Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл, які жывіў пустыню


Ніл Гілевіч
Ніл Гілевіч

Мне вельмі хацелася памірыць іх — двух сапраўды народных паэтаў, якія атрымалі гэтае званьне ў дэмакратычнай краіне, у яе дапрэзыдэнцкі пэрыяд, і шматкроць даказалі сваю глыбінную народнасьць у час, калі ад дэмакратычнай Беларусі застаўся толькі салодкі ўспамін. Прычым зь якой падваротні тая чорная котка, што паміж імі прабегла, выскачыла, яны і самі прыгадаць не маглі. Ці то Рыгор Барадулін напісаў крыўдную эпіграму на Ніла Гілевіча, ці то Гілевіч на Барадуліна (абодва ж былі непераўзыдзенымі эпіграматыстамі). Карацей кажучы, жыць у стане нейкага ўзаемнага супрацьстаяньня двум народным было не да твару, што я ім па чарзе і даводзіў. Ды, відаць, дыплямат зь мяне быў дрэнны — Ніл Сымонавіч і Рыгор Іванавіч так і не памірыліся.

Помню, як раўніва ўспрыняў Гілевіч маю прадмову да «кнігазбораўскага» тому Барадуліна. Маўляў, геніяльнасьць паэта відаць з дыстанцыі часу, а вы яго прыжыцьцёва ледзь ня ў почат сьвятых запісалі... Я не пярэчыў, усьведамляючы, што неспадзявана для сябе падкінуў паленца ў вогнішча іхняй, ужо прыгаслай з гадамі, варажнечы. А праз пэўны час і Гілевіч зьвярнуўся да мяне з той самай просьбай — напісаць прадмову да ягонай новай кнігі. Што я і зрабіў, ня крывячы душой і думаючы, што хоць такім чынам я іх сымбалічна набліжу. Сымбалічна, бо Барадуліна на той час ужо не было ў жывых.

Цяпер яны памірацца там і без маёй дапамогі. Абавязкова. Бо што значаць нейкія жыцьцёвыя драбніцы адтуль, з гледзішча вечнасьці.

Нілу Гілевічу было наканавана стаць апошнім народным паэтам Беларусі. Яму самому гэтага хацелася. Ён нават змог адгаварыць яшчэ аднаго выдатнага паэта, свайго сябра, ад прэтэнзіяў на гэтае званьне, падмацаваных і талентам, і падрыхтаванай ужо ўсёй неабходнай дакумэнтацыяй. Ды так адгаварыў, што яны па-ранейшаму засталіся сябрамі! Зрэшты, мне невядома, чыя тут большая заслуга — ці настойлівага адгаворшчыка, ці ўсё ж некрыўдлівага сябра. У любым выпадку, перамаглі дружба і чалавечая годнасьць, а яшчэ адна чорная котка з падціснутым хвастом мусіла вярнуцца туды, адкуль вылезла.

Апошнім часам з-за хваробаў Ніл Гілевіч практычна не пакідаў сваёй кватэры ў знакамітым пісьменьніцкім доме на Маркса, 36, але самотным ня быў. Да яго ўвесь час прыходзілі наведнікі, цэлыя дэлегацыі прыяжджалі з другіх гарадоў. Мяне асабліва ўражвала, колькі яму прыносілі кніг. Аўтары і выдаўцы, стараючыся зрабіць прыемнае старому кніжніку, шчодра дарылі яму сваю прадукцыю, якая акуратна складвалася на канапе — усё вышэй і вышэй, нагадваючы ўзьвядзеньне нейкай абарончай сьцяны з кніг. Відаць, паэту за гэтай сьцяной было ўтульна і спакойна, ён любіў пагаварыць пра кніжныя навінкі. Але чытаць амаль ужо ня мог, прасіў сястру.

Аднойчы і мне давялося пабыць у ролі чытальніка. Праўда, ня кнігі, а лістоў Зоські Верас. Ніл Сымонавіч перадаваў іх для публікацыі і паскардзіўся, што вось хацеў перачытаць, ды ня здолеў — зрок слабы і почырк складаны. А я да таго часу расчытаў ужо лістоў з васямсот. Думаю, прачытаю ліст-другі. Але Ніл Сымонавіч аказаўся слухачом надзіва пільным, і пакуль я ўсю перапіску не агучыў (лістоў з дваццаць), з хаты не адпусьціў. А за цярплівае чытаньне ўзнагародзіў гісторыяй, як ён прымаў Зоську Верас (рáдную БНР!) у савецкі яшчэ Саюз пісьменьнікаў.

Фармальна прыняць яе не маглі — не была грамадзянкай Беларусі (жыла ў лесе пад Вільняй). І тады («і та-а-а-ды» — падкрэсьлена расьцягваў слова апавядальнік) нікому невядомую бабульку Людвіку Антонаўну Сівіцкую часова прапісаў у сваёй маладзечанскай хаце Генадзь Каханоўскі. У выніку Зоська Верас атрымала пісьменьніцкі білет і неабходную для пражыцьця пэнсію, а першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў БССР Ніл Гілевіч — вымову з ЦК КПБ за страту палітычнай пільнасьці. І ўжо другога Гілевічавага пратэжэ — паэта і былога «эсбээмаўца» Кастуся Шавеля — і блізка да таго саюзу не падпусьцілі.

Захаваў Ніл Сымонавіч для гісторыі і лягерныя вершы Ларысы Геніюш. Ведаючы пра мае дасьледчыцкія зацікаўленьні, без усякіх умоваў перадаў іх для публікацыі. А сам атрымаў тыя вершы з рук Васіля Быкава, а той, у сваю чаргу, ад самой аўтаркі ў Зэльве ў 1971 годзе. Больш за сорак гадоў перахоўваліся яны за нейкую сотню мэтраў ад установы, дзе мяняюцца гаспадары кабінэтаў, але дзе нязьменна лічаць вялікую нацыянальную паэтку злачынцам, што не падлягае рэабілітацыі.

Як і кожнага творцу, Ніла Гілевіча клапаціла, як адгукнулася яго слова, ці ўзышло пасеянае, ці спажыта яно, ці прынесла карысьць. І тут была яго болевая кропка. Ён неаднаразова згадваў, што на яго раман у вершах «Родныя дзеці» (першы і апошні пакуль у беларускай літаратуры) у друку так і не зьявілася ніводнай рэцэнзіі, як не зьявілася і ніводнага сурʼёзнага водгуку на Збор твораў у 23 тамах (апрача тэкстаў аўтара гэтых радкоў на сайце Радыё Свабода і ў часопісе «Наша вера»). Гэтае маўчаньне крытыкаў не дадавала паэту спакою. І яго можна зразумець.

Не забудуся, як усьцешылі Ніла Сымонавіча словы Ларысы Геніюш, адшуканыя мною ў адным зь лістоў з Зэльвы: «Ніл Гілевіч — гэта жывіцель пустыні». Ён нават перапытаў у слухаўку: «Як-як яна мяне назвала? Жывіцелем пустыні? Але ж і ёмка, але ж і трапна». І пазьней, ведаю, падабаліся яму параўнаньні зь вялікай і паўнаводнай ракой, якая жывіць зялёныя аазісы ў афрыканскіх пясках.

І гэтае параўнаньне, у адрозьненьне ад многіх другіх, не кульгае. Калі азірнуцца на зробленае Гілевічам ва ўмовах, набліжаных да афрыканскіх, то так — ён той Ніл, які жывіў пустыню. І ўжо залежыць ад нас, ці будуць памнажацца ў гэтай пустыні аазісы беларушчыны, ці ўсё ізноў засыплюць сухія і абыякавыя пяскі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG