6 студзеня былы кіраўнік шклозаводу «Ялізава», прадстаўнік інвэстара і мэнэджар заводу «Мотавела» Аляксандар Мураўёў працягнуў сваё апошняе слова, якое пачаў у чацьвер.
Працэс праходзіць у Фрунзэнскім судзе Менску з кастрычніка 2016 году. Пракурор запатрабаваў для Мураўёва 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй — за махлярства, ухіленьне ад падаткаў і садзейнічаньне ў злачынстве.
Мураўёў адпачатку не прызнаў віны і паўтарыў гэта ў апошнім слове. 6 студзеня былы галоўны мэнэджар «Мотавела» заявіў пра «дзяржаўны рэкет», зь якім сутыкнуўся яшчэ тады, калі кіраваў заводам «Ялізава».
«У 2014 годзе пачалося пекла. Няспынныя пагрозы, тарыфы ў 4 разы большыя, чым у Расеі. Пачаліся арышты рахункаў, пагрозы крымінальнага перасьледу, прымушэньне акцыянэраў быць донарам бюджэтных паступленьняў празь бяздумную розьніцу тарыфаў. У мяне было ўнутранае адчуваньне, што мяне пакідаюць сілы», — казаў падсудны.
Абвінавачаны сказаў, што ў той час высокія чыноўнікі з ураду пачалі прымушаць яго да махлярства:
«Мне казалі: вы абяцайце пісьмова заплаціць, і мы ня будзем адключаць вам сьвятло. Я адмаўляўся, а яны тлумачылі далейшыя дзеяньні: вы будзеце не выконваць дамовы, браць новыя крэдыты, зноў плаціць, а мы зноў будзем патрабаваць».
Пры гэтым імёны чыноўнікаў, якія прапаноўвалі яму такія схемы, Мураўёў суду не назваў.
Далей, паводле Мураўёва, умяшаўся Аляксандар Лукашэнка, падтрымаў яго, на нейкі час сытуацыя выправілася.
«Але потым усё паўтарылася».
Пагрозы і зьбіцьцё падчас сьледзтва
Паводле Мураўёва, на сьледзтве яму сказалі:
«„Ялізава“ мы ў цябе ўжо „адціснулі“, тое самае будзе і з „Мотавела“, таму думай, дзе знайсьці грошы, каб заплаціць».
Мураўёў заявіў суду, што падчас сьледзтва яго білі ў адмысловым памяшканьні.
«Ударылі па пячонцы і два разы ў корпус, каб прымусіць выканаць іх патрабаваньне», — сказаў Аляксандар Мураўёў.
Як Мураўёў змагаўся за «Аіст», а яму падрэзалі крылы
Пры гэтым Мураўёў сказаў, што гандлёвая марка ровара «Аіст», які вырабляўся на «Мотавела», была пры ім канкурэнтаздольная і магла прыносіць прыбытак. Ён прасоўваў гэты брэнд на ўсясьветны рынак, у Аўстрыі сам езьдзіў заўсёды на «Аісьце», дамагаўся, каб гэты ровар выкарыстоўвалі на Алімпіядзе.
Паводле Мураўёва, у 2007 годзе Аляксандар Лукашэнка прапанаваў яму ўзначаліць Фэдэрацыю роварнага спорту Беларусі і ацаніць пэрспэктывы заводу «Мотавела». Падчас велапрабегу па Беларусі, які адмыслова пачынаўся з тэрыторыі заводу «Ялізава», чыноўнікі нават цягнік спынілі, каб не перашкаджаць спартсмэнам, згадаў Мураўёў, — верагодна, у якасьці прыкладу ягонай працы па прасоўваньні «Аіста».
Што цяпер?
«Пасьля майго арышту хлопцы, які мне дапамагалі прасоўваць „Аіст“, выглядалі як напужаныя мышы. „Аіст“ атрымаў удар па самыя крылы. Можа, з дапамогай Ладуцькі, які езьдзіць на ровары ня ўмее, удасца выправіцца?», — спрабаваў жартаваць Мураўёў з жалезнай клеткі.
«Сьледчыя гэтак разумелі ў вырабе ровараў, што аж млосна»
Вытворчасьць «Аістаў» на «Мотавела», паводле сьледзтва, адрозьнівалася ад савецкіх часоў у горшы бок, бо зьявілася зашмат пасярэднікаў. Аляксандар Мураўёў ня згодны, што гэта дрэнна. Паводле Мураўёва, вытворцы найлепшых роварных брэндаў у Эўропе самі камплектуючыя не вырабляюць, а толькі зьбіраюць. Затое яны маюць разгалінаваную сыстэму пастаўшчыкоў, нават па тры пастаўшчыкі на адну пазыцыю, і за гэты кошт дасягаецца добрая якасьць камплектуючых.
А ў нас?
«Я чуў прадстаўнікоў абвінавачаньня, якія нічога не разумеюць у справе вытворчасьці ровараў, і нічога іншага, як млосці, у мяне не было», — выказаўся Мураўёў наконт працы пракурораў.
Аляксандар Мураўёў паведаміў, што да ягонага прыходу на завод на «Мотавела» выдавалі 3 тысячы пропускаў, але з гэтых людзей палова рэальна не працавала. Паводле Мураўёва, «Мотавела» тады быў стратны, і на тое, каб яго падтрымаць, дзяржава траціла каля 8 мільёнаў даляраў штогод.
«Доўбаныя адмыслоўцы», — Мураўёў пра папярэднікаў
Працу, якую рабілі дзяржаўныя мэнэджары «Мотавела» да ягонага прыходу, Аляксандар Мураўёў назваў надзвычай неэфэктыўнай і стратнай.
«Мне ставяць у віну, што станкі для „Мотавела“ не закупіў? Але вось у 2007 годзе былі купленыя станкі, толькі які вынік? Купілі ўстаноўку ў „Цэйса“ — нуль выніку, але далі справаздачу, што купілі. Яшчэ купілі лазэрную ўстаноўку, 2 гады мантажавалі, але так і не навучыліся на ёй працаваць. Вельмі цікавы трубапракатны стан набылі ў італьянцаў. На момант набыцьця стан не працаваў, але купілі. Купілі, адрапартавалі. Які вынік? Той самы. Купляць у нас умеюць, а працаваць — не. Доўбаныя спэцыялісты! Яны думалі, што купяць, прыйдзе інвэстар, накідае бабла, і тое будзе працаваць. Але ў іх не атрымалася».
Гэта было не адзінае эмацыйнае выказваньне наконт дзяржаўнага кіраваньня заводам «Мотавела». Некалькі разоў на адрас чыноўнікаў і былых кіраўнікоў заводу Мураўёў сказаў: «Уроды!».
«Але нават у такім стане „Мотавела“ было вельмі цікавае як абʼект укладаньня сілаў, бо ён мог даць пачуцьцё гонару».
Паводле Аляксандра Мураўёва, ён да апошняга змагаўся за тое, каб уратаваць завод, а не сябе. Нават за месяц да арышту ў 2015 годзе прыехаў з Аўстрыі ў Менск, калі даведаўся пра праблемы на заводзе.
Цяжкія пэрыяды на заводзе былі і раней, згадаў Мураўёў. Гэтак, паводле падсуднага, у 2008 годзе акцыянэры аўстрыйскага «АТ-холдынгу», які валодаў «Мотавела» і ўкладаў у яго грошы, вымушаныя былі прадаць частку сваіх актываў у Расеі, каб разьлічыцца з даўгамі. Сам жа Мураўёў настойваў, што грошы ў «Мотавела» трэба ўкладаць і далей:
«Такі быў „дурны“. Я заклікаў акцыянэраў холдынгу: „Ня кідайце „Мотавела“».
У выніку ў 2010 годзе становішча ўдалося выправіць, прыцягнуўшы ад інвэстараў 8 мільёнаў даляраў.
Візыт Лукашэнкі на «Мотавела»
Мураўёў згадаў пра «сяброўскі», як ён сказаў, візыт Аляксандра Лукашэнкі на «Мотавела» ў 2013-м. Паводле падсуднага, Лукашэнка спытаў у вытворцы «Аістаў»: «Саша, патлумач мне. Чаму мне Макараў дорыць ровары лёгкія, а твае „Аісты“ — такія цяжкія?».
Як мяркуе Мураўёў, Лукашэнку падаравалі двухкіляграмовы ровар, які ён і параўнаў з «Аістам». Але той ровар быў зроблены з парушэньнем усіх нормаў.
«Потым я патлумачыў Лукашэнку, што ніжэй за 6 кілё вага ровара ня можа быць, гэта забаронена».
Паводле Мураўёва, у той сытуацыі Лукашэнку «падставілі» нядобразычліўцы.
«Потым пра візыт у газэтах я прачытаў, што „Лукашэнка падставіў плячо Мураўёву апошні раз“. Але я нічога не прасіў у Лукашэнкі. Гэта інтарэс дзяржавы ў тым, каб падтрымаць завод, у тым ліку „Ялізава“, дзе працуе 2 тысячы чалавек».
Прагучалі прозьвішчы чыноўнікаў: Ладуцька, Шорац
Візыт Лукашэнкі на «Мотавела» і ягоны ўказ у падтрымку заводу ў выніку абярнуліся, паводле Мураўёва, вялікімі прэтэнзіямі да галоўнага мэнэджара прадпрыемства і далейшымі праблемамі для заводу. Хоць напачатку справы пачалі былі выпраўляцца, але потым зноў стала дрэнна.
Ужо праз год, як сказаў падсудны, ад яго пачалі патрабаваць паказчыкаў павышанага росту, хоць зрабіць гэта было немагчыма з абʼектыўных прычын. «Пачалася вайна ва Ўкраіне, рынку зусім ня стала».
Аднак, паводле Мураўёва, на яго працягвалі ціснуць і пагражалі ўрэшце напісаць «паперу» Лукашэнку.
«І данос быў напісаны. Пачалі гэты спэктакль», — сказаў Мураўёў пра падзеі 2015 году.
Мне пагражалі ня толькі гэтым: што маіх братоў пасадзяць, што калі не знайду грошы, дык маім сваякам ня будзе куды кветкі прыносіць
Мураўёў назваў імёны чыноўнікаў, датычных да ціску на яго: былы старшыня Ленінскага райвыканкаму Кулеш (пазьней арыштаваны), былы кіраўнік Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька (цяперашні фактычны кіраўнік «Мотавела»), намесьнік «мэра» Бірыч.
«Яны нібыта ўсё ведаюць і ўсё ўмеюць, але нічога самі ніколі не рабілі», — сказаў Мураўёў.
Паводле Мураўёва, праверка Камітэту дзяркантролю, якая папярэднічала ягонаму арышту, была ангажаваная.
«Ініцыявалі праверку, каб толькі нарыць нешта, накапаць на мяне, стварыць падставы для крымінальнага перасьледу», — мяркуе падсудны.
Паводле яго, 18 траўня 2015 году на завод прыйшлі людзі з гарвыканкаму і нібыта правялі сход акцыянэраў, на якім вырашылі вярнуць «Мотавела» зноў пад кантроль дзяржавы. Гэты сход Мураўёў назваў незаконным. «Мы з гэтым не пагадзіліся, і адразу пасьля гэтага 9 чалавек апынуліся ў СІЗА. Нас абвінавачваюць у карупцыі».
Паводле Аляксандра Мураўёва, захоп «Мотавела» дзяржавай забясьпечвалі дзяржаўныя мэдыі. У сувязі з гэтым падсудны назваў імя цяперашняга кіраўніка Менскага гарвыканкаму Шорца.
«Бачу, інтэрвію дае Шорац па Першым канале. Кажа: „Усё, мы спынілі злачынства. Яшчэ трохі грашовых укладаньняў, і прадпрыемства будзе працаваць добра“.
І паказваюць кавалак плошчы на заводзе, дзе ўсё дрэнна. Але гэта толькі малая частка велізарнага заводу. Вось тады мне стала зразумела, што я працаваць пасьля гэтага не змагу. І праз два тыдні паказваюць Мікалая Ладуцьку, які расказвае, як тут усё будзе добра. І паказваюць людзей у халатах, на ўчастку ўсё чыста, і ў гледачоў узьнікае ўражаньне, што вось за гэты кароткі час Ладуцьку ўдалося такога дасягнуць. Але гэта было зроблена пры нас».
Як пісаў ліст Вакульчыку і які атрымаў адказ
Калі я напісаў у СІЗА прапанову знайсьці грошы і ўкласьці ў завод, мне сказалі сьледчыя:
«Тваё жыцьцё больш каштуе. Прапануй больш. А пра 1–2 мільёны і ня думай, гэтага мала».
Тады, паводле Мураўёва, ён напісаў ліст старшыні КДБ Валеру Вакульчыку, каб яму назвалі суму, якую ён нібыта вінны, бо яе ня ведае. Паводле падсуднага, адказу ён не атрымаў. «Пазьней я даведаўся, чаму. Бо КДК адказаў КДБ, што Мураўёў нічога ня вінны. Між тым Вакульчык мэдыям заявіў, што „няма падставаў сумнявацца ў даказанасьці віны Мураўёва“».
Мураўёў настойвае, што не прычыніў заводу ніякіх стратаў.
«Цяпер магу сказаць, што і пасьля 20 месяцаў у СІЗА свае погляды я не зьмяніў: што прадпрымальнік павінен працаваць паводле закону, у партнэрстве зь дзяржавай. Нават нягледзячы на тое, што адбылося, лічу, што самым важным будзе знайсьці шляхі ўратаваньня «Мотавела».
«Калі я пачуў прапанову пракурора пра 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй для мяне, скажу, што гэта ня самае жорсткае. Раней мне і больш пагражалі. Пасьля зьбіцьця я разумеў, што гэта не дзіцячы садок. Бо мне пагражалі ня толькі гэтым: што маіх братоў пасадзяць, што калі не знайду грошы, дык маім сваякам ня будзе куды кветкі прыносіць».
Пасьля гэтага Мураўёў перайшоў да аналізу таго, што ён пачуў на працэсе. Паводле Мураўёва, у яго больш за 200 заўваг. «Тое, што я пачуў, гэта фантазіі, хлусьня, варʼяцтва», — сказаў Аляксандар Мураўёў.
Аляксандар Мураўёў сказаў суду, што да яго няма пазову, няма доказаў таго, што ад ягоных дзеяньняў былі страты.