Тым часам прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 4 жніўня ўручыў украінскі пашпарт расейскаму палітыку Марыі Гайдар, прызначанай на пасаду намесьніка губэрнатара Адэскай вобласьці, і былому галоўнаму рэдактару «Forbes Украіна» Ўладзімеру Фядорыну.
Але беларусы, якія ваююць у добраахвотніцкіх атрадах за незалежнасьць Украіны, дагэтуль не дачакаліся ўкраінскага грамадзянства, абяцанага колісь прэзыдэнтам. Сярод іх — былыя палітычныя зьняволеныя Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў.
Яшчэ ў сьнежні 2014 году ў Вярхоўнай Радзе Парашэнка публічна паабяцаў даць украінскае грамадзянства тым замежнікам, якія ваююць за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі.
«Я хачу перадаць прывітаньне маім баявым пабрацімам: ваш зварот да прэзыдэнта Ўкраіны адносна наданьня ўкраінскага грамадзянства беларусам, расейцам, якія са зброяй у руках разам з вамі абаранялі гонар і незалежнасьць дзяржавы... Як я і абяцаў, я падпішу ўказ аб наданьні ім украінскага грамадзянства, яны прайшлі гэтае выпрабаваньне», — сказаў тады Парашэнка.
Месяц таму прэсавы сакратар партыі «Правы сэктар» Арцём Скарападзкі паведаміў Свабодзе, што «Правы сэктар» падаў групавую заяўку на наданьне ўкраінскага грамадзянства 40 асобам, якія ваююць за Ўкраіну. У сьпісе — і беларусы. Паводле Арцёма Скарападзкага, ніякай рэакцыі на заяўку арганізацыя не атрымала.
Аднак у Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны такую заяву называюць юрыдычна нікчэмнай.
«Паводле ўкраінскага заканадаўства аб грамадзянстве ня можа быць калектыўных заяваў на атрыманьне грамадзянства групай асобаў. Кожная заява падаецца замежнікам выключна самастойна і разглядаецца ў асабістым парадку. Да таго ж у нас не прадугледжана ніякага спрыяньня ў атрыманьні грамадзянства Ўкраіны, калі за гэта выступае нейкая грамадзкая арганізацыя, напрыклад, „Правы сэктар“. Калі гутарка ідзе пра дзяржаўны інтарэс, то дакумэнты павінен падаць орган выканаўчай улады», — тлумачыць Сяргей Гунько.
Прэс-сакратар Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны ня змог адказаць, ці ёсьць на разглядзе ў ведамстве заявы ад грамадзянаў Беларусі, — гэта канфідэнцыйная інфармацыя, якую можа агучыць толькі той, хто такую заяву падаў, — але адзначыў, што ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны не дае безумоўнага права на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства:
«Украінскае заканадаўства аб грамадзянстве вельмі разгалінаванае, пры разглядзе заяваў мае месца індывідуальны падыход і разгляд жыцьцёвай сытуацыі чалавека, каб высьветліць, ці ёсьць падставы для наданьня грамадзянства. Але ўдзел у баявых дзеяньнях дакладна не прапісаны ў законе як падстава для наданьня ўкраінскага грамадзянства».
Працягвае чакаць афіцыйнага статусу для свайго сына і маці Міхася Жызьнеўскага, які загінуў узімку 2014 году — Парашэнка асабіста абяцаў бацькам ваяра Нябеснай Сотні надаць Жызьнеўскаму званьне Героя Ўкраіны:
«Калі адкрывалі помнік Міхасю, то сабралі подпісы да Пятра Парашэнкі з просьбай як мага хутчэй надаць майму сыну званьне Героя Ўкраіны. Але відаць, што там ужо прынята рашэньне — катэгарычнае „не“. Я так думаю. Нам з мужам Пятро Парашэнка яшчэ ў лістападзе абяцаў даць Міхасю званьне Героя Ўкраіны — але да гэтага часу нічога няма. Як паміраць за Ўкраіну — дык гэта можна, а як памяць ушанаваць — дык ня могуць. Кідаюць беларусаў па поўнай праграме», — кажа Ніна Жызьнеўская.
Жанчына лічыць, што наданьне яе сыну пасьмяротнага статусу Героя Ўкраіны абароніць яго магілу ад вандалаў і захавае помнік, які зрабіў Алесь Шатэрнік за грошы, ахвяраваныя ў Беларусі і ва Ўкраіне.