Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі тэрор: 700 тысяч незабытых мёртвых


Мэмарыяльны комплекс у Карэліі на месцы масавых пакараньняў у гады сталінскіх рэпрэсій
Мэмарыяльны комплекс у Карэліі на месцы масавых пакараньняў у гады сталінскіх рэпрэсій

30 ліпеня ў Расеі з помпай адсьвяткавалі Дзень Ваенна-марскога флёту. Пра сумны юбілей, які прыпаў на тую самую дату — 80-годзьдзе пачатку Вялікага тэрору, піку сталінскіх рэпрэсій 1937–38 гадоў — узгадвалі ў сацыяльных сетках, дзе праходзіць акцыя #помнимбольшойтеррор. На афіцыйным узроўні памятных захадаў няма.

Паводле нядаўняга апытаньня, пра сталінскія рэпрэсіі ў расейцаў адназначнага меркаваньня ня склалася. Апытаныя падзеленыя амаль пароўну: 43% сьцьвярджаюць, што без тагачасных крывавых чыстак «нельга было захаваць парадак у краіне», 49% упэўненыя, што апраўдаць рэпрэсіі такога маштабу нічым нельга. Пры гэтым толькі 16% рэспандэнтаў лічаць справядлівымі тагачасныя рашэньні сталінскіх судоў і «троек», у той час як 68% сказалі, што ім не давяраюць.

Фармальным стартавым сыгналам для разгортваньня найбольш масавага этапу рэпрэсій 80 гадоў таму паслужыў падпісаны 30 ліпеня 1937 году загад наркама ўнутраных справаў СССР Мікалая Яжова нумар 447 «Аб апэрацыі па рэпрэсаваньні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элемэнтаў». У ім, у прыватнасьці, гаварылася: «Перад органамі дзяржаўнай бясьпекі стаіць задача — самым бязьлітасным чынам разграміць ўсю гэтую банду антысавецкіх элемэнтаў, абараніць працоўны савецкі народ ад іх контррэвалюцыйных інтрыг і, нарэшце, раз і назаўжды скончыць зь іх подлай падрыўной работай супраць асноваў савецкай дзяржавы». (Менш чым праз два гады сам Яжоў будзе арыштаваны і ў пачатку 1940-га расстраляны па абвінавачаньні ў той самай «подлай падрыўной рабоце»).

Бальшавіцкія правадыры ў 1937 годзе: Варашылаў, Молатаў, Сталін, Ежов (злева направа)
Бальшавіцкія правадыры ў 1937 годзе: Варашылаў, Молатаў, Сталін, Ежов (злева направа)

Вось два прыклады вынікі намаганьняў выканаўцаў загаду № 447. Гэта гісторыі рэпрэсаваных сваякоў, выкладзеныя ў сацыяльных сетках у рамках акцыі «Памятаем Вялікі тэрор».

Лізавета Савалайнен:

Для сям’і майго бацькі 37-ы быў апошнім годам жыцьця, хай і неспакойнага. Кампанія па пошуку ворагаў народу сярод нацыянальных меншасьцяў (фінаў) у пачатку была кропкавай, але ў 38-м разгарнулася ва ўсю моц.

Усе трое расстраляных у маёй сям’і праходзілі па 58-м артыкуле — контррэвалюцыйная дзейнасьць.

Маці Савалайнен, мой прадзед, быў высланы ў Томск яшчэ ў 1932, паўторна арыштаваны ў 1937, і прысуджаны да расстрэлу паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў фінскай шпіёнска-дывэрсійнай арганізацыі. 10 лютага 1938 году — расстраляны.

Хелена Савалайнен, мая прабабуля, сялянка-аднаасобніца, якая адмовілася ўступаць у калгас, што стала прычынай арышту ў студзені 1938, была расстраляная ў красавіку 1938.

Сіма (Сямён Мацьвеевіч) Савалайнен, мой дзед, тады яму было 36 гадоў. Школьны настаўнік геаграфіі і фізкультуры, беспартыйны, весялун, быў таксама абвінавачаны па 58-м, арыштаваны 9 ліпеня, асуджаны тройкай 25 кастрычніка, і 1 лістапада — расстраляны.

Астатнія члены сям’і патрапілі пад Блякаду, і ў 1942 былі высланыя ў Сыбір, на Лену, дзе загінулі ад голаду і хваробаў, выжыў толькі Арва, мой бацька. У маёй сям’і савецкай уладай было забіта і закатавана 9 чалавек.

Марына Макарэвіч:

Пётр Радзіёнавіч Буракоў. Мой прадзед. 1887 год нараджэньня. Быў вядомым на Паўночным Каўказе і ў Стаўрапальскім краі слугай рускай баптысцкай царквы (пратэстанцкая галіна хрысьціянства). Першы раз рэпрэсаваны ў 1928 г. як кулак — за наяўнасьць двух коней. Выселены з Стаўрапаля на поўнач Уралу з шасьцю дзецьмі. Адбыў увесь тэрмін, вярнуўся ў 1936 годзе, страціўшы ў ссылцы жонку і двух дзяцей. Яе прымусілі даглядаць за хворым на сухоты супрацоўнікам НКУС. Заразілася, памерла ў 1930 годзе. Другі раз прадзед быў арыштаваны ў 1939 за рэлігійную дзейнасьць. Вызвалены ў 1943 годзе разам зь іншымі сьвятарамі па патрабаваньні краінаў-саюзьнікаў СССР у Вялікай айчыннай вайне. Зноў арыштаваны ў 1947 годзе. Па словах відавочцаў, якія перажылі зьняволеньне, яго вельмі мучылі, прымушалі падпісаць адмову ад веры. Памёр ад катаваньняў у 1948 у турме гораду Нальчык, магіла нам невядомая. Ні ў якіх у сьпісах рэпрэсаваных ня значыцца ні ён, ні жонка, ні дзеці. (…)

Чаму, з пункту гледжаньня гісторыкаў, менавіта лета 1937 года стала пераломным момантам у гісторыі рэпрэсій, і чым абумоўлены тэрмін «Вялікі тэрор»? Мы папрасілі камэнтараў у гісторыка Мікіты Пятрова, намесьніка кіраўніка Навукова-інфармацыйнага і асьветніцкага цэнтру таварыства «Мэмарыял».

Мікіта Пятроў: Па-за ўсякім сумневам, ёсьць некалькі дат, якія азначаюць разварот тэрору да ўзроўню ня проста ўсесаюзнага, а ўзроўню масавых апэрацый НКУС. Зразумела, што зь лютаўска-сакавіцкага пленуму 1937 году вялася мэтанакіраваная работа па стварэньні ў краіне адпаведнай абстаноўкі, прапагандысцкіх шумных кампаній супраць так званых ворагаў народу. Але менавіта пасьля выхаду пастановы ЦК ВКП (б), якая была разасланая на месцы 2 ліпеня 1937, пачалася падрыхтоўка да масавай апэрацыі па рэпрэсаваньні былых кулакоў і так званых антысавецкіх элемэнтаў. Гэта тое, што было потым аформлена як загад НКУС № 447, цалкам сакрэтны, ад 30 лiпеня 1937 году. Паводле гэтага загаду апэрацыя па масавым рэпрэсаваньні, арыштах і расстрэлах па квотах, па так званым лімітах з разглядам справаў на зацьверджаных ў Палітбюро тройках мясцовых органаў НКУС — гэтая апэрацыя пачалася 5 жніўня 1937 году. Так што тут некалькі дат.

Мікіта Пятроў
Мікіта Пятроў

РС: Колькі чалавек пацярпела на піку гэтага масавага тэрору, пачынаючы са жніўня 1937 гады, дапусьцім, да канца яжоўшчыны?

Мікіта Пятроў: За пэрыяд гэтых масавых апэрацый, да 17 лістапада 1938 году, калі тэрор быў спынены гэтак жа па камандзе з Крамля, як ён і пачаўся летам 1937 году, было арыштавана паўтара мільёна чалавек, зь іх крыху больш за 700 тысяч чалавек былі расстраляныя.

РС: Ці ёсьць у гісторыкаў адназначныя высновы наконт таго, якіх палітычных мэтаў дамагаўся Сталін, разьвязваючы Вялікі тэрор, і наколькі ён іх дасягнуў?

Мікіта Пятроў: Для таго, каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба дакладна сказаць, чаго хацеў Сталін. У дадзеным выпадку ў гісторыкаў меркаваньні адрозьніваюцца. З майго пункту гледжаньня, Вялікі тэрор быў непазьбежным працягам усёй рэпрэсіўнай лініі савецкай дзяржавы, пачынаючы з Кастрычніцкага перавароту 1917 году, калі мэтанакіравана зьнішчалі тых, хто выступаў супраць савецкай улады ці патэнцыйна мог супраць яе выступіць. Зьнішчалі цэлыя клясы. Гэта значыць, гэты тэрор насіў, з аднаго боку, характар мераў па ізаляцыі краіны ад астатняга сьвету, такога, я б сказаў, застрашваньня усіх, хто мог выступаць супраць, а з другога боку, ён меў дактрынальна-клясавую аснову — зьнішчэньне ўсіх былых прадстаўнікоў заможных клясаў, тых, каго звалі ў справаздачных дакументах ОГПУ, а потым НКВД «былымі людзьмі». То бок, гэта быў для Сталіна свайго роду інструмэнт пабудовы бясклясавага грамадзтва. У дадзеным выпадку, калі з пункту гледжаньня Сталіна вырасла новая савецкая інтэлігенцыя, можна было пазбаўляцца ад усяго таго, што ён не хацеў бачыць у будучым сацыялістычным грамадзтве. Заўважым, што дакладна такія ж мерапрыемствы, масавыя чысткі і расстрэлы, прайшлі ва ўсіх краінах, куды да вайны прыйшла Чырвоная армія ў якасьці захопніка — у адарваныя ад Польшчы тэрыторыі, у краіны Балтыі, дзе праводзіліся высяленьні. А ў пасьляваенны час і ў краінах Усходняй Эўропы ішлі дакладна такія ж масавыя чысткі, якія ажыцьцяўляліся менавіта на аснове клясавых дактрынаў.

Цалкам матэрыял Яраслава Шымава чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG