Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз пашпарту ў Расею не пускаюць. Каб тэрарысты не праскочылі


Наперадзе Расея
Наперадзе Расея

На ўезьдзе зь Беларусі ў Расею па трасе Р43 пашпартны кантроль ажыцьцяўляецца ад 29 сьнежня. У Магілёўскай вобласьці гэта найбуйнейшая транзытная шаша зь Беларусі ў Расею. Дакумэнты расейскія памежнікі правяраюць у пункце пропуску Дубовічкі. Украінцам і малдаванам уезд у Расею па гэтай трасе забаронены.

На памежным пункце пропуску чаргі з машын няма. На стаянцы дазволу на праезд у Расею і Беларусь чакалі зь дзясятак фур з польскімі, казаскімі ды беларускімі нумарамі. Пасьля спраўджваньня дакумэнтаў машыны разьяжджаліся. Легкавікі зь Беларусі памежнікі спынялі, каб спраўдзіць, ці мае кіроўца пашпарт. Безь яго ў Расею не пускаюць. Пасьведчаньне кіроўцы для памежнікаў не дакумэнт.

Пашпартны кантроль не парушае ранейшых дамоўленасьцяў, — расейскія памежнікі

Паводле супрацоўнікаў расейскай памежнай службы, пашпартны кантроль на мяжы дзеіць ад 29 сьнежня. Суразмоўцы адзначылі, што агляд беларускіх машын не ажыцьцяўляюць. Для праезду, аднак, сказалі яны, трэба мець «фактычны дакумэнт», які пацьвярджае асобу. На іхную думку, пашпартны кантроль не парушае дамоўленасьцяў між Расеяй і Беларусьсю, заключаных у межах Саюзнай дзяржавы і Мытнага зьвязу.

Шаша часам запаўняецца фурамі з польскімі, расейскімі ды беларускімі нумарамі
Шаша часам запаўняецца фурамі з польскімі, расейскімі ды беларускімі нумарамі

На пытаньне, ці патрулююць нарады памежнікаў мяжу зь Беларусьсю, суразмоўцы адказалі, што гэта службовая інфармацыя. Наконт сытуацыі з увядзеньнем памежнай зоны на мяжы зь Беларусьсю параілі зьвяртацца па афіцыйны камэнтар ва Ўпраўленьне ФСБ па Смаленскай вобласьці.

Украінцам і малдаванам праезд забаронены

Забаронены ўезд у Расею па беларускай шашы Р43 украінцам і малдаванам. Пра гэта сказалі супрацоўнікі страхавых арганізацыяў, якія працуюць пры мяжы.

«Гэты пашпартны рэжым увялі, калі па гэтай дарозе ехала шмат украінцаў і малдаван. Цяпер ім забаранілі, і яны мусяць уяжджаць у Расею праз Бранск. Едуць гэтай дарогай шмат палякаў, але ў іх жа ёсьць візы. Але большасьць — беларусы. Зь імі праблемаў няма, і пашпартны кантроль ім жыцьця не ўскладніць», — казаў журналісту супрацоўнік расейскай страхавой арганізацыі.

Увядзеньне пашпартнага кантролю Расеяй, на ягоную думку, — захад абгрунтаваны.

«Колькі цяпер рвецца ў Расею ўсялякіх агентаў? Гэта ў вас па тэлебачаньні пра гэта не паказваюць, а ў нас паказваюць. Кажуць, што злавілі дывэрсантаў з Украіны ды Малдовы. Яны злачынную групу арганізавалі, і іх з выбухоўкай узялі. Сапраўдныя тэрарысты. Дык гэта толькі тое, што нам паказваюць, а колькі не паказваюць», — казаў суразмоўца.

Нулявы расейскі кілямэтар
Нулявы расейскі кілямэтар

Паводле яго, неўзабаве зьбіраюцца ўздоўж шашы, якая праходзіць па тэрыторыі між расейскім і беларускімі пунктамі пропуску, паставіць агароджу зь сеткі і забараніць стаянкі. Суразмоўца таксама ня выключыў, што ў блізкай пэрспэктыве паміж дзьвюма краінамі зьявіцца і паўнавартасная мяжа.

«А тое, што памежнікі патрулююць мяжу, дык гэта нармальна. Шмат нелегалаў спрабуюць трапіць у Расею. Буфэрную зону абыходзяць, а на тым баку мяжы чакае іх ужо машына. Тут жа ў лесе шмат таемных сьцяжын. За ўсімі ня ўгледзіш. Шмат дзе нашы памежнікі засады выстаўлялі», — сказаў суразмоўца.

«Ды нічога страшнага ня будзе, калі зьявіцца нармальная мяжа зь Беларусьсю. Парадку больш будзе», — сказаў яшчэ адзін супрацоўнік расейскай страхавой арганізацыі.

Памежны пункт пропуску Дубовічкі
Памежны пункт пропуску Дубовічкі

«Увядзеньне пашпартнага кантролю ня варта разглядаць як варожы крок Расеі супраць Беларусі. У вас жа таксама ёсьць пункты пропуску з пашпартным кантролем з Польшчай, Літвой, — пасьпяшаўся супакоіць госьця зь Беларусі грамадзянін Расеі. — Пра ўвядзеньне памежнай зоны зь Беларусьсю я ўпершыню чую. Пашпартны кантроль — так, дзеіць ужо даўно, і да яго прызвычаіліся і беларусы, і расейцы. Мы таксама пераяжджаем мяжу і пашпарты паказваем. Паглядзім, як далей будзе разьвівацца сытуацыя. Украінцаў тут не прапускаюць. Яны павінны ехаць на пост „Тры сястры“, што ў Бранскай вобласьці. А малдаване толькі выяжджаюць з Расеі, але не ўяжджаюць».

Жыхары Крычаўскага раёну: «Каб ад мяжы толькі галава балела...»

Тым часам для жыхароў Крычава, які за чатыры дзясяткі кілямэтраў ад памежнага пункту Дубовічкі, зьяўленьне пашпартнага кантролю ўжо не навіна. Многія адзначаюць, што апошні год расейскія памежнікі пэрыядычна правяралі пашпарты. Ад сьнежня ўжо правяраюць рэгулярна. Некаторыя адзначаюць, што расейскія памежнікі патрулююць у мясьцінах, дзе праходзяць шляхі кантрабандыстаў.

На беларускім прапускным пункце ў вёсцы Зьвянчатка беларускіх памежнікаў няма. Уздоўж шашы выстаўленыя шапікі беларускіх страхавых арганізацыяў. Жыхароў прылеглых да буфэрнай зоны паселішчаў зь беларускага боку вестка пра памежную зону і пашпартны кантроль асабліва не хвалюе.

«Нам ня цяжка будзе паказаць пашпарт. А пашпартны рэжым ужо даўно расейцы ўвялі. І калі няма пашпартоў, то не прапускаюць. Такія выпадкі ўжо былі», — адрэагавала на пытаньне журналіста пра складанасьці пераходу мяжы адна з суразмоўніц. У яе развагах не адчувалася нотак трывогі, што могуць увесьці паўнавартасную мяжу.

«Незразумела, нашто было тады ліквідоўваць гэтую мяжу», — заўважыла яна.

«Гэта ўсё расейцы робяць у адказ на наш бязьвізавы рэжым для замежнікаў, — умяшаўся ў гутарку мужчына. — Вось каб гэтыя замежнікі ня трапілі, у Расеі і ўвялі пашпартны кантроль. А беларусаў ён ня тычыцца. Як езьдзілі мы — гэтак і будзем езьдзіць».

Паводле суразмоўцаў, на некаторых малапрыкметных дарогах пэрыядычна зьяўляюцца беларускія памежнікі.

Смаленская вобласьць. Рыхтуйце пашпарты
Смаленская вобласьць. Рыхтуйце пашпарты

«Паверце, увядзеньне пашпартнага кантролю і памежнай зоны — ня самае страшнае для нас», — сказала яшчэ адна суразмоўніца.

«У нас жыцьцё ў Крычаве даражэйшае, чым у Магілёве. Усё даражэйшае, і адзежа, і харчы. Пакуль курс расейскага рубля не падрос, дык многія езьдзілі на закупы ў Расею, бо тут усё дарагое, — казала жанчына. — У мяне жонка знаёмца везла сала з Гомеля, бо там таньней. Заробкі ў нас мізэрныя, а цэны касьмічныя. Вось што нас клапоціць, а не мяжа. Паратунку ні ў кога ня знойдзеш. Улады што хочуць, тое і твораць».

За дваццаць кілямэтраў ад мяжы ля вёскі Барсукі стаяла грамада супрацоўнікаў транспартнай міліцыі. Адзін зь іх быў з аўтаматам. Паводле мясцовых жыхароў, пост транспартнікаў рэгулярна выстаўляецца на разьвілцы шашы ў бок Расеі і Клімавіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG