У Магілёве на мосьце цераз Дняпро зьявілася беларуская мова. А выставу ў падземным пераходзе ахоўвае міліцыянт.
Пра дату прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёў пакуль невядома, але рыхтуюцца да гэтай падзеі ўжо даўно. У прыватнасьці, адрэстаўравалі мост цераз Дняпро.
Беларускамоўныя шыльды інфармуюць пра рэканструкцыю транспартнай разьвязкі ўключна з самім мостам. Там пазначана, што працы вяліся ў 2015–2016 гадах.
Раней да скульптураў львоў былі прымацаваныя таблічкі з імёнамі тых, хто спрычыніўся да праекту. Першым стаяла імя старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава — як аўтара ідэі. Неўзабаве надпісы пазаціралі.
Падземны пераход зрабілі, рэканструюючы транспартную разьвязку. У ім разьмясьцілі выставу пра гісторыю і сучаснасьць абласнога цэнтру. Подпісы да выяваў расейскамоўныя.
На мост вярнулі і шыльду пра героя Айчыннай вайны Мікалая Яшына. Ягоным імем названы мост.
Падчас рэканструкцыі савецкую атрыбутыку на парэнчах замянілі гербам Магілёва і барэльефамі з ільвінымі галовамі, а з абодвух канцоў паставілі скульптуры — львоў на тумбах.
У апошні свой візыт у Магілёў Аляксандар Лукашэнка застаўся незадаволены тым, як выглядае горад. На ягоную думку, абласному цэнтру не хапае «лоску» і «гармоніі».