Менская міліцыя распачала крымінальную справу супраць 17-гадовай дзяўчыны, якая ўзламала акаўнты анлайн-гульняў свайго былога хлопца.
Як высьветліла міліцыя, дзяўчына перажывала, што хлопец зашмат гуляў, а пасьля раставаньня спрабавала памірыцца і сустрэцца з каханым, але той яе ігнараваў. Тады, каб зьвярнуць на сябе ўвагу, яна скарысталася вядомым ёй паролем ад пошты пацярпелага, да якой былі прывязаныя акаўнты, і заблякавала яму доступ да гульняў (якіх менавіта, не ўдакладняецца).
Хлопец ня ведаў, хто гэта зрабіў, таму зьвярнуўся ў Цэнтральны РУУС Менску.
Справу распачалі ня толькі паводле артыкулу аб несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі (арт. 349 КК), але і аб «кампутарным сабатажы» (арт. 351 КК). Паводле другога артыкулу, калі сабатаж не пацягнуў цяжкіх наступстваў, дзяўчыне пагражае штраф, арышт на 3-6 месяцаў, абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьне волі на 1-5 гадоў.
Паводле артыкулу 351 у Беларусі ня раз давалі рэальныя турмовыя тэрміны – напрыклад, за ўзлом сайтаў з выдаленьнем інфармацыі, крадзеж буйных сумаў грошай ці стварэньне вірусаў. Але пра выракі з рэальнымі турэмнымі тэрмінамі ў выпадках, калі не было значнай грашовай шкоды ў выніку «сабатажу», не паведамлялася.
7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем
Ад шмат якіх відаў узлому можа абараніць так званая двухэтапная (або двухфактарная) аўтэнтыфікацыя — калі акрамя лагіну і паролю трэба ўвесьці код, які прыходзіць празь бясплатную SMS або генэруецца праграмай кшталту Google Authenticator.