Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы нарадзіліся тут, таму мы рускія». Носьбіты беларускіх гаворак памежжа страчваюць адметнасьці маўленьня


Знак на мяжы са Смаленшчынай
Знак на мяжы са Смаленшчынай

Беларускім гаворкам магілёўска-смаленскага памежжа пагражае зьнікненьне. Асыміляцыйнае ўзьдзеяньне расейскай мовы размывае рэшткі беларушчыны. Навукоўцы Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова сабралі моўны матэрыял на расейска-беларускім памежжы і ўклалі слоўнік з найбольш адметных словаў рэгіёну. Праца пачалася ў 1986 годзе. Пэрспэктыва выдаць слоўнік няпэўная.

Чым жа адметная мова памежжа, ці пачуваюць сябе носьбіты тамтэйшых гаворак беларусамі?

Адказаць на асыміляцыю няма чым

Трапіўшы ў памежныя з Магілёўшчынай вёскі Смаленскай вобласьці, першае, на што зьвяртаеш увагу, — гэта маўленьне мясцовых жыхароў. Гаворка, асабліва ў людзей сталага веку, з выразнымі рысамі беларускасьці найперш у вымаўленьні: хадзіў, чорны, цьвяток.

Але панаваньне расейскай школы ды тэлебачаньня паволі размывае рэшткі беларушчыны. Маладзейшае пакаленьне тутэйшых ужо гаворыць «правільна».

Ксенія Паўлаўна, жыхарка вёскі Гразь, Расейская Фэдэрацыя
Ксенія Паўлаўна, жыхарка вёскі Гразь, Расейская Фэдэрацыя

Ксеніі Паўлаўне, жыхарцы вёскі Гразь, што ў Хіславіцкім раёне, 78 год. Увесь свой век жанчына пражыла ў роднай вёсцы за пяць кілямэтраў ад мяжы з Рэспублікай Беларусь. Пра гэтае паселішча і яго жыхароў Свабода ўжо пісала.

А вось як гучыць тамтэйшая гаворка з вуснаў гераіні свабодаўскага рэпартажу.

Наўпроставы лінк


«Гэта мсьціслаўская гаворка», — праслухаўшы запіс, кажа кандыдат філялягічных навук Аляксей Лаўшук. Шмат год ён аддаў выкладаньню моўных дысцыплін ва ўнівэрсытэце імя Куляшова.

«У ёй і дзеканьне, і цеканьне, і зацьвярдзелыя шыпячыя, і ўласьцівыя беларускай мове канчаткі словаў», — зьвяртае ўвагу мовазнаўца.

«Наагул мне падаецца, што жанчына ня „руская“. Яна наша, беларуская жанчына. Маўленьне надта блізкае да ўсходнебеларускіх гаворак. Калі б я наперад ня ведаў, што запіс зроблены па той бок мяжы, то сказаў бы, што гаворка беларускай вёскі Мсьціслаўшчыны. Мая выснова: гаворка больш беларуская, чым расейская», — кажа лінгвіст.

Аляксей Лаўшук
Аляксей Лаўшук

Гаворка жыхароў вёскі Каськова, што на беларускім баку мяжы, мала чым адрозьніваецца ад гаворкі суседзяў з расейскага боку. Між беларускім паселішчам і Гразьзю ня больш за дзесяць кілямэтраў.

У Каськове тое самае яканьне, дзеканьне ды [ў] нескладовае. Слоўны запас, аднак, дужа папоўнены расейшчынай. Каськова адышло да Беларусі ў 1964 годзе, акурат тады, калі сыходзіў з пасады Мікіта Хрушчоў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:39 0:00
Наўпроставы лінк

У беларускім Амсьціславе беларуская мова не дамінуе ў аздабленьні вуліц. На ўезьдзе ў горад манумэнтальныя знакі расейскамоўныя. Адчуваньня беларускага гораду няма.

Жыхарка вёскі Каськова, голас якой на запісе
Жыхарка вёскі Каськова, голас якой на запісе

Вывучаць гаворкі памежжа ўсё цяжэй, бо ўсё менш носьбітаў

Ва ўнівэрсытэце імя Куляшова на катэдры беларускай і расейскай моваў вывучаюць гаворкі магілёўска-смаленскага памежжа. За тры дзясяткі гадоў працы выкладчыкі і не адно пакаленьне студэнтаў назьбіралі ў дыялекталягічных экспэдыцыях матэрыялу на два тамы слоўніка. Ад 2012 году такіх выправаў больш унівэрсытэт ня ладзіць.

У корпусе № 4 унівэрсытэту імя Куляшова рупяцца пра беларускія гаворкі памежжа
У корпусе № 4 унівэрсытэту імя Куляшова рупяцца пра беларускія гаворкі памежжа

Вывучаць гаворкі магілёўска-смаленскага памежжа, асабліва з расейскага боку мяжы, складана, — кажа дацэнт катэдры Людміла Шапавалава. Засталося мала карэннага насельніцтва — носьбітаў дыялектнае мовы.

«Вы ж бачылі там вёскі — ці абязьлюджаныя, ці заселеныя нядаўна прыбылымі. Па сутнасьці, тамтэйшае насельніцтва — ужо ня носьбіты мясцовых гаворак. Уплыў школьнага навучаньня, тэлебачаньня, радыё адчувальны», — кажа Шапавалава.

Пэйзаж у вёсцы Гразь
Пэйзаж у вёсцы Гразь

«У выхадцаў з тых земляў, якія вучацца ў Смаленску, сьціраюцца адметнасьці маўленьня. Яны ўжо гавораць па-расейску, і толькі чуйнае вуха адмыслоўца можа вызначыць, адкуль тая моладзь прыехала. Фанэтычныя беларускія асаблівасьці больш устойлівыя, іх цяжэй выкараніць, аднак і яны з часам заціраюцца. Унікальныя гаворкі памежжа зьнікаюць праз расейскую асыміляцыю. У памежным рэгіёне ўжо цяжка зафіксаваць дыялектныя рысы, праявы якіх можна было сабраць дваццаць гадоў таму», — кажа Людміла Шапавалава.

Рупліўцы ратуюць беларускія словы ад зьнікненьня, уклаўшы слоўнік

Сшытак студэнта з аналізам гаворак беларуска-расейскага памежжа
Сшытак студэнта з аналізам гаворак беларуска-расейскага памежжа

«У носьбітаў мясцовай гаворкі, — кажа Людміла Шапавалава, — могуць праяўляцца варыянты адной і той жа моўнай зьявы. У маўленьні аднаго чалавека можа быць больш выразны пераход гукаў [в] ці [л] у гук [ў], а ў іншага — не. Воўк і волк. Адназначна сьцьвярджаць, што на памежжы беларускія рысы пераважаюць, нельга. Там цяпер зьмешаная гаворка».

Сучасныя расейскія навукоўцы ў Смаленску не вывучалі як сьлед гаворак памежжа. Гэтым аспэктам яны толькі пачалі займацца, кажа суразмоўніца. Паводле яе, мовазнаўцы з Смаленску зьбіраюцца наведацца ў Магілёў, каб пазнаёміцца з досьведам працы калегаў.

«Іхная пазыцыя зводзіцца да таго, што гаворкі на памежжы зь Беларусьсю знаходзяцца пад уплывам беларускай мовы», — кажа Людміла Шапавалава.

Што да слоўніка гаворак магілёўска-смаленскага памежжа, то ён пакуль толькі ў электронным выглядзе. Пэрспэктыва яго выданьня няпростая, прызнаецца суразмоўніца.

«Гэты слоўнік — першая падобная праца, у якой сабраныя адметнасьці гаворак памежнага рэгіёну. У іх бытуюць унікальныя словы і фразэалягізмы, фанэтычныя асаблівасьці. У нашай працы 1264 слоўнікавыя артыкулы. Нас называюць энтузіястамі, бо працуем са слоўнікам фактычна на ўласным імпэце», — кажа Людміла Шапавалава.

Слоўнікавыя артыкулы з тлумачэньнем словаў з памежжа
Слоўнікавыя артыкулы з тлумачэньнем словаў з памежжа

«Для гісторыі і культуры гэтая праца ўнікальная, — кажа яна. — Гэта сховішча нашага мінулага, зафіксаванага ў мове».

Гаворым па-беларуску, запісваемся расейцамі

Дачыненьні між жыхарамі вёсак паабапал мяжы збольшага прыязныя, аднак бываюць і выняткі — канфлікты вакол «дарогаў кантрабандыстаў». Яны спарадзілі насьцярожанае стаўленьне да людзей, якія прыходзяць зь беларускага боку.

У вёсцы Шэіна, што на той жа Смаленшчыне, гаспадыня хаты катэгарычна адмовілася адчыняць дзьверы беларусу. Жанчына гаварыла па-беларуску, але сябе лічыць расейкай, «бо нарадзілася ў Расеі»:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:33 0:00
Наўпроставы лінк

У 2014 годзе губэрнатар Смаленскай вобласьці Аляксей Астроўскі прапанаваў частку земляў сумежных зь Беларусьсю раёнаў вобласьці даваць у карыстаньне беларускім гаспадаркам. Ён заявіў гэта неўзабаве пасьля акупацыі Расеяй Крыму. У вядомай вёсцы Любавічы некаторыя зь вяскоўцаў былі ня супраць далучыцца да Беларусі.

У гаворцы любавіцкіх жыхароў таксама чуваць беларушчына. Беларускую гаворку журналіста яны разумелі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:50 0:00
Наўпроставы лінк

Выдатныя навукоўцы мінуўшчыны — Яўхім Карскі, Пятро Бузук, Павал Растаргуеў, укладальнік падрыхтаванага ў 1920-я гады «Краёвага слоўніка Ўсходняй Магілёўшчыны» (каля 20 тыс. словаў) Янка Бялькевіч — лічылі гаворкі рэгіёну не пераходнымі, а беларускімі ў сваёй аснове. Але за прамінулае стагодзьдзе асыміляцыйнае ўзьдзеяньне расейскай мовы моцна русыфікавала і слоўнікавы склад гэтых беларускіх гаворак, і нават вымаўленьне — звычайна найбольш кансэрватыўную моўную рысу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG