Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэнту-мэнту, альбо Колькі важыць эпіграма


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Кажуць, маладое віно ліць у старыя мяхі ня варта. Наўрад ці словы гэтыя ўспрымаюцца ўсур’ёз сучаснымі вінаробамі, якія льюць сваё віно ў што заўгодна — у плястыкавыя пляшкі, у папяровыя пакеты, у карабельныя бочкі, у чыгуначныя цыстэрны. Абы хмельнае пітво да спажыўца даплыло-даехала.​

Гэта калі ўспрымаць крылаты выраз пра віно ў мяхах у літаральным сэнсе. А калі ў пераносным, то тут залатое правіла старажытных вінаробаў аспрэчваецца на кожным кроку. Возьмем, прыкладам, літаратуру. Не зьлічыць, колькі галёнаў маладога паэтычнага віна было разьліта ў «старыя мяхі». І як тое віно-зеляно маладзіла, здавалася б, спарахнелыя канструкцыі санэтаў, трыялетаў, танкаў, рандо, одаў і эпіталямаў!​

Эпіграма таксама мех яшчэ той — за стагодзьдзі добра-такі падношаны, месцамі зацыраваны. Але як трымае давераныя яму градусы!​

Паводле «Паэтычнага слоўніка» Вячаслава Рагойшы, «першыя беларускія эпіграмы зьявіліся на пачатку ХХ ст. Майстрам Э. быў Я. Купала...»​

Прыбядняцца мы ўмеем, гэта ўвайшло ў наш нацыянальны характар. Але ў дадзеным выпадку — навошта? І навошта шляхецкую кавеньку Купалы ставіць у кожны літаратурны качарэжнік? Ёй там не заўсёды месца. Дый самому Яну Дамінікавічу грэцца ў промнях чужой славы наўрад ці спадабалася б. Мог бы і ня змоўчаць ды палічыць той самай кавенькай гаршкі на плоце. Ці эпіграмай смалянуць, ды такой, што страшна падступіцца: ​

«Макну пёрка ў атрамэнту
ды як чыркну па паперы, —
крэнту-мэнту, крэнту-мэнту, —
як быкі, стаяць літэры!»

Купала ўсё ж меў на каго азірнуцца. Эпіграмы пісалі ігумен Куцеінскага манастыра Іаіль Труцэвіч і кнігавыдавец Лявон Мамоніч — яшчэ ў XVII стагодзьдзі. Славутым эпіграматыстам быў беларуска-польскі паэт Андрэй Рымша, які жыў у другой палове XVI стагодзьдзя. А пальмай першынства мы маем поўнае права ўганараваць усё таго ж Францішка Скарыну — аўтара эпіграмы ў кнізе «Іоў», адкуль і паходзіць знакаміты радок "людем посполитым к доброму научению«.​

Такім чынам, эпіграма — жанр, успадчынены ад Скарыны, які, у сваю чаргу, пераняў яго ад старажытнагрэцкіх і рымскіх паэтаў. Жанр, які вымагае ад творцы дасьціпнай думкі і лёгкага пяра. У сувязі з гэтым эпіграму прынята залічваць да лёгкіх жанраў. Сапраўды, над чатырма-шасьцю радкамі чаго доўга карпець? Карпець доўга, можа, і ня варта, але ж адточанасьць эпіграмных радкоў, іх рыфмоўка мусяць быць бездакорнымі. А гэта ўжо праца ювэлірная. Іначай кажучы, эпіграмы пісаць — ня молатам па кавадле гахаць, эпіграматыст хутчэй нагадвае фэхтавальніка, які элегантнай рапірай робіць нечаканы і дакладны ўкол.​

На першы погляд, лёгкасьць (-грам-) нібыта прысутнічае і ў самім слове эпіграма. Але яна падманлівая. Справа ў тым, што ў часы даўнейшыя выбуховы гук г перадаваўся ў старабеларускай мове дзьвюма літарамі кг, адпаведна і пісалася — эпікграма. І вось гэтыя кг, якія невідочна прысутнічаюць у кожнай эпі(к)граме, для мяне і ёсьць паказчыкам, колькі яна насамрэч важыць. Важыць шмат. Асабліва калі выходзіць з-пад пяра майстра. Тады яе і баяцца гіцлі рознай масьці, бо ведаюць: напісанае пяром ня высечаш і тапаром.​

Днямі ў Менску выходзіць з друку першая айчынная аўтарская кніга эпіграмаў. Яе аўтар — народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Эпіграматыстам ён стаў яшчэ ў 1958 годзе, і з тае пары ніколі не забываўся на гэты жанр, які ў паэтавым творчым арсэнале — адзін з самых запатрабаваных. Гілевіч заўсёды падчапляў на вастрыё свайго пяра антыбеларускіх тыпаў. Вось адзін зь іх, які ў апантаным наступе супраць усяго нацыянальнага гатовы хаўрусавацца з кім заўгодна:​

Я — ва ўсім дэмакрат прынцыповы,
За свабоду жыцьцё пакладу.
А супроць беларускае мовы
Нават з Гітлерам разам пайду!

