Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што ўплывае апазыцыя


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Прэзыдэнцкія выбары ў самым разгары, а апазыцыя працягвае публічную спрэчку наконт фармату свайго ўдзелу ў гэтай кампаніі. Дыскусія цікавая тым, што для дасягненьня адной і той жа мэты прапануюцца абсалютна супрацьлеглыя сцэнары.

Напрыклад, асноўныя структуры апазыцыі згодныя ў тым, што адна з галоўных яе мэтаў у гэтай кампаніі — не дапусьціць міжнароднай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, яго прызнаньня і прызнаньня вынікаў выбараў з боку Захаду. Але парадаксальна, што дзеля вырашэньня гэтай задачы розныя апазыцыйныя групы прапануюць супрацьлеглую тактыку. Так, Анатоль Лябедзька тлумачыць, што сэнс ягонага ўдзелу ў кампаніі палягае ў тым, каб не дазволіць міжнароднай легітымізацыі выбараў. Бо толькі ўдзел апазыцыі прымусіць улады рабіць фальсыфікацыі, парушаць заканадаўства і інш.

Уладзімер Някляеў, наадварот, лічыць, што сам факт удзелу апазыцыі ў кампаніі дазволіць Эўропе прызнаць гэтыя выбары, таму апазыцыйныя кандыдаты павінны зьняцца. Такую ж лінію пасьлядоўна праводзіць рэсурс «Хартыя’97». Ірына Халіп надрукавала артыкул «Мышы і мерцьвякі», у якім у стылі Зянона Пазьняка фактычна абвінавачвае Лябедзьку ні многа ні мала ў супрацоўніцтве з КДБ. Што выглядае непрыгожа.

Але ўся праблема ў тым, што, здаецца, апазыцыя перабольшвае сваю ролю ў беларускай палітыцы. Чым далей, тым яна становіцца ўсё слабейшым палітычным суб’ектам, які ўсё менш уплывае на грамадзка-палітычныя працэсы ў краіне. Гэта адбываецца з розных прычын, пра якія ўжо даводзілася пісаць.

Апошнія паўтара года зьявіўся новы чыньнік — украінскі. Наступствы кіеўскага Майдану моцна паўплывалі на адмоўнае стаўленьне беларускага грамадзтва да самой ідэі апазыцыйнасьці. Шмат беларусаў лічыць, што ва ўмовах тых пагрозаў, адчуваньне якіх паўстала пад уплывам украінскага крызісу, неабходна кансалідацыя вакол правадыра. А любая апазыцыя — гэта раскол. Таму абывацель проста не гатовы слухаць і ўспрымаць альтэрнатыву.

Паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД, толькі 13,4% насельніцтва давярае апазыцыйным партыям. Хоць людзей з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі ў Беларусі дзесьці ў 2–3 разы больш. То бок цяперашняя структураваная апазыцыя ня можа заваяваць нават «свой» электарат. Найперш таму, што няздольная дамовіцца, аб’яднацца і рэалізоўваць агульную тактыку, адзіны сцэнар.

Гледзячы па тым, як разгортваюцца падзеі, усё ідзе да таго, што тактыку апазыцыі будзе вызначаць улада

І ў міжнародным пляне палітычная вага беларускай апазыцыі ўпала. Яна перастала быць эксклюзіўным партнэрам Захаду ў Беларусі. Ужо нярэдкія выпадкі, калі эўрапейскія палітыкі, наведваючы Менск, не сустракаюцца з апазыцыйнымі лідэрамі.

Працэс размарожваньня адносін паміж Захадам і афіцыйным Менскам мала залежыць ад фармату ўдзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкай кампаніі, увогуле ад яе вынікаў. Добры артыкул на гэтую тэму напісаў Арцём Шрайбман на сайце tut.by. Дачыненьні Беларусі з ЗША і ЭЗ дыктуюцца геапалітычнымі чыньнікамі. Таму ўсе гэтыя дыскусіі наконт тактыкі апазыцыі ў гэтай кампаніі выглядаюць ня надта зьмястоўнымі.

Гледзячы па тым, як разгортваюцца падзеі, усё ідзе да таго, што тактыку апазыцыі будзе вызначаць улада. Справа ў тым, што, паводле маіх ацэнак, ніхто з кандыдатаў у прэзыдэнты (зразумела, акрамя Лукашэнкі) не зьбярэ неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў. Да тых лічбаў, якія цяпер даюць штабы кандыдатаў, трэба ставіцца, мякка кажучы, вельмі асьцярожна.

І калі так здарыцца, то перад уладамі паўстане праблема, што рабіць. Бо пакідаць у бюлетэнях для галасаваньня аднаго Лукашэнку — нават для беларускіх выбараў гэта занадта. І прымаць рашэньне ўлады будуць, зыходзячы не з заканадаўства, а з палітычнай мэтазгоднасьці. То бок, хто больш выгадны для Лукашэнкі супернік, таго і пакінуць. Так што дарма спрачацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG