Ніна Жызьнеўская з Гомеля, маці героя ўкраінскага Майдану Міхася Жызьнеўскага, праходзіць мэдычнае дасьледаваньне ў Кіеве — на запрашэньне Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
Дапамагчы ёй у гэтым абяцаў украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка ў лістападзе мінулага году, калі Ніна Васільеўна з мужам былі ў яго на прыёме. Незадоўга да трагічных рэвалюцыйных падзеяў у Кіеве Жызьнеўская перанесла складаную апэрацыю, да таго ж яна цярпіць на гіпэртанію й цукровы дыябэт. Гібель сына дадала маці праблемаў са здароўем.
Праз пасярэдніцтва знаёмых і сяброў сына й прыйшло Жызьнеўскай у Гомель запрашэньне прыехаць ва Ўкраіну.
Цяпер Ніна Васільеўна ў кіеўскім мэдгарадку на праспэкце Камарова.
«Міністэрства аховы здароўя мяне запрасіла, і дасьледуюць мяне тут на ўсе сто адсоткаў. Лекары вельмі ўважлівыя», — паведаміла ў тэлефоннай размове з Кіева Ніна Жызьнеўская.
Адначасова маці чакае і афіцыйнага статусу для нябожчыка-сына — прэзыдэнт Украіны падчас прыёму ня толькі ўручыў бацькам ордэн Герояў Нябеснай Сотні, якім узнагароджаны сын пасьмяротна, але й асабіста абяцаў надаць Міхасю Жызьнеўскаму званьне Героя Ўкраіны. Гэта не было зроблена адразу з тае прычыны, што паводле ўкраінскага заканадаўства найвышэйшым званьнем могуць быць уганараваныя толькі грамадзяне Ўкраіны.
Зьмены ў заканадаўства Вярхоўная Рада ня ўносіла, таму, хутчэй за ўсё, як мяркуе Ніна Жызьнеўская, будзе выкарыстаны іншы варыянт: Мішу прызнаюць грамадзянінам Украіны, пасьля чаго ўганараваньне яго найвышэйшым званьнем ня будзе пярэчыць украінскаму заканадаўству
«Для яго Ўкраіна была другой радзімай, і ён не саромеўся пра гэта казаць», — згадвае Міхаіл Жызьнеўскі, бацька беларускага змагара за годнасьць і свабоду Ўкраіны.
Да гэтага трэба дадаць, што ў ліпені, калі адкрывалі помнік на магіле Міхася Жызьнеўскага пад Гомелем, украінскія госьці ініцыявалі збор подпісаў пад зваротам да Пятра Парашэнкі — з просьбай як мага хутчэй надаць Мішу званьне Героя Ўкраіны.