Ва Ўкраіне 18 лютага ўшаноўваюць памяць «Герояў Нябеснай сотні». Чатыры гады таму, 18 лютага, у Кіеве адбыліся масавыя расстрэлы ўдзельнікаў пратэстаў, што пачаліся ў лістападзе 2013 года. За ўвесь час супрацьстаяньняў у 2013-2014 гадах загінулі больш як 100 мірных грамадзян.
Падчас адкрыцьця ў Кіеве выставы «Перавядзі мяне праз Майдан» прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка анансаваў свой удзел у судовым працэсе над вінаватымі ў гібелі мірных пратэстоўцаў.
«Зло мае быць пакаранае. Таму ўпершыню ва ўкраінскай гісторыі я ўхваліў рашэньне прыняць удзел у судовым працэсе. Беспрэцэндэнтна, калі прэзыдэнт асабіста гэта робіць. Але гэта справа кожнага з нас», – заявіў ён.
Паводле яго, праваахоўная ды судовая сыстэмы маюць прайсьці «працэдурна складаны шлях, каб у забойцаў потым не было ніякіх зачэпак у эўрапейскіх судах«.
У той жа час грамадзкая арганізацыя «Сям’я Герояў Нябеснай сотні», у якую ўваходзяць сваякі і родныя загінулых, зьвярнуліся да Пятра Парашэнкі з адкрытым лістом: яны стурбаваныя адсутнасьцю прагрэсу ў прыцягненьні да адказнасьці вінаватых у гібелі мірных пратэстоўцаў.
«Вы абяцалі, што судзьдзі Майдана будуць сядзець у турме. У той жа час, судзьдзя, які забараняў Майдан у Адэсе стаў судзьдзём Вярхоўнага суду. На 4-ю гадавіну паездкі ў Міжгор’е вы прызначылі бестэрмінова 3 судзьдзяў, якія каралі аўтамайданаўцаў за тую паездку. Толькі 10 % судзьдзяў звольненыя», – адзначаецца ў лісьце.