакль пастаўлены паводле вершаў Эвалдаса Ігнатавічуса — цяперашняга амбасадара Літвы ў Беларусі.