Вось чыноўнік, які, пнучыся заняць уладную пасаду, вытручваў у сабе ўсё беларускае, але так і ня змог пазбавіцца мясцовага акцэнту:​

Шаноўненькі мой беларусік з чыноўнага племя!
Запомні: калі ты падчас афіцыйнай прамовы
Ня скажаш чатыры разы «ў настаяшчая ўрэмя» —
Ты тэсту ня пройдзеш на веданьне рускае мовы.

А вось нацыянальны пярэварацень — від homo soveticus, надзвычай распаўсюджаны ў Беларусі. Бо адкуль жа на беларускай зямлі ўзяліся музэй Суворава ў Кобрыне, «домік Пятра І» у Полацку, мэмарыяльны знак «царю-освободителю Александру ІІ» у Заслаўі, «дубы Напалеона» па ўсёй Беларусі, вал Івана Жахлівага ў тым самым Полацку? Кім гэта ўсё збудавана, названа, ушанавана і разрэклямавана? Ды тым самым суайчыньнікам-пярэваратнем, якога Гілевіч іранічна назваў «звышудзячным беларусам-патрыётам», бо:​

Ад настальгіі па раі за Польшчай
Ён лічыць задачай сваёй найбольшай —
Ля шляху між Менскам і Маладэчнам
Паставіць камень з надпісам вечным:
«Тут, у дваццатым, спыняўся пры дрэве
Юзаф Пілсудскі па малой патрэбе».

Аднак захапіўся я цытаваньнем, больш ня буду. Цытаваць будзеце вы, шаноўныя чытачы, калі прачытаеце «Эпіграмы» Ніла Гілевіча. Прычым — на памяць, я ў гэтым перакананы, бо афарыстычныя радкі паэта лёгка запамінаюцца. А запомніўшыся, будуць надзейна слугаваць вам, дапамагаць ставіць на месца нягоднікаў рознай пароды, бараніць свой сьвет ад малых і вялікіх агрэсіяў сьвету чужога. ​

Вокладка кнігі Ніла Гілевіча «Эпіграмы». Мастак Ігар Гардзіёнак
Вокладка кнігі Ніла Гілевіча «Эпіграмы». Мастак Ігар Гардзіёнак

У вышэйзгаданым «Паэтычным слоўніку» названыя трыццаць тры клясыкі жанру, пачынаючы ад Катула і Вальтэра і заканчваючы Рыгорам Барадуліным. На дзіва, чамусьці сярод гэтых трыццаці трох ня згадваецца імя Ніла Гілевіча — сатырыка, які, паўтаруся, эпіграмы піша больш за паўстагодзьдзя. Ня хочацца ставіць пад сумненьне дасьведчанасьць аўтара слоўніка — хутчэй за ўсё, гэта прыкрая выпадковасьць. Ды хіба ўсё своечасова дапільнуеш і ўлічыш?​

А кніга — рэч заўважная. Вось напісаў у свой час Янка Сіпакоў кнігу «Веча славянскіх балядаў», і ніхто пасьля гэтага не гаварыў, што ў беларускай літаратуры балядны жанр у занядбаньні. Напісаў Юрка Голуб цэлую кнігу трыялетаў, і гэты жанр відавочна папрыкметнеў для нашых літаратуразнаўцаў. Бо адна справа — прышчапіць адзін-два саджанцы, і зусім іншая — пасадзіць цэлы сад.​

І вось на беларускім Парнасе вырастае яшчэ адзін сад. Калючы і страхотлівы, зь неспадзяванымі сукамі і патырчакамі — для прайдзісьветаў. І з гаркаватымі, але спажыўнымі пладамі — для суайчыньнікаў-аднарадзімцаў. Сад эпіграмаў. Хоць, прызнаюся, у дадзеным выпадку мне хочацца пісаць гэтае слова на старасьвецкі лад — эпікграмаў. Хочацца яшчэ раз вылучыць гэтае знакавае для нас спалучэньне літараў — кг. Бо эпікграмы Ніла Гілевіча не прызначаныя для пустапарожняга зубаскальства, яны насамрэч усе — вагомыя. ​

А ўсім тым, хто думацьме іначай, хай штоночы над вухам гучыць купалаўскае — крэнту-мэнту, крэнту-мэнту...

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG