Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тудаўляне — хто яны, гэтыя жыхары Расеі, якія хочуць звацца беларусамі?


Тудаўлянка. Фота з артыкулу Надзеі Грынковай «Одежда тудовлян Ржевского уезда» (1926)
Тудаўлянка. Фота з артыкулу Надзеі Грынковай «Одежда тудовлян Ржевского уезда» (1926)

Шэраг жыхароў Цьвярской вобласьці Расеі адносіць сябе да этнаграфічнай групы тудаўлянаў. Яны просяць расейскія ўлады прызнаць іх беларусамі паводле нацыянальнасьці і зьбіраюць подпісы пад адпаведнай пэтыцыяй на Change.org.

Суполка тудаўлянаў «УКантакце» нешматлюдная: там 127 чалавек з Расеі, яшчэ дзьве сотні зь іншых краінаў. Але кіраўнік суполкі Аляксандар Цеханоўскі кажа Свабодзе, што тудаўлянамі-беларусамі лічаць сябе тысячы людзей у Расейскай Фэдэрацыі, хай і не заўсёды яны актыўныя.

Аляксандар Цеханоўскі
Аляксандар Цеханоўскі

«Людзі лічаць сябе тудаўлянамі таму, што гэта наша мінулае, мы пра яго памятаем, — распавядае Цехановіч. — У мінулым у нас быў свой дыялект беларускай мовы, але цяпер мы думаем, што хацелі б больш вучыць клясычную беларускую мову, бо гэта нас зблізіць з самой Беларусьсю. Нам трэба адзінства.

Сувязі зь Беларусьсю ў нас больш у душы, бо пакуль ніхто не займаўся гэтым пытаньнем і не дапамагаў нам. Нехта вучыць самастойна беларускую мову, нехта чытае вершы, кнігі, захапляецца гісторыяй. У музэях захаваліся прадметы даўніны з нашай гісторыі і культуры, але пра нас ня пішуць у падручніках. Ва ўсякім выпадку, мне пра гэта невядома. Мы спадзяёмся на дапамогу ў гэтым уладаў, каб яны зьвярнулі свой погляд на нас і дапамаглі людзям у вывучэньні іх роднай гісторыі.

Музэй у Аленіне. Паводле Цеханоўскага, там прадстаўленыя экспанаты з самога Аленіна, але не тудаўлянаў як этнаграфічнай групы
Музэй у Аленіне. Паводле Цеханоўскага, там прадстаўленыя экспанаты з самога Аленіна, але не тудаўлянаў як этнаграфічнай групы

Калі нас прызнáюць беларусамі, гэта дапаможа нам вярнуць нашу культуру, распавесьці пра яе ўсім нашчадкам тудаўлянаў, каб яны яе памяталі і ганарыліся ёю. Гэта дасьць нам магчымасьць заручыцца падтрымкай дзяржавы ў гэтым пытаньні. А прызнаньне Беларусьсю нас сваімі дапамагло б ахвочым атрымаць грамадзянства рэспублікі ў спрошчаным парадку, а таксама асэнсаваць сябе беларусамі па праве нараджэньня».

Ці сапраўды яны беларусы?

Прафэсар катэдры этналёгіі і фальклёру Ўнівэрсытэту культуры, доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская кажа Свабодзе, што на гэтае пытаньне наўрад ці нехта дасьць адназначны адказ: навуковых дасьледаваньняў амаль не было, зьвестак пра тудаўлянаў няшмат. Ды яна дапускае, што ў іх сапраўды могуць быць крывіцкія карані, хоць на поўдзень ад іх, на Бранскім Палесьсі, ужо наўрад ці жылі беларусы.

Апошняя на сёньня вялікая публікацыя пра тудаўлянаў — кніга 2004 году «В стране тудовлян» (PDF), ды яе аўтар сам прызнаецца, што ён не гісторык і не этнограф, а кніга не навуковая публікацыя.

Сучасная вёска тудаўлян
Сучасная вёска тудаўлян

«Яўхім Карскі ў сваіх дасьледаваньнях другой паловы XIX стагодзьдзя залічваў іхную тэрыторыю да этнічнай тэрыторыі беларусаў, — распавядае Лабачэўская. — І ён лічыў тудаўлянаў з паходжаньня беларусамі.

У 1920-я гады расейскія этнографы езьдзілі ў тыя мясьціны — Цьверскую, Калускую, Бранскую, часткова Смаленскую вобласьць. Гэта досыць складаны рэгіён паводле этнічных групаў, тады стаяла пытаньне, хто там насельніцтва. Тудаўляне там трохі на поўнач, а рэгіён на поўдзень называлі Палесьсем. Шырока стала вядома пра тудаўлянаў, калі ў 1926 годзе дасьледчыца Надзея Грынкова надрукавала артыкул „Одежда тудовлян Ржевского уезда“ (PDF). Але тады дасьледавалася пераважна матэрыяльная культура.

Яна піша, што, як сьведчыць тапанімія, самыя старажытныя насельнікі там — фіны і балты. А ўвогуле гэтая тэрыторыя на стыку славянскіх групаў севяранаў, вяцічаў і крывічоў. Гэтая тэрыторыя была да канца XVI стагодзьдзя фарпостам Вялікага Княства Літоўскага, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. У XVII стагодзьдзі землі адышлі да Расеі.

Малады Туд у нашы дні
Малады Туд у нашы дні

Сказаць, перасяленцы гэта ці аўтахтоннае насельніцтва, цяжка. У тым артыкуле Грынкова адзначае, што яны асыміляваныя, хоць і захаваліся сьляды беларускасьці ў гаворцы і касьцюмах. А этнограф Натальля Лебедзева, якая ў 1920-я дасьледавала раёны трохі ніжэй па карце, адзначала, што там хутчэй „вялікарускае“ насельніцтва, хоць з рысамі больш заходняй культуры. На сёньняшні дзень, як я разумею, гэта адзіная такая крыніца этнаграфічных зьвестак, бо ў савецкі час, у 1927 годзе, дасьледаваньні былі спыненыя, шмат навукоўцаў рэпрэсавалі, ніхто ні зь беларускага боку, ні з расейскага пазьней не вывучаў».

Што ў тудаўлянаў асаблівае?

Сьляды нечага беларускага амаль не захаваліся ў мужчынскім адзеньні тудаўлянаў, але ў 1920-я былі відаць у жаночым. У тудаўлянаў да пэўнага часу захоўваліся адметна беларускія абрад «бабіна каша» і гульня «каралі ці проса». Да XX стагодзьдзя, а дзе-нідзе і да сучаснасьці, захаваліся сьляды незвычайнай для Расеі гаворкі.

Адзеньне тудаўлянаў. Фота з артыкула Надзеі Грынковай «Одежда тудовлян Ржевского уезда»
Адзеньне тудаўлянаў. Фота з артыкула Надзеі Грынковай «Одежда тудовлян Ржевского уезда»

У 1920-я суседзі Маладатудзкай воласьці (якая атрымала назву ад сяла Малады Туд, а тое, як і тудаўляне, ад ракі Туд) называлі тыя землі «белакафтаншчынай» і «Польшчай». Ужо тады дасьледніца Грынкова пісала, што яны зьліліся зь «вялікарускім» насельніцтвам павету. Ды цьверскі краязнаўца Марк Ільін казаў, што «тудаўляне нібы размаўляюць і па-расейску, а нічога не зразумець».

Тудаўлянская фанэтыка мела яканьне («мяне», «сястріцы», «нямношка»...), у тым ліку і ўласьцівае паўночна-ўсходняму дыялекту беларускае мовы дысыміляцыйнае яканьне, калі ў першым складзе перад націскным [а] вымаўляецца гук, блізкі да [ы] («трыва» і «тыбак» замест «трава» і «табак»). У некаторых пазыцыях ненаціскныя [а], [о] і [ы] пераходзілі ва [у] («сумавар»). Перад пачатковым [о] зьяўляўся прыстаўны [в] («возера»). Часта сустракаўся фрыкатыўны (як у беларускай мове) гук [г], шыпячыя былі зацьвярдзелыя. Гукі [в] і [л] у канцы складу пераходзілі ва [ў]. Назіралася цоканьне, калі [ц] і [ч] зьліваліся ў адзін гук, таксама зьбег зычных [бм] пераходзіў у [мм]. Адзначаліся і адрозьненьні ў марфалёгіі, скланеньні, спражэньні.

У тудаўлянаў былі нетыповыя для расейцаў словы: так, калі яны адпачывалі, казалі «залочуем»; напёкшы бліноў, казалі «саткі напецены»; а калі ў іх нешта было, яны казалі, што ў іх гэта «ёсь». А былі і такія словы, якія пазнае беларус, але якія не сустракаюцца на ўсходзе Цьверскай вобласьці: «цубуля», «гульня», «панядзелак», «вітацца».

***

«Тудаўляне — гэта адна толькі група, іх там было шмат, — дадае Лабачэўская. — У Расеі цяпер ёсьць тэндэнцыя шуканьня сваіх каранёў, яны за іх хапаюцца. Мне якраз пару дзён таму даслалі ліст зь Яраслаўскай вобласьці, там шукаюць сувязяў зь Беларусьсю, шукаюць зьвестак пра такую групу, як магілі — перасяленцы з Магілёўскай губэрні канца XIX стагодзьдзя. Такі рух і там, ня кажучы ўжо пра Сыбір, дзе ў перасяленцаў прысутнічае беларускасьць у сьвядомасьці. Ну і бывае, што са Смаленшчыны ці Браншчыны вёскі просяцца, каб іх узялі да Беларусі, хоць гэта ўжо і іншая зьява. Але адчуваецца, што беларуская самасьвядомасьць пачынае абуджацца ў Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG