Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя беларускія ўлады на рэальную прыватызацыю?


Што перашкаджае прыватызацыі дзяржмаёмасьці ў Беларусі? Ці дапаможа ў гэтым Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця? Ці чакае Беларусь масавая зьмена ўласнасьці?

Трайны ўдар — тры пытаньні для трох аналітыкаў. Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Кіраўнік прадстаўніцтва Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) у Беларусі Фрэнсіс Дэлэй паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што ў рамках новай краінавай стратэгіі, якая была зацьверджаная сёлета ў верасьні, ад ураду Беларусі паступіў запыт на спрыяньне ў прыватызацыі пяці буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Але банк выбера толькі адно прадпрыемства. Магчыма, гэта будзе банк «Масква-Мінск». Паводле інфармацыі партала Tut. by, гаворка таксама можа ісьці пра піўзавод «Крыніца» і іншыя прадпрыемствы. ЭБРР будзе шукаць стратэгічнага інвэстара, і гэты працэс зойме 5–6 гадоў.

Найперш, гэтую прапанову варта разглядаць у кантэксьце супрацоўніцтва зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Беларускі ўрад цяпер моцна зацікаўлены ў такім супрацоўніцтве, у атрыманьні крэдытаў. Гэтая прапанова спадабаецца МВФ, які настойвае на масавай прыватызацыі.

Але ці азначае гэта пачатак масавай прыватызацыі ў Беларусі? Думаю, не. І на гэта ёсьць шмат прычын.

Найперш, Лукашэнка не гатовы да прыватызацыі з палітычных прычын.

Найперш, Лукашэнка не гатовы да прыватызацыі з палітычных прычын. Бо яна разбурае цяперашнюю сацыяльную мадэль, якая для ўтрыманьня ўлады аптымальная. Дзяржаўная ўласнасьць на асноўныя сродкі вытворчасьці дазваляе ўладам кантраляваць грамадзтва. Да таго ж прыватызацыі непазьбежна будзе спадарожнічаць масавае беспрацоўе. Бо на дзяржпрадпрыемствах шмат лішняй працоўнай сілы.

Не найлепшы цяпер час для прыватызацыі і з эканамічнага гледзішча. У Беларусі глыбокі крызіс. Бізнэс набывае актывы тады, калі ў краіне пад’ём, а ня спад. У такі час буйны бізнэс шукае магчымасьці вывесьці капітал за мяжу.

Яшчэ адзін момант. У эканоміцы Беларусі мала засталося прыбытковых прадпрыемстваў. А калі суб’ект гаспадараньня — банкрут, то які сэнс яго купляць?

У Беларусі няма гарантыі ўласнасьці, улады ў кожны момант могуць нацыяналізаваць прыватнае прадпрыемства. Можна ўзгадаць, як нацыяналізавалі кандытарскія фабрыкі ў амэрыканскага бізнэсоўца Новікава. Ці прыклад з заводам «Мотавела», які спачатку прадалі, затым забралі ў аўстрыйскага бізнэсоўца Мураўёва.

Да таго ж улады выстаўляюць умовы, непрымальныя для інвэстара. Іх амаль два дзясяткі. На такіх умовах рэдка хто ў сьвеце купляе дзяржаўную маёмасьць.

Глод: Спадар Карбалевіч не закрануў адзін, як мне падаецца, важны аспэкт прыватызацыі, а менавіта — стаўленьне да яе звычайных беларусаў. Існуе меркаваньне, нібыта бальшыня жыхароў краіны ня хоча прыватызацыі. Аднак і сёлетнія, і леташнія сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што простыя беларусы прыватызацыі не баяцца. Аднак яны хочуць, каб яна прайшла справядліва. Працоўныя лічаць, што іх не павінны выкідваць з працы, што прыватызацыя павінна праводзіцца не для ўзбагачэньня новых уласьнікаў, а для мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэньня эфэктыўнасьці працы. Яна павінна павялічваць даходы ўласьнікаў і прыносіць добрыя заробкі працаўнікам.

У апазыцыі існуе выразны погляд на прыватызацыю. Абвінавачваць яе ў адсутнасьці эканамічных плянаў нельга.

І яшчэ адзін аспэкт гэтага працэсу. Уладныя СМІ і кіраўніцтва Беларусі ўвесь час абвінавачваюць сваіх апанэнтаў у тым, што ў іх няма праграмы эканамічных рэформаў. Праекты рэформаў палітычныя партыі ды аналітычныя цэнтры прапануюць на працягу больш як 10 гадоў. Ёсьць і антыкрызісная праграма, і праграма «Мільён новых працоўных месцаў», і праграма «Новы эканамічны курс». У апазыцыі існуе выразны погляд на прыватызацыю. Абвінавачваць яе ў адсутнасьці эканамічных плянаў нельга.

Больш за тое, некаторыя рэкамэндацыі апазыцыі выкарыстоўваюць самі ўлады.

І, вядома, галоўнае ў гэтай справе — яе палітычнае значэньне, як слушна казаў Валер Карбалевіч. Улады баяцца сапраўднай прыватызацыі, калі ўсе грамадзяне Беларусі змогуць набываць акцыі любых прадпрыемстваў, якія дзяржава выстаўляе на прыватызацыю. Яны добра разумеюць, што адкрытая прыватызацыя прывядзе да стварэньня шырокага кола прадпрымальнікаў-уласьнікаў. І на іхніх заводах і фірмах прымушаць да датэрміновага галасаваньня будзе цяжка, а можа, і наагул немагчыма.

Штогод улады складаюць сьпіс буйных прадпрыемстваў, акцыі якіх нібыта выстаўляюцца на продаж. Я паглядзеў сёлетні сьпіс і параўнаў яго зь мінулагоднім. Ён фактычна не зьмяніўся — выключылі толькі «Магілёўхімвалакно». Чаму ж не прадаюцца і не прыватызуюцца прадпрыемствы? Я думаю, таму, што гэтага ня хоча сама ўлада.

Прычым ёсьць дзьве істотныя адгаворкі. Калі эканамічная сытуацыя добрая і прадпрыемствы працуюць добра, то іх ня трэба прадаваць, бо нам самім такая «карова» патрэбная. А калі эканамічная сытуацыя дрэнная, то навошта нам прадаваць задарма тое, што яшчэ нядаўна каштавала так дорага? Давайце яшчэ пачакаем. Таму нічога і не прадаецца.

Цыганкоў: Сапраўды, улада заўсёды знаходзіць прычыны не прадаваць, не праводзіць прыватызацыю. Калі «тлустыя гады» — навошта тады прыватызаваць? Калі кепскія, як цяпер, — падае кошт нерухомасьці, заробкі, а адпаведна, і кошт прадпрыемстваў. Іх ужо ніхто купляць ня хоча, яны калі прадаюцца, то за нашмат меншую цану. Навошта прадаваць за 100 мільёнаў тое, што ўчора каштавала 300 мільёнаў? Падставы не праводзіць прыватызацыю заўсёды знаходзяцца, і эканамічныя, і ідэйна-палітычныя.

Пляны, пра якія казаў Уладзімер Глод, не выконваюцца кожны год. Кожны год улада ў бюджэце плянуе нейкія лічбы, паступленьні ў бюджэт ад прыватызацыі. Потым па выніках году, ва ўсякім разе ў апошнія 5 гадоў, назіраецца, што гэтая сума недабраная. Цікава, што калі за іншыя агрэхі ўраду нехта адказвае, то за гэта ніколі не было адказнасьці. Чыноўнікі адчуваюць, што за гэта ніякага пакараньня ня будзе. Наадварот, можа, кіраўніцтва скажа — ну і добра, што не выконваецца.

Цяпер на многіх беларускіх прадпрыемствах адбываецца гэты самы шок без прыватызацыі.

Прыватызацыяй заўсёды палохаюць як нейкім шокам, страшнай для народу зьявай, бо будзе скарочаная колькасьць працаўнікоў. Але цяпер на многіх беларускіх прадпрыемствах адбываецца гэты самы шок без прыватызацыі. «Шок без тэрапіі». На тысячы людзей зьменшылася колькасьць працоўных на дзяржаўных прадпрыемствах, беспрацоўе там павялічваецца, і мала хто адтуль ідзе рэгістравацца беспрацоўнымі — людзі зьнікаюць, зьяжджаюць у іншыя краіны ці проста становяцца «дармаедамі». Праблемы, зьвязаныя з прыватызацыяй, хоць даюць нейкую надзею на будучыню, на аздараўленьне эканомікі. А цяпер тыя самыя праблемы ёсьць, але няма аздараўленьня.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG