Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хлынуць грошы ў Беларусь, пасьля таго як урад зоймецца ўдасканаленьнем інвэстыцыйнага клімату?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч І Валер Карбалевіч.

Глод: Беларускі ўрад напярэдадні Новага году стварыў міжведамасную працоўную групу па ўдасканаленьні інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі. Яе ўзначаліў першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі. Да 20 лютага група павінна прадставіць свае прапановы наконт паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату і карэктаваньня заканадаўства ў сфэры інвэстыцыяў.

Паколькі я ўжо даўно сачу за інвэстыцыямі ў беларускую эканоміку, то адразу адзначу: нічога новага ў гэтай ініцыятыве ўраду няма. Як мінімум дзьве падобныя групы ствараліся яшчэ раней. Пачыналася ўсё з помпай. Я памятаю прэсавую канфэрэнцыю, якую гадоў пяць таму ладзіў тагачасны намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Гур’янаў. Тады журналістам нават паказвалі схемы і графікі, у якіх расьпісвалася, колькі замежных грошай і зь якіх канкрэтна краін хлыне бліжэйшым часам у Беларусь.

Пад гэтую праграму праводзілі замежныя бізнэс-форумы. Дастаткова згадаць Лёндан, Франкфурт, Нью-Ёрк... Туды самалётам закідвалі чыноўнікаў і прыдворных бізнэсоўцаў. Спадзяваліся на вялікія замежныя інвэстыцыі. Але некаторыя экспэрты пасьля казалі: наўрад ці ўлада адбіла нават выдаткі на самалёты і камандзіровачныя.

Ураджайнай на форумы стала і восень 2016 году. У сярэдзіне верасьня ў Менску прайшоў першы беларуска-аманскі бізнэс-форум, напрыканцы таго ж месяца — форум «Пашыраючы гарызонты: інвэстыцыі, фінансы, разьвіцьцё».

Беларускія чыноўнікі звычайна прыводзяць замежнікам два галоўныя аргумэнты на карысьць таго, каб тыя ўкладалі інвэстыцыі ў беларускую эканоміку. Першы — стратэгічнае разьмяшчэньне краіны паміж Эўразьвязам і Расеяй. Другі — удзел Беларусі ў эўразійскай інтэграцыі, якая дае доступ да рынку пяці краінаў Эўразійскага эканамічнага саюзу. Апошнім часам да гэтага дадаўся і трэці — Беларусь становіцца часткай кітайскай ініцыятывы «Шаўковы шлях».

Аднак замежныя ўладальнікі фінансаў чамусьці слаба клююць на гэтыя прывабныя рэчы. Так, дзяржаўная праграма разьвіцьця Беларусі на 2011–2015 гады прадугледжвала павышэньне колькасьці наўпроставых замежных інвэстыцыяў да 7–7,5 мільярда даляраў. Паводле Нацыянальнага банку Беларусі, насамрэч іх было толькі 3 мільярды за пяць гадоў. Прычым галоўнымі інвэстарамі сталі дзьве краіны: Расея і Кіпр. Некаторыя экспэрты кажуць, што за ўкладаньнямі з Кіпру стаяць расейскія бізнэсоўцы, якія трымаюць свае грошы менавіта ў гэтай краіне. На ўсе астатнія краіны прыпадае каля чвэрці інвэстыцыяў.

Вадзім Смок, каардынатар праектаў Цэнтру Астрагорскага ў Беларусі і навуковы супрацоўнік інстытуту «Палітычная сфэра», вызначыў пяць галоўных перашкодаў для павелічэньня наўпроставых замежных інвэстыцыяў.

Першая — адсутнасьць абароны ўласнасьці. Патэнцыйныя інвэстары насьцярожана ставяцца да адміністрацыйнага ціску на ўласьнікаў, а таксама да магчымай нацыяналізацыі.

Адсутнасьць фондавай біржы ўяўляе сабой другую важную перашкоду для замежных інвэстараў. Безь яе цяжка вызначыць сапраўдны кошт беларускіх прадпрыемстваў.

Трэцяя перашкода — нестабільнае заканадаўства і агульная адсутнасьць вяршэнства права падмацоўвае страх інвэстараў як за бясьпеку сваіх інвэстыцыяў, так і за прадказальнасьць магчымых прыбыткаў.

Чацьвёртая — вялікая доля дзяржаўнай уласнасьці ў эканоміцы вядзе да таго, што ўрад адначасова выступае ў ролі і ўласьніка, і рэгулятара. Такія канфлікты інтарэсаў могуць прывесьці да наданьня дзяржаўным прадпрыемствам ільготных умоваў і да нядобрасумленнай канкурэнцыі паміж прыватным і дзяржаўным сэктарамі.

І пяты бар’ер — замежныя інвэстары, якія ўжо працуюць у Беларусі, скардзяцца на нізкую кваліфікацыю беларускіх чыноўнікаў і мэнэджэраў.

Зразумела, што дзеля таго, каб замежныя грошы сапраўды ішлі ў беларускую эканоміку, патрэбныя істотныя перамены. Аднак я вельмі сумняваюся ў тым, што новая працоўная група можа гэта зрабіць. А якая ваша думка наконт гэтага, калегі?

Грузьдзіловіч: Сумняюся. Магу дадаць, што колькі мы ўжо чулі, пяць гадоў, што вось-вось прыйдуць грошы з Саудаўскай Арабіі, арабскага сьвету! Туды езьдзяць бясконца нашы чыноўнікі, у тым ліку самыя высокапастаўленыя, але нічога значнага мы ня бачым, акрамя — ну, можа, які гатэль пабудуюць. І то абвесьцяць адно, выходзіць другое. Вось як са шпіталем на Багдановіча — усю гэтую тэрыторыю аддавалі арабскаму інвэстару, прайшло два-тры гады, усё заглухла, цяпер зноў думаюць, каму яе аддаць. Тое самае будзе працягвацца далей.

Зусім ня бачна значных інвэстыцыяў ад ЗША ці ад такой эканамічна разьвітай краіны, як Японія

Я таксама думаю, што прыйдуць дробныя інвэстыцыі, хутчэй за ўсё, зь некаторых краінаў Эўропы, якія больш-менш сюды ўжо пратапталі сьцежку. Гэта Польшча, Нямеччына.

Асобная група інвэстыцыяў будзе з Кітаю. Але Кітай дае толькі крэдыты, і гэтыя крэдыты звычайна зьвязаныя. То бок мы мусім купляць і ставіць іхняе абсталяваньне, працаваць фактычна на Кітай.

Зусім ня бачна значных інвэстыцыяў ад ЗША ці ад такой эканамічна разьвітай краіны, як Японія. Нядаўна я даведаўся, што ў японскай амбасадзе зарэгістравана ў Беларусі ўсяго 80 грамадзян Японіі. Гэта сьведчыць пра тое, што тут увогуле няма ніякіх сувязяў, акрамя культурніцкіх. Таму я чакаю, што інвэстыцыі калі і будуць, то расейскія — або схаваныя расейскія з Кіпру, з афшору.

Да перашкод, якія тут ёсьць для сапраўдных моцных інвэстыцыяў, я б дадаў вельмі дрэнную практыку працы з інвэстыцыямі, якая тут ужо была, якая праславіла Беларусь у дрэнным сэнсе. Цяпер ідзе працэс у менскім судзе над былым інвэстарам. Грамадзянін Аўстрыі Мураўёў і ягоныя браты ўклалі больш за 20 мільёнаў даляраў у завод «Мотавела». Тым ня менш праваахоўныя органы лічаць, што ён махляр, гэтую справу закруцілі, усё гэта зруйнавалі. Цяпер былы мэр Менску Ладуцька кіруе гэтым прадпрыемствам, якое фактычна належала Мураўёву, але ў Мураўёва яго адабралі.

Яшчэ адзін вельмі выразны бар’ер — гэта карупцыя. Дзяржаўныя чыноўнікі фактычна ўсе інвэстыцыйныя праекты абумоўліваюць вялікімі адкатамі або іншымі схемамі. Мы бачым, што чыноўнікі чамусьці заўсёды аказваюцца за сьпінаю ў гэтых інвэстараў, тыя потым ня могуць рабіць сваю справу, чыноўнікі працьвітаюць. У выніку дзесяцігодзьдзямі інвэстыцыі сапраўдныя ў Беларусь не ідуць.

Карбалевіч: Тут ёсьць некалькі праблемаў. Найперш гэта сусьветная праблема. Сёньня ў сьвеце шмат лішніх грошай, якія няма куды ўкладаць, бо няма праектаў, якія акупляюцца. Таму грошы перапоўнілі банкі — у Эўропе, у шмат якіх краінах банкі бяруць грошы пад адмоўны працэнт. То бок юрыдычныя і фізычныя асобы плацяць банкам за паслугу, за захоўваньне сваіх грошай, у адрозьненьне ад таго, што ў Беларусі за захоўваньне грошай у банках апошнія даюць нядрэнны працэнт. То бок у Эўразьвязе праблема не інфляцыі, як у Беларусі, а дэфляцыі.

Але вернемся да беларускіх праблемаў. Ну вось паказальная гісторыя з кітайскай крэдытнай лініяй. Раней казалі і пра 15 мільярдаў кітайскай крэдытнай лініі, і пра 7 мільярдаў, але асвоілі рэальна зусім няшмат. Бо няма акупных праектаў, а ўрад ня хоча даваць гарантыі на гэтыя крэдыты, праекты, бо разумее, што гэта толькі павялічыць дзяржаўны доўг.

паказальная гісторыя з кітайскай крэдытнай лініяй. Раней казалі і пра 15 мільярдаў кітайскай крэдытнай лініі, і пра 7 мільярдаў, але асвоілі рэальна зусім няшмат. Бо няма акупных праектаў

Былы памочнік прэзыдэнта Беларусі Кірыл Руды ў нядаўнім артыкуле прыйшоў да высновы, што капіталы сыходзяць зь Беларусі. Інвэстыцыі не ідуць, нягледзячы на тое, што сапраўды бясконца ідуць інвэстыцыйныя форумы і ў Эўропе, і ў Менску. На дадатак да тых форумаў, пра якія казаў Уладзімер Глод, нагадаю, што быў яшчэ турэцкі інвэстыцыйны форум, калі там некалькі соцень бізнэсоўцаў разам з прэзыдэнтам Эрдаганам прыехалі ў Беларусь. Але эфэкту ад усяго гэтага няма. Лічбы інвэстыцыяў, якія дае афіцыйная статыстыка, — гэта фактычна рэінвэстыцыі. То бок тыя прадпрыемствы замежныя, якія існуюць у Беларусі, свой прыбытак не выводзяць зь Беларусі, а тут яго рэінвэстуюць. Гэта і дае нейкі прырост інвэстыцыяў.

Хоць фармальна бізнэс-клімат у Беларусі паляпшаецца, пра гэта кажа паляпшэньне месца Беларусі ў сусьветным рэйтынгу. Але гэта мала працуе, бо прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў не адбываецца, яна заблякаваная. Да таго ж мала рэнтабэльных прадпрыемстваў, якія былі б прывабныя для замежнага інвэстара. І сапраўды, тая ж гісторыя «Мотавела» кажа, што няма гарантыі ўласнасьці ні для беларускіх бізнэсоўцаў, ні для замежнікаў. І гэта галоўны чыньнік, які вядзе да таго, што замежныя інвэстыцыі ў Беларусь не ідуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG