Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Стужынская: Тэрмін «расейская акупацыя Беларусі» ўпершыню зьявіўся восеньню 1917 году


Ніна Стужынская, архіўнае фота
Ніна Стужынская, архіўнае фота

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — кандыдат гістарычных навук, старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская. Яна нагадвае, як Менск сустрэў кастрычніцкі пераварот 1917 году і якія партыі былі тады самымі прадстаўнічымі ў менскай Думе, распавядае, у якіх формах тады выяўлялася палітычная і грамадзкая актыўнасьць жанчын, і тлумачыць, як беларускія палітыкі таго часу прыйшлі да ідэяў незалежнасьці.

— Як кастрычніцкі пераварот 1917 году (у савецкі час гэта называлася «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя») быў сустрэты ў Менску? Як жыхары Менску адрэагавалі на інфармацыю пра зьмену ўлады ў сталіцы, у Санкт-Пецярбургу? У каго была ўлада ў Беларусі на той момант?

— Галоўную ролю ў падзеях 1917 году ў Менску адыгрывалі Саветы. Саветы былі розныя і вельмі шматпартыйныя. Выбары ва Ўстаноўчы Сход паказалі, што беларускія нацыянальна-арыентаваныя партыі былі моцным складнікам у палітычнай барацьбе ў горадзе.

Насельніцтва Менску, простыя абывацелі спачатку не заўважылі, што адбылося ў Пецярбургу 25 кастрычніка. І калі бальшавікі ўсьлед за сваімі паплечнікамі ў сталіцы захапілі тэлеграф, пошту — то на наступны дзень, як сьведчыць справаздача камісара Заходняга фронту Жданава, у іх усё адабралі назад.

Калі бальшавікі ў Менску захапілі тэлеграф, пошту — то на наступны дзень у іх усё адабралі назад

— Хто адабраў?

— Прадстаўнікі Часовага ўраду, камісары. Так што на самой справе сюжэт, які вандруе па падручніках гісторыі, патрабуе перагляду і звароту да ўсіх канкрэтных дэталяў. Усе газэты, якія выходзілі ў тыя дні, напісалі, што тое, што адбылося ў Санкт-Пецярбургу — гэта злачынства, пераварот, які зрабіла крымінальная шайка бальшавікоў. Выразы на іхні адрас былі самыя вострыя і зьневажальныя.

Тагачасная асаблівасьць Менску — блізкасьць фронту. І армейскае кіраўніцтва папярэджвала, што ўсясьветная вайна можа перарасьці ў грамадзянскую вайну. Той самы вядомы генэрал Брусілаў папярэджваў, што пагроза існуе менавіта з фронту, што бальшавікі зрабілі сваю чорную справу, армія атручана ядам прапаганды. І армія ня толькі не ратуе вынікі лютаўскай рэвалюцыі, а ўтварыўся статак, які не падпарадкоўваецца, і гэта ня армія, а банда ўзброеных людзей.

— А наколькі былі моцныя пазыцыі бальшавікоў у Саветах у Менску? Ці адрозьніваліся яны ад пецярбурскіх?

— Вядучыя ролі ў Саветах у Менску займалі габрэйскія партыі, яны занялі першыя два месцы на выбарах ва Ўстаноўчы Сход. Яны займалі даволі мірныя памяркоўныя пазыцыі, бо яны баяліся рэвалюцыйнасьці, баяліся габрэйскіх пагромаў. На выбарах, улічваючы нацыянальны склад гарадоў і мястэчак Беларусі, яны занялі вельмі моцныя пазыцыі, асабліва на выбарах у ліпені 1917 году ў гарадзкую Думу Менску. Габрэйскія партыі — Бунд, Паалей-Цыён і сіяністы — займалі каля паловы Менскай Думы. Бунд, вядома, быў найбольш папулярнай партыяй сацыялістычнага кірунку.

Дарэчы, на выбарах 30 ліпеня ў Менску упершыню ў Савет была абраная жанчына, пра якую мы і сёньня мала ведаем — Яўгенія Гурвіч, якая акурат прайшла ад Бунду і ўзначаліла камісію па адукацыі. Лютаўская рэвалюцыя 1917 году вельмі хутка разьняволіла жанчын, і яны масава «пабеглі ад кухні» і сталі прымаць вельмі актыўны ўдзел у палітыцы. Яўгенія Гурвіч клапацілася пра мінчан — уявіце сабе, 2 тысячы хворых на тыф у горадзе, якіх не было дзе разьмяшчаць. І Гурвіч «выбіла» 300 ложкаў для хворых у Вайсковым шпіталі ў Менску.

Увогуле ў выбарчым працэсе ўдзельнічала больш за 20 партыяў, а ўсяго тады ў Беларусі налічвалася 240 (кажучы сучаснай мовай) няўрадавых арганізацый і грамадзкіх ініцыятыў. Яны тады называліся грамадзянскімі камітэтамі.

— Як тады выяўлялася гэтая рэвалюцыйная грамадзкая энэргія жанчын? Ці бачылі сябе жанчыны пераважна ў традыцыйных жаночых формах дзейнасьці, ці яны ўжо актыўна асвойвалі і «традыцыйныя» мужчынскія ролі?

Тым часам у Менску былі нават жанчыны-пажарныя

— Жанчына са зброяй — тады гэта нярэдкая зьява. Можна ўзгадаць той самы вядомы жаночы батальён на фронце. Дарэчы, камандуючы Заходнім фронтам Балуеў і камісар Жданаў патрабавалі вывесьці гэты жаночы батальён, бо ён толькі спрыяе хаосу на фронце, а ніякіх пазытыўных вынікаў ад ягонай прысутнасьці яны ня бачылі. Тым часам у Менску былі нават жанчыны-пажарныя, напрыклад.

Тады Менск заліла хваля крыміналу, амаль штодня нараджаліся новыя крымінальныя групоўкі. І людзі шукалі паратунку, стваралі народную міліцыю. Так што карані народнай міліцыі зусім не бальшавіцкія.

— Чытаючы гістарычную літаратуру, можна сказаць, што яшчэ летам 1917 году ідэя незалежнасьці Беларусі яшчэ ані ў кога не ўзьнікала на сур’ёзным партыйным узроўні. Але ўжо ў сакавіку 1918-га была абвешчана незалежная БНР. Як беларускія палітыкі так хутка прайшлі гэты шлях да ўсьведамленьня незалежнасьці?

— Ужо ў кастрычніку, калі праходзілі армейскія зьезды, беларускія палітыкі ўбачылі, што ані Часовы ўрад, ані бальшавікі не дазволілі фармаваньня армейскіх частак паводле нацыянальнага прынцыпу — гэта моцна спрыяла фармаваньню нацыянальнай думкі і арыентацыі.

​Па-другое, за гэты час палітыкі неяк адсталі ад грамадзкай думкі, якая ўжо імкліва ішла наперад, да стварэньня нацыянальнай дзяржавы. Просты люд, сяляне на зьездах, якія зьбіралі эсэры і іншыя партыі, казалі, што калі ўжо шукаць паратунку, дык толькі ў сваім нацыянальным доме. Дарэчы, тэрмін «расейская акупацыя Беларусі» ўпершыню зьявіўся восеньню 1917 году. І тады зьявілася думка, што паратунку ад усіх гэтых арміяў з усходу і захаду трэба шукаць ва ўласным доме.

Ужо ў сьнежні ўвесь Менск абляпілі аб’явы, што Беларуская Рада ў былым губэрнатарскім доме адкрывае бясплатныя курсы па беларускай мове, гісторыі, геаграфіі. Быў зроблены цэлы шэраг канкрэтных крокаў па арганізацыі нацыянальных структураў у арміі, прафсаюзах, у школах. Ну, і, вядома ж, глядзелі на суседзяў — бо ва ўкраінцаў гэты працэс здабыцьця незалежнасьці імкліва разьвіваўся.

Беларускі падручнік так і ня выйшаў за рамкі савецкай гістарыяграфіі

— Што ў сёньняшняй беларускай гістарыяграфіі, у школьных падручніках кажуць пра падзеі 1917 году?

— На мой погляд, беларускі падручнік так і ня выйшаў за рамкі савецкай гістарыяграфіі. Няма нейкай выверанай дзяржаўнай лініі. Ідэалёгія вельмі хісткая — і хочацца пра сябе казаць як пра незалежную краіну, але зь іншага боку — як бы не пакрыўдзіць усходняга суседа.

Гэта прыводзіць да таго, што па-ранейшаму антыгероі беларускай гісторыі, ворагі беларускай дзяржаўнасьці — Мясьнікоў, Кнорын — існуюць у падручніках, замацаваныя ў тапаграфіі. Калі глядзець з пункту гледжаньня ўмацаваньня сувэрэнітэту краіны, то цяперашняя палітыка захаваньня нацыянальнай памяці патрабуе перагляду.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

Спасылкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG