Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва: ашмянскія мытнікі атрымалі 850 тысяч даляраў хабару


На працэсе ў Менскім абласным судзе прадстаўнікі пракуратуры зачытваюць абвінавачаньне групе з 15 адказных супрацоўнікаў Ашмянскай мытні і літоўскаму грамадзяніну Артуру Тураеву, супрацоўніку фірмы «Літоўскі транзыт», які, паводле сьледзтва, даваў мытнікам хабар.

Як лічаць сьледчыя, злачынную групу, якая дзейнічала на пасту «Каменны Лог» Ашмянскай мытні, арганізаваў былы адказны мытнік Гарнік Сарумянц. Гэта было яшчэ ў 2010 годзе. Нібыта Сарумянц зь Віктарам Фалевічам, які выконваў абавязкі начальніка паста «Каменны Лог», дамовіліся пра тое, што будуць браць хабар зь перавозчыкаў «рызыкоўных» грузаў. Таксама ў кіраўніцтва групы ў розныя пэрыяды «злачыннай дзейнасьці» нібыта ўваходзілі мытнікі Ігар Высоцкі, Дзьмітры Карповіч, Аляксандар Горбаль ды іншыя.

Як працавала схема з хабарам

Група складалася паэтапна. Як высьветлілі сьледчыя, у 2010 годзе Гарнік Сарумянц у Літве сустрэўся з грамадзянінам Літвы і дамовіўся пра хабар за бесьперашкодны пропуск аўтамабіляў з кветкамі ў адрас пэўных фірмаў з Масквы, Бранску і Мінэральных Водаў. Назвы фірмаў — «Крыстал», «Вэктар плюс», «Каліпса», «Карыда», «Наш сад», «Форэва», «Балтыйскі падарунак» ды іншых.

Дзеля гэтых жа мэтаў Ігар Высоцкі сустракаўся з грамадзянінам РФ Ганічкіным, зь якім таксама дамовіўся пра атрыманьне хабару. Потым гэтак жа дамовіўся з грамадзянінам Літвы Артурам Тураевым. Таксама была дамоўленасьць пра хабар з аўтамабіляў, якія везьлі кветкі ў Казахстан. У абвінавачаньні фігуруе і прозьвішча грамадзяніна РФ Муратава — ён таксама даў згоду плаціць мытнікам за пропуск пэўнага грузу.

Паступова ў злачынную групу нібыта былі ўцягнутыя кіраўнікі аддзелаў, якія працавалі на пастах «Каменны Лог» і «Гудагай». Гэтак, прыкладам, у групе апынуліся Марына Мароз, Аляксандр Букель, Андрэй Ермалаеў, Пётар Лапшэвіч ды іншыя.

Мытнікі разьмеркавалі ролі ў групе, а таксама дамовіліся пра сувязь і меры кансьпірацыі. Сарумянц нібыта даў указаньне набыць у Літве мабільныя тэлефоны, з дапамогай якіх мытнікі камунікавалі паміж сабой.

Таксама былі ўстаноўленыя сумы адлічэньняў за аўтамабіль з кветкамі — ад 100 да 200 даляраў. Хабар ад перавозчыкаў паводле пэўнай дамовы атрымлівалі Сарумянц або Высоцкі, а потым яны перадавалі грошы чальцам групоўкі на сярэднім узроўні. Тыя ж, паводле сьледзтва, перадавалі грошы шараговым інспэктарам у залежнасьці ад колькасьці аформленых імі аўтамабіляў і паводле ўстаноўленай таксы. Астатнія грошы дзялілі паміж сабой.

Як мытнікі вызначалі аўтамабілі, якія трэба прапускаць бесьперашкодна

Паводле сьледзтва, кіраўнікі злачыннай групоўкі паведамлялі мытнікам, якія працуюць на пункце пропуску, назвы фірмаў, да якіх ня трэба чапляцца, нават калі ўзьнікалі пэўныя падазрэньні.

У абвінавачаньні прагучалі зьвесткі пра кіраўнікоў аддзелаў Ашмянскай мытні, якія дапамагалі мытнікам з «Каменнага Логу» ў іхнай злачыннай дзейнасьці. Аднаму зь іх, Якуценку, нібыта штомесяц перадавалі за паслугі па 500 даляраў.

Колькі грошай атрымалі мытнікі ў якасьці хабару

Усяго, паводле сьледзтва, з 2010 да пачатку 2015 году мытнікі незаконна «аформілі» 3352 аўтамабілі і атрымалі ня меней за 850 тысяч даляраў ЗША. Сумы хабару за кожным свае, прычым у абвінавачаньні гучалі сумы як непасрэдна атрыманага хабару, гэтак і арганізаванага для ўсёй групоўкі. Збольшага выходзіла, што атрымлівалі сабе па 20–50 тысяч, арганізоўвалі на групу па 50–170 тысяч.

Толькі зачытваньне ў судзе дадзеных пра аўтамабілі, якія аформілі незаконна і атрымалі за гэта грошы, расьцягнулася на некалькі гадзін.

Цяпер суд цяпер будзе доўга разьбірацца, ці дакладныя зьвесткі сабрала сьледзтва. Як паведаміў карэспандэнту Свабоды адзін з адвакатаў, частка падсудных начальнікаў з Ашмянскай мытні віны не прызнаюць цалкам альбо прызнаюць часткова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG