Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытнік Юркойць заявіў пра катаваньні ў турме КДБ


Сьледчы ізалятар КДБ
Сьледчы ізалятар КДБ

У судовым працэсе над 11 мытнікамі Ашмянскай мытні, які трэці тыдзень праходзіць у Партызанскім судзе, чарговы этап судовага сьледзтва: 5 сьнежня падсудныя скончылі даваць паказаньні, а сёньня, 6 сьнежня, суд перайшоў да апытаньня сьведак.

Публіку ў залі чакаў сюрпрыз: выкліканыя ў суд былыя мытнікі, якіх прысутныя лічылі за сьведак, аказаліся ў зусім іншым працэсуальным статусе — «асобаў, якія раней дапытваліся ў межах крымінальнай справы». Але якой?

Статус, пра які ведаюць толькі юрысты

«Вы будзеце дапытаныя ў якасьці абвінавачанага», — зьвяртаўся судзьдзя да выкліканых у суд сёньня былых мытнікаў Аляксандра Якубцэвіча, Аляксея Сьмірнова, Вячаслава Рынковіча і Мікалая Мішука.

Усе чацьвёра не зьяўляюцца абвінавачанымі ў справе, якая разглядаецца ў Партызанскім судзе. Больш за тое, ніводзін з дапытаных сёньня мытнікаў ані слова не сказаў пра тых адзінаццацёх, якіх судзяць у гэтым працэсе. Затое ўсе чацьвёра падрабязна распавядалі пра хабарніцтва мытнікаў зь іншых працэсаў (нагадаем, ашмянскіх мытнікаў адначасова судзяць яшчэ ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Менскім абласным судах).

Дайшло да таго, што адзін з адвакатаў выказаў пратэст.

«Пратэстую! Навошта ў судзе вывучаюцца эпізоды, не зьвязаныя з нашымі падсуднымі? Давайце не губляць працэсуальны час», — заклікаў суд абаронца.

Але яму запярэчыў пракурор: «Не забывайце, што падсудныя абвінавачаныя ў злачынстве ў складзе арганізаванай групы, таму ўсё, што тычыцца гэтай групы, варта расьсьледаваньня».

Суд з гэтым пагадзіўся і перайшоў да допыту чарговага былога мытніка. Прыкладам, вось якія паказаньні даваў Мікалай Мішук.

«Абвінавачаны» мытнік: Чарга была не на мытні, але ў кампутары

Мішук сказаў, што атрымаў упершыню грошы ад начальніка свайго аддзелу Горбаля — той перадаў 500 даляраў.

Перадаваў на стаянцы службовага аўтобуса па-за мытным пастом, на паперцы быў пазначаны нумар ягонай пячаткі. За што грошы, не тлумачыў, але ён і без таго зразумеў — за аўтамабілі з кветкамі. Усяго атрымаў гэтак 3100 даляраў. Ня толькі браў грошы сабе, але і перадаваў іншым мытнікам — Канстанціну Ўрбановічу і Матняку (гэтыя прозьвішчы ў справе прагучалі ўпершыню).

Цікавыя дыялёгі ў «абвінавачанага Мішука» ўзьніклі спачатку з пракурорам, а потым з судзьдзёй. Пракурор дапытваўся, за што былі грошы. Мішук адказаў, што за «пазачарговы агляд аўтамабіляў з кветкамі», і распавёў пра сваю працу:

«Стаю, падыходзіць кіроўца з дакумэнтамі, пачынаю аглядаць».

Пракурор запытаў: «А пры чым тут чарга? Дзе яна? Вы ж стаіце вольны, не заняты?»

Уцямнага адказу пракурор так і не атрымаў, акрамя таго, што «чарга была бачна на маніторы кампутара». У разбор эпізоду ўцягваецца судзьдзя:

«Але ж аўтамабілі з кветкамі як з прадукцыяй, якая хутка псуецца, і без таго трэба правяраць у першую чаргу. Паводле закону. За што ж тады бралі грошы?»

Абвінавачаны працягвае настойваць на тым, што нічога не парушаў і ўсе інструкцыі выконваў спраўна, але потым згадвае, што аднойчы начальнік аддзелу Горбаль на плянэрцы загадаў інфармаваць яго пра аўтамабілі з кветкамі і пра тое, ці магчымыя ў іх парушэньні — «індыкатар рызыкі», як кажуць мытнікі.

Другі з мытнікаў, апытаных сёньня ў статусе «абвінавачаных», Аляксандар Якубцэвіч на допыце казаў, што нарматыўныя акты на агляд аўтамабіляў дазваляюць па-рознаму ставіцца да «індыкатараў рызыкі». Прыкладам, вага грузу звыш пазначанай у дакумэнтах можа азначаць як парушэньне, гэтак і тое, што здарылася памылка з вагой аўтамабіля. Таму мытнік мог альбо прычапіцца да гэтага і ўчыніць дадатковы агляд, альбо сьпісаць усё на «аўтамабільную памылку». За выбар, які патрэбны перавозчыку, і давалі хабар.

«Сьведкі-чаўнакі»?

Варта дадаць, што загадчык аддзелу афармленьня і кантролю Аляксандар Горбаль, як і ягоная калега з другога аддзелу Марына Мароз, цяпер падсудныя на працэсе, які пачаўся 5 сьнежня ў Менскім абласным судзе. Назіральнікі за працэсам у Партызанскім судзе Менску не выключаюць, што сёньняшнія паказаньні на Горбаля, Мароз ды іншых «кіраўнікоў» злачыннай «групоўкі» прагучаць празь нейкі час і на працэсе ў Менскім абласным судзе, дзе судзяць «вярхушку» групоўкі. «Інакш гэтыя людзі з „абвінавачаных“ у невядома якой справе пяройдуць у статус падсудных па пэўнай справе», — мяркуе пра «сьведак-чаўнакоў» адзін з адвакатаў.

Паказаньні Алеся Юркойця ў судзе і на сьледзтве не мяняліся

Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Працэс у Партызанскім судзе вылучыўся гучнай заявай: пра фактычныя катаваньні падчас сьледзтва заявіў суду падсудны мытнік Алесь Юркойць.

Паводле ягонай заявы, падчас знаходжаньня ў турме КДБ — у «амэрыканцы» — ахоўнікі не давалі яму нармальна адпачываць, бо тры ночы запар грукалі дубінкамі ў дзьверы камэры, сьляпілі сьвятлом. Юркойць мяркуе, што гэтак ціснулі, каб прызнаў віну. Але былы мытнік так і не прызнаў, што браў грошы. Паводле Юркойця, з былым калегам Сяргеем Чэпіным, які паведаміў сьледзтву, што тройчы нібыта перадаваў «хабарныя» грошы Алесю, у яго былі непрыязныя адносіны. Паказальная і такая дэталь: сьледзтва інкрымінуе Юркойцю больш за 12 тысяч даляраў хабару, але Чэпін кажа толькі пра тры выпадкі перадачы грошай, а гэта цягне прыкладна на адну тысячу. Адкуль жа ўзяліся астатнія?

«Выглядае, сьледзтва проста падлічыла колькасьць аўтамабіляў з кветкамі, якія аформіў за пэўны час Алесь Юркойць, а доказы, што пры гэтым былі парушэньні, пакуль не прад’яўленыя», — лічыць адзін з назіральнікаў.

Іншы назіральнік заўважыў, што допыт Алеся Юркойця скончыўся без параўнаньня ягоных паказаньняў у судзе з тым, што мытнік казаў на сьледзтве. Звычайна бывае менавіта гэтак: параўноўваюць і ловяць падсуднага на розьніцы ў паказаньнях, выцягваюць тлумачэньні ці нават прызнаньне, дзе схлусіў. Зь Юркойцем гэтак не атрымалася. Значыць, ягоныя паказаньні нічым не адрозьніваліся, Алесь Юркойць адразу казаў, што ня браў хабару, і працягвае гэта даказваць у судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG