Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аляксандар Лукашэнка — адзіны кандыдат, які ўспрымае гэтыя выбары ўсур’ёз», — Кірыла Пазьняк


Кірыла Пазьняк, архіўнае фота
Кірыла Пазьняк, архіўнае фота

Прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду пачалі збор подпісаў. Чаму цікавасьць выбаршчыкаў да прэзыдэнцкай кампаніі невялікая? Ці можна чакаць ад кандыдатаў нейкіх крэатыўных хадоў? Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу tut.by Арцём Шрайбман і журналіст Кірыла Пазьняк.

Чаму невялікая цікавасьць выбаршчыкаў да прэзыдэнцкай кампаніі?

Валер Карбалевіч: «Пачаўся этап збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Здаецца, першыя дні ня выявілі вялікай цікавасьці да прэзыдэнцкай кампаніі. У кампаніі 2010 году ў Менску і абласных гарадах да пікетаў апазыцыйных кандыдатаў выстройваліся чэргі. Цяпер гэтага няма і блізка. Хутчэй нейкая актыўнасьць назіраецца каля пікетаў у падтрымку Лукашэнкі. Пра што гэта сьведчыць?»

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: «Можа, яшчэ рана рабіць высновы. Бо першыя дні збору подпісаў былі працоўныя, людзі занятыя на працы. Але відавочна, што цяпер у грамадзтве большая палітычная апатыя. І летні час ня надта спрыяльны для збору подпісаў, бо шмат людзей у адпачынках, на лецішчах. Наўмысна ці не, але ўлада зрабіла гэтыя выбары максымальна нецікавымі для выбаршчыкаў. Таму паўстае пытаньне, ці зможа хто з апанэнтаў Лукашэнкі сабраць 100 тыс. подпісаў?»

Кірыла Пазьняк: «Галоўная прычына апатыі — гэта перадвызначанасьць вынікаў. Апазыцыя не змагла спарадзіць нейкай інтрыгі на гэтых выбарах. Апазыцыйныя кандыдаты ня кажуць ні пра перамогу, ні пра Плошчу. Яны працуюць на ўнутраную легітымацыю вынікаў выбараў».

Карбалевіч: «А калі б апазыцыйныя кандыдаты ня ўдзельнічалі, што, такой легітымацыі не было б? Бо ёсьць жа Гайдукевіч, Цярэшчанка, Улаховіч, якія пры любым раскладзе ўдзельнічалі б у кампаніі».

Пазьняк: «Апазыцыйныя кандыдаты гэтаму дапамагаюць».

Ці можна чакаць ад кандыдатаў нейкіх крэатыўных хадоў?

Карбалевіч: «У такой сытуацыі палітычнай апатыі ад кандыдатаў патрабуюцца нейкія крэатыўныя хады, каб разбудзіць электарат. Як, напрыклад, у 2006 годзе Казулін учыняў нейкія скандальныя дзеяньні. Вось Лукашэнка зрабіў ход Дэпардзьё. А як іншыя?»

Шрайбман: «Я б не перабольшваў ролю пэрсонаў у гэтай кампаніі. Бо амаль усё вызначаецца атмасфэрай, якая пануе ў грамадзтве. У апанэнтаў Лукашэнкі няма рэсурсаў, каб данесьці інфармацыю пра свае крэатыўныя хады да насельніцтва. Нават калі б у іх і была грамадзкая падтрымка, то няма мэханізмаў, каб трансфармаваць яе ў нейкія перамены».

Пазьняк: «Дзеля якаснага крэатыву патрэбныя рэсурсы. У апанэнтаў Лукашэнкі няма грошай на крэатыўныя хады. Таму застаецца спадзявацца толькі на імправізацыю. Аляксандар Лукашэнка — адзіны кандыдат, які ўспрымае гэтыя выбары ўсур’ёз.

Пачатак збору подпісаў выявіў новы слоган выбарчай кампаніі Лукашэнкі: „За будучыню незалежнай Беларусі“. Гэта досыць цікавы ход. Бо большасьць беларусаў падтрымала дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Вылучэньне гэтага слогана сьведчыць пра тое, што зьявілася новае пакаленьне, якое ўспрымае незалежнасьць Беларусі натуральна».

Новы слоган Лукашэнкі

Карбалевіч: «Можна адзначыць пэўную эвалюцыю лёзунгаў Лукашэнкі. Былі слоганы „За Беларусь“, „За незалежную Беларусь“, „За моцную і квітнеючую Беларусь“. І вось цяпер новы лёзунг».

Шрайбман: «Гэта зьвязана з адсутнасьцю вялікіх унутраных дасягненьняў. Маю на ўвазе крызісныя зьявы ў эканоміцы. У такіх умовах цяжка казаць пра квітнеючую ці заможную Беларусь. Таму ўлады імкнуцца гуляць, рабіць акцэнт на той сфэры, дзе можна казаць пра посьпех. Гэта зьнешняя палітыка. Беларусі ўдалося захаваць добрыя адносіны з Расеяй, Украінай, палепшыць адносіны з Захадам. Таму ўлады зьбіраюць вяршкі.

Думаю, на гэтых выбарах улада будзе акцэнтаваць увагу на вонкавых дасягненьнях і пагрозах. А апазыцыя, наадварот, будзе акцэнтаваць увагу на эканамічных чыньніках

Думаю, на гэтых выбарах улада будзе акцэнтаваць увагу на вонкавых дасягненьнях і пагрозах. А апазыцыя, наадварот, будзе акцэнтаваць увагу на эканамічных чыньніках. Вось Лябедзька прапануе антыкарупцыйны мэсэдж і праграму стварэньня новых працоўных месцаў.

Магчыма, акцэнт на незалежнасьці — ня самы ўдалы для Лукашэнкі. Вось падчас сацыялягічных апытаньняў, якія праводзіў BISS, толькі 5% апытаных адзначылі, што іх хвалюе праблема незалежнасьці. Думаю, улады будуць рабіць стаўку ня толькі на ідэі незалежнасьці, але і на тэзісе пра мірнае неба над галавой, мір і спакой».

Карбалевіч: «Тое, што толькі 5% людзей хвалюе праблема незалежнасьці, сьведчыць не пра абыякавасьць да незалежнасьці, а пра тое, што людзі ня бачаць пагрозы беларускаму сувэрэнітэту».

Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў?

Карбалевіч: «Скончылася стварэньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Апазыцыя вылучыла ў абласныя камісіі 16 чалавек, аднак уключаныя туды былі толькі трое. Пра што гэта сьведчыць?»

Пазьняк: «Улады лічаць, што ня варта мяняць выбарчую сыстэму, якая выдатна адпрацавала ўжо шмат выбарчых кампаніяў. Ніякай лібэралізацыі чакаць ня варта. Тым больш калі грамадзтва гэтага не патрабуе».

Шрайбман: «Тэрытарыяльныя камісіі не такія важныя, як участковыя. Апазыцыя вылучыла 65 чалавек у тэрытарыяльныя камісіі, а ўключылі толькі 10. Атрымліваецца каля 15% уключэньня. А ўвогуле па краіне вылучалася 2600 чалавек, а ўключылі — 1900. То бок працэнт уключэньня — 72–75%. Відавочная дыскрымінацыя апазыцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG