Насуперак паведамленьням некаторых мэдыяў, што Масква і Менск дамовіліся падняць тарыф на транзыт расейскай нафты ў Беларусь на 7,7%, такога рашэньня пакуль насамрэч няма.
Пра гэта заявіў агенцтву БЕЛТА старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка:
«Разьвязаньне нафтагазавых пытаньняў з Расеяй, відавочна, пераносіцца на наступны год».
Ён дадаў, што бакі працягваюць перамовы і Беларусь разьлічвае на больш хутчэйшае разьвязаньне ўсіх пытаньняў.
Пакуль бакі разьвязалі толькі частку пытаньня — дамовіліся, што новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць з 1 лютага 2017 году, а не з 1 студзеня, як прапаноўвалі ўлады Беларусі. Дарэчы, пачынаючы з 2010 году, тарыфы на транзыт калі і зьмяняліся, то звычайна ў лютым. Так што Масква проста не прыняла беларускую прапанову. А вось наколькі ўзрастуць тарыфы — невядома, бо пажаданьні Масквы і Менску істотна адрозьніваюцца. Беларусь хацела б павелічэньня на 20,5%. Расея заяўляе, што рэальна можна казаць пра рост дзесьці каля 5,5%.
Нафтагазавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй пачаўся з таго, што ў сувязі з усясьветным падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты Менск назваў справядліваю цану на расейскі газ у памеры 73 даляраў за адну тысячу кубоў. Масква ж настойвае на выкананьні дзейнага кантракту, які ахоплівае 2015 і 2016 гады. Паводле гэтага дакумэнту, цана на газ для Беларусі складае 132 даляры.
Бакі доўга спрачаліся. Але ж апошняе слова застаецца за гаспадарамі вуглевадародаў. Так, 23 сьнежня віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзій Дварковіч заявіў, што ўрэгуляваньне газавай спрэчкі паміж Расеяй і Беларусьсю магчымае судовым чынам. Пакуль жа Масква скараціла даставы нафты на беларускія прадпрыемствы. У сьнежні неафіцыйна стала вядома, што Беларусь хацела б атрымаць на 2017 год 26 мільёнаў тонаў нафты. Аднак рэакцыі расейскай улады на такія абʼёмы яшчэ не было.