Вітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам канфэрэнцыі да стагодзьдзя Ўсебеларускага зьезду зрабіла фурор. Кіраўнік краіны, маўляў, пахваліў людзей, якія абвясьцілі першую беларускую дзяржаву — БНР. Не паўтарайце бальшавіцкіх клішэ. Ня першую.
Хваліць удзельнікаў Першага Ўсебеларускага зьезду — правільна. Бязь іх аднаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў XX стагодзьдзі цяжка ўявіць. Але няправільна казаць, што гэтыя падзеі заклалі асновы беларускай дзяржаўнасьці й далі пачатак самавызначэньню беларусаў. Гэта старая бальшавіцкая формула, што 1917 год стварыў беларусаў.
Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў кажа, што 1917 года заклаў асновы беларускай дзяржаўнасьці. Дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк з нагоды стагодзьдзя зьезду заявіў, што «гэта была першая спроба артыкуляцыі беларускай нацыянальнай ідэі менавіта ў палітычным пляне, стварэньне ўласнай дзяржаўнасьці». А сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Георгій Атаманаў расьсьмяшыў да сьлёз, сказаўшы пра заслугі камуністаў у станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці. Тых самых камуністаў, якія гэты зьезд разагналі.
23 гады антынацыянальнай палітыкі прывялі да таго, што кожнае прызнаньне незалежнасьці з вуснаў чыноўнікаў, знакавых гістарычных датаў ці нават слова па-беларуску ў нас успрымаюць як нейкае надзвычайнае дасягненьне. Добра, што прызнаюць і пачынаюць гаварыць. Але нельга дазволіць, каб мы глядзелі на сябе праз крывое люстэрка іхнай ідэалёгіі.
Усебеларускі зьезд і абвяшчэньне БНР — гэта працяг дзяржаўнасьці, якая ў беларусаў была стагодзьдзямі, але ў іншай форме і пад іншаю назваю.
Абвяшчэньне незалежнасьці 1918 году была працягам нашай дзяржаўнасьці, абарванай у 1795 годзе, калі Расейская імпэрыя канчаткова падзяліла Рэч Паспалітую, супольную дзяржаву палякаў, беларусаў, літоўцаў.
Сёньня адныя памылкова, а другія наўмысна падаюць Рэч Паспалітую як толькі польскую дзяржаву. Але нават самыя палякі гэта адмаўляюць. Аўтар фундамэнтальнага трохтомніка з гісторыі Рэчы Паспалітай паляк Павал Ясеніца пісаў пра «раўнапраўную і згодную супрацу Кароны і Вялікага княства».
У ВКЛ былі ўласная адміністрацыя, армія і свой бюджэт.
Польскі гісторык Рэчы Паспалітай Анджэй Суліма-Каміньскі, які доктарскія ступені абараніў у Ягелёнскім унівэрсытэце, Стэнфардзе і Оксфардзе, піша, што «ВКЛ не было Польшчай», «Польшчы ніколі не было ані на Дняпры, ані на Нёмане».
«Большасьць тых людзей, якія пасьля падзеньня Рэчы Паспалітай насуперак расейскаму панаваньню называлі сябе палякамі, былі нашчадкамі беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх родаў», — піша Суліма-Камінскі ў кнізе «Гісторыя Рэчы Паспалітай Многіх Народаў 1505–1795».
100 гадоў таму Вялікае Княства Літоўскае таксама была на вуснах тых людзей, якія арганізоўвалі Ўсебеларускі зьезд і абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку. Яшчэ ў 1915 годзе браты Луцкевічы, безь якіх БНР была б немагчымай, гарэлі ідэяй стварыць Канфэдэрацыю ВКЛ разам з палякамі, літоўцамі, латышамі і габрэямі. Гэтая ідэя пацярпела фіяска за некалькі тыдняў да 25 сакавіка. Але фундамэнтам дзяржаўнасьці было менавіта Вялікае Княства. ІІІ Устаўную грамату абвяшчалі нашчадкі шляхты ВКЛ.
У 1920 годзе, калі ўрад БНР быў ужо ў выгнаньні, айцы Беларускай Рэспублікі накіравалі ліст да Лігі Нацыяў у Жэнэву. Ён датычыў захопленых Польшчай заходнебеларускіх земляў. Права беларусаў на дзяржаўнасьць айцы БНР ізноў абгрунтоўвалі гісторыяй ВКЛ.
Усё гэта неаспрэчныя факты, пра якія ня можа быць ніякай дыскусіі. БНР стваралася не на чыстым лісьце. У нас за плячыма багатая гісторыя грамадзянскай супольнасьці, вялікай палітычнай культуры і законаў ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Сьвядомасьць заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасьці каранямі сягала менавіта ў тую эпоху, з усімі яе трыюмфамі й трагічным канцом. Менавіта гэтая сьвядомасьць прымушала іх прымаць многія палітычныя рашэньні і стварыць Беларускую Народную Рэспубліку. Таму ў Дзень Волі мы павінны сьвяткаваць адраджэньне беларускай дзяржаўнасьці пасьля 123 гадоў чужога панаваньня.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.