Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі ня будзе рэагаваць на абрáзы расейскага НТВ, пераносіць амбасаду ў Ерусалім і адзначаць 100 год БНР


Дзьмітры Мірончык, архіўнае фота
Дзьмітры Мірончык, архіўнае фота

На брыфінгу 7 сьнежня прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык адказаў на шэраг пытаньняў журналістаў, у тым ліку пра рэакцыю на абра́зы Беларусі з боку расейскай тэлевізіі, пра сталіцу Ізраілю (ЗША ўчора прызналі сталіцай Ізраілю Ерусалім, большасьць дзяржаваў не прызнае) і пра прапанову старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва адзначыць на дзяржаўным узроўні 100 гадоў з абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра адказ на абра́зы НТВ

«У любой палеміцы неабходна некалі ставіць кропку, асабліва калі ты ўпэўнены ў сваёй праваце. Прыйшоў час, і ў гэтай тэме ставіць кропку. Так, я чуў падобны зварот ад спадара Марзалюка [дэпутат Ігар Марзалюк прапаноўваў зрабіць супрацоўнікаў НТВ пэрсонамі нон-грата ў Беларусі. — РС]. Нейкіх афіцыйных зваротаў на адрас МЗС не паступала».

Пра Тэль-Авіў і Ерусалім

«Беларусь пацьвярджае сваю пазыцыю прыхільнасьці рашэньням ААН аб палестына-ізраільскім урэгуляваньні, уключна са статусам Ерусаліму. Мы зыходзім з таго, што гэтае пытаньне павінна вырашацца ў фармаце прамых перамоваў уцягнутых бакоў на наяўнай міжнародна-прававой аснове ў поўнай адпаведнасьці зь дзейнымі рэзалюцыямі Рады Бясьпекі ААН і раней падпісанымі пагадненьнямі.

Амбасада Беларусі ў Дзяржаве Ізраіль працягне працу ў Тэль-Авіве, пытаньне пераводу беларускай замежнай установы можа разглядацца толькі ў зьвязку з пасьпяховым завяршэньнем мірнага працэсу і знаходжаньнем узаемна прымальнага рашэньня аб канчатковым статусе Ерусаліму».

Аб прапанове адзначыць 100 гадоў БНР

«Спадар Кастусёў быў прыняты адным з намесьнікаў міністра [замежных справаў] і перадаў зварот, у якім уздымаюцца пытаньні ў дачыненьні аднаго зь няпростых этапаў беларускай гісторыі. Дарэчы, сам спадар Кастусёў адзначыў, што да гэтай пары ані ў асяродзьдзі гісторыкаў, ані ў грамадзтве няма аднагалоснай згоды наконт ацэнак значнасьці таго, што адбывалася ў 1917–1919 гадах на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Мяркую, што ў такіх умовах мэтазгодна пакінуць гэтую тэму дасьледчыкам і гісторыкам, спэцыялістам-міжнароднікам, публіцыстам, дзеячам культуры і мастацтва, якія кожны са свайго боку маглі бы ўсеабдымна адлюстраваць тыя падзеі, іх месца і значэньне ў гісторыі нашага народу. Наколькі я ведаю, спадар Кастусёў зьвярнуўся з просьбай аб сустрэчы зь міністрам — дата прапрацоўваецца. МЗС застаецца там, дзе ёсьць МЗС, ні ў які бок мы не перамяшчаліся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG