Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы баяліся, але працавалі» — маладая жанчына з-за траўмы на прадпрыемстве стала інвалідам


Вольга Таўпянец
Вольга Таўпянец

«Станок прызналі небясьпечным пасьля таго, як мне размалола руку», — кажа 34-гадовая Вольга Таўпянец. Жанчына сьцьвярджае, што за станок яе паставілі, не патлумачыўшы ніякай тэхнікі бясьпекі: «На ім 12 кнопак кіраваньня, а мы ведаем толькі палову, для чаго яны».

Ад кісьці левай рукі не засталося нічога, што хірургі маглі б прыжывіць. Мэдыкі хуткай дапамогі шукалі дарма — усё было раздроблена і перамолата.

Сястра Вольгі распачала кампанію ў сацыяльных сетках, каб змусіць кіраўніцтва прадпрыемства да адказнасьці.

Ніхто не навучаў, ніякіх «допускаў» не давалі, за тэхніку бясьпекі мы не расьпісваліся

Паводле дакумэнтаў, 34-гадовая Вольга Таўпянец працавала на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Дэлі Ост» сартавальніцай. А калі дакладней — «вучнем сартавальніка матэрыялаў і вырабаў з драўніны», як запісана ў загадзе аб прыёме на працу.

Працоўная дамова з Вольгай
Працоўная дамова з Вольгай

Вольга распавядае, што прыйшла на вытворчасьць 17 сьнежня мінулага году. А загад аб афіцыйным працаўладкаваньні датаваны толькі 11-м студзеня. І — апошняя, вызначальная дэталь: вучнем сартавальніка яна прабыла ўсяго паўдня. Потым да жанчыны падышоў майстар цэху і сказаў, каб ішла працаваць на станку. На тым самым, якім 12 сакавіка ёй адрэзала кісьць левай рукі.

Станок, на якім працавала Вольга
Станок, на якім працавала Вольга

«Калі я прыйшла ўладкоўвацца на працу, мне сказалі, што мой абавязак — сартаваць драўляныя рэйкі. Адразу спыталі, ці ёсьць мне ў што пераапрануцца, бо спэцадзеньня тут не прадугледжана. Ні акуляраў ад пілавіньня, ні рукавіц...

Неўзабаве майстар сказаў: ты дзяўчына спрытная, разумная, ня курыш, а значыць, на перакуры хадзіць ня будзеш, так што давай станавіся да станка. Са мной прыйшла дзяўчына, дык яна й засталася сартавальніцай, а мяне — за станок!

Я спачатку адмаўлялася, бо нічога ня ўмела. Але майстар сказаў: цябе навучыць дзяўчына, якая там працуе. Я паўдня глядзела, як яна робіць, а на наступны дзень ужо працавала самастойна... Без усялякіх інструкцыяў, без анічога...

Станок па зрошчваньні драўніны. На ім 12 кнопак кіраваньня, а мы ведаем толькі палову, для чаго яны. Станок замежны, усё напісана герогліфамі. Там чатыры пілы, кожная робіць 4 тысячы абаротаў за хвіліну. Цяпер яго прызналі асабліва небясьпечным — пасьля таго як мне размалола руку», — распавядае Вольга.

Вользе давядзецца прабыць у шпіталі яшчэ ня менш як тыдзень
Вользе давядзецца прабыць у шпіталі яшчэ ня менш як тыдзень

Дзень 12 сакавіка Вольга памятае да драбніц.

«У мяне быў выходны, субота, але патэлефанавалі з працы, папрасілі выйсьці. Я не хацела, але адмаўляцца было няёмка. Бо на папярэднім тыдні, 4 сакавіка, я працаваць ужо адмаўлялася.

Тады таксама ў мяне быў выходны, і мяне майстар прасіў выйсьці на падмену хлопца, які не прыйшоў — за станок, на такім я ўвогуле раней ніколі не працавала. Ён дужа небясьпечны, таксама зь піламі.

І вось у свой выходны я адмовілася, а назаўтра майстар мяне ўсё адно туды паставіў! Паказаў мне, як тры палкі зрошчваць, а сам сышоў. Мы з напарніцай у хлопцаў панавокал пыталіся, што рабіць ды як...

Ніхто не навучаў, ніякіх допускаў не давалі, і за тэхніку бясьпекі мы не расьпісвалася... Ні на тым станку, ні на гэтым, што мяне скалечыў!

Тыдні за тры да здарэньня пілы „майго“ станка навастрылі. А перад тым зьнялі ахоўную панэль — была там такая шчыльная фанэрына, перад піламі, бо яны круцяцца так хутка, што ў паветры ўтвараецца „варонка“, якая зацягвае. Так са мной і здарылася.

Правай рукой я вымала ёмістасьць, у якую сьцякае клей, а левай хацела яе прытрымаць. Я ж не дурніца, каб самой торкацца пад нажы! Але руку пацягнула, бо ахоўнай панэлі не было. Я нават зразумець нічога не пасьпела!

Быў такі моцны болевы шок, што я нічога не адчувала.

Хлопцы і жанчыны побач страцілі прытомнасьць, убачыўшы, што засталося ад маёй рукі. А я проста глядзела, як адзін наш работнік, не разгубіўшыся, зьняў папругу са штаноў і наклаў мне жгут, каб не сьцякла крывёю. Добра, што я каленам аб станок ударылася, гэта неяк прытармазіла, а то магло б руку да локця адрубіць!

Хуткая дапамога ехала 25 хвілін, бо калі яе выклікалі, ніхто не патлумачыў лекарам, што здарылася. Мяне завезьлі ў шпіталь, і адразу — у апэрацыйную».

Пэнсія па інваліднасьці — паўтара мільёна. Як на гэта пражыць?!

З таго часу Вольга знаходзіцца ў траўматалягічным аддзяленьні шпіталя хуткай дапамогі. Кажа, што за апошні тыдзень крыху навучылася абыходзіцца адной рукой, бо «нічога ня зробіш, трэба прывыкаць». Жанчына спрабуе самастойна апранацца, рабіць гігіенічныя працэдуры. Але самае складанае, як яна лічыць, яшчэ наперадзе. Гэта пошукі новай працы.

Даводзіцца прыстасоўвацца
Даводзіцца прыстасоўвацца

«Паводле адукацыі я краўчыха. Скончыла ПТВ, але ніколі шытвом не зарабляла. Трэба было шукаць нешта больш „грашовае“, бо мы зь сястрой рана засталіся без бацькоў, і я — старэйшая.

Працавала дыспэтчарам у службе таксі, кантралёрам-касірам у сетцы „Віцебскія прадукты“. Адтуль давялося сысьці, бо нястачы ў крамах звычайна „дзеляць“ на касіраў, каб кампэнсаваць. І гэта выходзіць нейкае рабства, а ня праца...

Сем месяцаў была беспрацоўнай, бо нічога не магла знайсьці: то неаплатны выпрабавальны тэрмін прызначаць, то яшчэ нешта. А тут знаёмыя параілі, маўляў, на „Дэлі Ост“ бяруць людзей.

На той момант я была гатовая на ўсё! Бо муж таксама беспрацоўны, езьдзіць у Расею на падпрацоўкі. За кватэру некалькі месяцаў ня плочана... Вось я і вырашыла: пайду хоць кім!

Я моцная фізычна, некалі займалася дзюдо, хуткая на падʼём. І вось як атрымалася.

Дзе знайсьці працу цяпер, калі засталася без рукі, проста не ўяўляю! Пэнсія па інваліднасьці, я даведвалася, будзе з паўтара мільёна. Як на гэта пражыць? І мужа ў Расею я пакуль не магу адпусьціць, пакуль не прылаўчуся рабіць усе справы адной рукой», — Алена спрабуе трымацца, аднак голас у яе дрыжыць ад крыўды.

І ня толькі на лёс. Яна не разумее, чаму гэткі трагічны выпадак на вытворчасьці не падштурхнуў дырэктара хаця б прыйсьці да яе ў шпіталь, хаця б фармальна папрасіць прабачэньня. Але не, дырэктара ТАА «Дэлі Ост» Алега Радзевіча ў шпіталі ня бачылі.

Вольга кажа, што чакала хаця б тэлефоннага званка — каб па-чалавечы паспагадаў, ці патэлефанаваў хаця б з чыстай ветлівасьці... Аж не.

Адмаўляецца Алег Радзевіч і ад размоваў з журналістамі. На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць здарэньне з работніцай Вольгай Таўпянец дырэктар ТАА «Дэлі Ост» сказаў: «Ідзе расьсьледаваньне, вынікі вы даведаецеся», і спыніў размову.

Мы баяліся, але працавалі: будзеш патрабаваць, дык выганяць у карак

Тым часам на прадпрыемстве адбываюцца зьмены: на станку, дзе працавала Вольга, зьявіўся надпіс «Небясьпечная зона». Пра гэта расказваюць працаўнікі. На ўмовах ананімнасьці, бо апасаюцца ціску з боку адміністрацыі.

«Дырэктар увесь час крычыць на работнікаў, мацюкаецца нават на жанчын. Так было і да здарэньня з Вольгай. А пасьля гэтага ён прыйшоў у наш цэх і сказаў, што закрые вытворчасьць, калі мы будзем „выступаць“ супраць яго. І мы застанемся бяз працы», — кажа маладая жанчына.

Спадар больш сталага веку дадае:

«У нас цяпер усе рыхтуюцца да праверак. На станку, дзе працавала Вольга, людзі катэгарычна адмаўляюцца працаваць. Першыя дні дык увогуле было вусьцішна: плямы крыві засыпалі пілавіньнем, і так яно стаяла некалькі дзён, толькі потым прыбралі... Да станка прымацавалі шыльду „Небясьпечная зона“, задняй датай зьбіраюць подпісы пра тэхніку бясьпекі — нібыта мы расьпісваліся за інструктаж яшчэ 22 лютага. Людзі, з аднаго боку, шкадуюць Вольгу, спагадаюць ёй. А з другога — невядома, ці пацьвердзяць яны, што былі парушэньні. Бо самае страшнае ў нас — гэта страціць працу. Бо нідзе ў Віцебску не ўладкуесься, прадпрыемствы зачыняюцца».

Даведка пра заробак за два месяцы
Даведка пра заробак за два месяцы

З дня афіцыйнага залічэньня — 11 студзеня — Вольга Таўпянец зарабіла 3 мільёны 750 тысяч рублёў. Пра гэта ёсьць афіцыйная даведка. Зьбіраць такія дакумэнты падказаў юрыст: родныя Вольгі знайшлі адмыслоўца, які дапамагае складаць звароты ў розныя інстанцыі. Першыя два — у пракуратуру і да кіраўніцтва ТАА «Дэлі Ост».

У пракуратуру быў накіраваны ліст, каб распачалі праверку па факце няшчаснага здарэньня. Дзяніс, муж Вольгі, паказвае адказ: зварот перасланы ў Сьледчы камітэт «для арганізацыі праверкі і прыняцьця заснаванага на законе рашэньня». Сьледчыя да Вольгі яшчэ не прыходзілі, толькі муж ды малодшая сястра Алена, якая арганізавала вельмі актыўную кампанію ў сацыяльных сетках. Менавіта ў грамадзкай падтрымцы Алена бачыць цяпер сэнс:

Сёстры Алена і Вольга
Сёстры Алена і Вольга

«Мы рана засталіся без бацькоў, у нас няма ні грошай, ні сувязяў. А ў таго дырэктара яны ёсьць! Мы баімся, што справу „замнуць“, што Вольгу зробяць вінаватай, нібыта яна з уласнай дурасьці палезла за станок! Таму я напісала пра гэтае здарэньне ў „Аднаклясьніках“ і „ЎКантакце“. Зьвярнулася я і да журналістаў, з „Советской Белоруссии“ сказалі, што пазьней з намі зьвяжуцца. Некаторыя ўжо прыходзілі. Вольга малайчына, яна трымаецца, кажа: „Трэба фатаграфаваць — дык няхай фатаграфуюць!“ А вось у камэнтарах у сацыяльных сетках рэакцыя розная: нехта нават піша, што яна сама руку ўторкнула, куды ня трэба... І ўсё адно вельмі шмат падтрымкі, прапануюць грошы на тэлефон пералічваць. Толькі шмат хто сумняецца, што мы даможамся праўды або хаця б нармальнай кампэнсацыі».

Камэнтары ў сацсетках «Аднаклясьнікі» і «Ўкантакце»
Камэнтары ў сацсетках «Аднаклясьнікі» і «Ўкантакце»

Сярод камэнтароў на старонцы «Это Витебск, детка! [Типичный Витебск]» ​сацыяльнай сеткі «Ўкантакце» ёсьць згадкі пра тое, што на ТАА «Дэлі Ост» ужо былі прыкрыя выпадкі зь няправільна аформленай дакумэнтацыяй. Людзі судзіліся з адміністрацыяй за падробленыя подпісы і выйгравалі суды. Таму камэнтатары жадаюць Вользе посьпехаў у змаганьні за праўду — нягледзячы на спробы адміністрацыі зрабіць выгляд, што з тэхнікай бясьпекі на прадпрыемстве ўсё як мае быць.

Заява Вольгі Таўпянец
Заява Вольгі Таўпянец

Вольга Таўпянец накіравала дырэктару заяву, у якой выклала свае просьбы ў сувязі зь няшчасным выпадкам. Сярод іх — кампэнсацыя фізычных стратаў у выглядзе штомесячнага заробку да часу дасягненьня пэнсійнага ўзросту, кампэнсацыя маральнай шкоды памерам адзін мільярд рублёў, кампэнсацыя лячэньня ў Нямеччыне, у тым ліку ўстаноўкі пратэза коштам 50 тысяч эўра. Вольга кажа, што дырэктар зьбіраўся набыць некалькі новых станкоў і што адзін такі станок каштуе прыблізна столькі ж, нават трохі больш.

Адказу на гэтую заяву пакуль няма. Хоць у сацыяльных сетках ужо зьявіліся камэнтары, нібыта «дырэктар ёй ужо ўсё прапаноўваў, і лячэньне, і пратэз за ўласныя грошы, а яна сама адмовілася».

Прадстаўнікі прадпрыемства ў шпіталь сапраўды прыходзілі, але не з прапановай дапамогі, а з папрокамі, распавядае Вольга:

«Прыходзіў майстар з цэху і юрыст. Ледзьве зайшлі, майстар адразу з пытаньнем: „А чаго ты стала за той станок, ты ж сартавальніца“. Можа, у яго дыктафон у кішэні быў, ці што... Я й кажу: „Андрэй, што за глупства? Мяне ж туды паставілі!“ Нібыта я ад няма чаго рабіць пайшла і пачала працаваць! Нібыта ён мяне тры месяцы мяне за станком ня бачыў! І нібыта ён ня бачыў, што на станку няма абароны — зьнялі ды так і не паставілі. Мы баяліся, але працавалі: будзеш патрабаваць, дык выганяць у карак. Страціш працу, і што тады рабіць?.. Ніхто з работнікаў ніколі не пратэставаў, усе баяцца, каб ня звольнілі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG