Міжнародны саюз біятляністаў (IBU) афіцыйна абвясьціў фінскі Контыялахці месцам правядзеньня восьмага этапу Кубку сьвету па біятлёне. У сьпісе рэзэрвовых пляцовак на зімовы сэзон значыўся і Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі зімовых відаў спорту ў Раўбічах пад Менскам. Аднак спартовыя функцыянэры ня маюць пэўнасьці, што ў Беларусі можна будзе знайсьці сьнег вясной.
«Тыдзень зьбіраем па лясах сьнег, а туман за дзень усё «зьядае»
Спачатку плянавалася, што спаборніцтвы пройдуць 6–12 сакавіка ў расейскай Цюмені. Аднак з прычыны гучнага допінгавага скандалу Расею пазбавілі адразу двух топавых турніраў з удзелам лыжнікаў-стральцоў — ужо згаданага этапу ў Сыбіры і чэмпіянату сьвету сярод юніёраў у Востраве на Пскоўшчыне.
Пры канцы мінулага году кіраўніцтва Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) накіравала ў штаб-катэру IBU сьпіс расейскіх біятляністаў, якія падазраюцца ва ўжываньні забароненых прэпаратаў. У пераліку — больш за тры дзясяткі прозьвішчаў, амаль 90% пашыранага складу каманды, заяўленага перад пачаткам сэзону. Ёсьць зьвесткі, што ўсе фігуранты чорнага сьпісу ў 2011–2015 гадах парушалі антыдопінгавыя правілы. Як заявіў з гэтай нагоды прэзыдэнт IBU Андэрс Бэсэбэрг, некаторыя з падазраваных ужо дыскваліфікаваныя ці завяршылі карʼеру, аднак ёсьць і тыя, хто дагэтуль выступае на спаборніцтвах найвышэйшага рангу.
У сувязі з дакладам кіраўніка незалежнай камісіі WADA Рычарда Макларэна Саюз біятляністаў Расеі прэвэнтыўна адмовіўся ад хатніх спаборніцтваў. У немалой ступені гэтаму паспрыяла пазыцыя першых нумароў біятлённага рэйтынгу — француза Мартэна Фуркада і чэшкі Габрыэлы Коўкалавай, якія заявілі, што будуць байкатаваць старты ў Расеі, калі факты злоўжываньняў паспрабуюць спусьціць на тармазах.
Мы заўсёды падаёмся на правядзеньне розных спаборніцтваў, але з канкрэтнай пазнакай — у сувязі з умовамі надворʼя разглядаць этапы Кубкаў сьвету не пазьней за люты
У сьпісе кандыдатаў на магчымую замену Цюмені фігураваў і біятлённы комплекс у Раўбічах, вядомы аматарам гэтага віду спорту яшчэ ад савецкіх часоў. Некалькі гадоў таму цэнтар капітальна адрамантавалі, цяпер ён цалкам адпавядае міжнародным патрабаваньням. Апроч хіба кліматычнай непрадказальнасьці. Сьнег можа зьнікнуць нават у высокі сэзон, а ў запас яго ў Беларусі не нарыхтоўваюць.
Беларускі бок рэгулярна падае заяўкі на правядзеньне спаборніцтваў найвышэйшага рангу. Аднак, як удакладняе намесьніца дырэктара раўбіцкага цэнтру Алена Маляўская, менавіта асаблівасьці клімату перашкаджаюць заняць пачэснае месца ў адным шэрагу зь вядомымі альпійскімі ці скандынаўскімі біятлённымі комплексамі:
«Мы заўсёды падаёмся на правядзеньне розных спаборніцтваў, але з канкрэтнай пазнакай — у сувязі з умовамі надворʼя разглядаць этапы Кубкаў сьвету не пазьней за люты. На жаль, у нас абʼектыўна няма магчымасьці для нарыхтоўкі і рэзэрваваньня сьнегу зь мінулага году. Вы ж самі бачыце, як усё нестабільна. Перад Новым годам двойчы па два дні выходзілі ў начную зьмену, нарыхтоўвалі сьнег да Кубка рэспублікі. А спусьціўся туман — і ў адзін момант „зьеў“ усе нашы высілкі. Таму біятляністы стартавалі па малым коле, то бок ва ўсечаным варыянце — два кругі па 900 і 1800 мэтраў. Дык гэта зіма, а загадваць, што будзе ў сакавіку, наагул не выпадае».
«Каб прыняць чэмпіянат сьвету, абкатваем другарадныя турніры»
За беспрэцэдэнтныя маштабы злоўжываньня допінгам Расея ўжо пазбаўлена шэрагу зімовых турніраў у розных дысцыплінах, а значыць, шанцы Беларусі перакваліфікавацца з рэзэрвовай пляцоўкі ў асноўную падвышаюцца. Прынамсі, як кажа Алена Маляўская, трэба быць заўсёды гатовымі да такой замены:
«Пасьля рэканструкцыі комплексу мы падчас кангрэсу падаліся на ўсе мерапрыемствы, у тым ліку на летні чэмпіянат сьвету. Як правіла, каб атрымаць топавы турнір, трэба прайсьці пэўныя этапы. Так, пасьля мадэрнізацыі нам далі права на юніёрскі чэмпіянат сьвету, які мы пасьпяхова правялі. Гаворачы па-простаму, гэта спаборніцтвы рангу „Б“ — дзеля таго каб у будучым нам даверылі Кубак Эўропы, Кубак IBU, Кубак сьвету, а пасьля ўжо — і ўсясьветнае першынства. Пасьлядоўнасьць доўгайграючая, але апраўданая. Калі справімся з адной колькасьцю ўдзельнікаў, з падыходам, можна будзе замахвацца на большае. Балазе комплекс адпавядае ўсім патрабаваньням, застаюцца нюансы арганізацыі».
Паводле суразмоўніцы, лыжныя ці біятлённыя дысцыпліны вымагаюць вялізных арганізатарскіх высілкаў — нават разрэклямаваны хакейны чэмпіянат сьвету 2014 году патрабаваў выдаткаў зусім іншага маштабу:
«Нават Кубак Эўропы, я ўжо не кажу пра Кубак сьвету, складана параўноўваць з тым жа хакейным чэмпіянатам. Напрыклад, на юніёрскім усясьветным першынстве ў нас былі 42 дзяржавы, парадку 700 удзельнікаў і абслугі — сэрвіс-брыгады і г.д. І для параўнаньня чэмпіянат сьвету-2014 у Менску — 16 краінаў. Адно што больш шматлікія групы заўзятараў. Спаборніцтвы па фрыстайле — ад 12 да 18 камандаў, колькасьцю ад 1 да 5 удзельнікаў. Мякка кажучы, таксама непараўнальна. Тыя ж фрыстайлісты могуць выступаць на штучным сьнезе, хоць паўзьверх яго і трэба ўкладваць натуральны. Не ў такой ступені, але таксама гэта залежыць ад маразоў».
Пасьля сьціплага на ападкі сьнежня навагодні студзень цалкам апраўдвае сваю назву — расшчодрыўся сьнегам і моцным марозам. Такі падарунак, кажа адна з кіраўніц шматфункцыянальнага комплексу ў Раўбічах Алена Маляўская, трэба выкарыстаць напоўніцу, каб трымаць лыжныя трасы ў пастаяннай «боегатоўнасьці» — прынамсі для сваіх:
«Перш за ўсё мы павінны падрыхтаваць трасы для нашых камандаў. Увесь месяц тут праводзіць нацыянальная зборная па лыжных гонках — 12–15 студзеня пройдзе этап Кубку Ўсходняй Эўропы. Пацьвярджаюць удзел нацыянальныя каманды (не другія склады, а асноўныя) Расеі, Казахстану, Польшчы на чале са сваім лідэрам Юстынай Кавальчык. У канцы месяца вяртаецца на тэставаньне наша біятлённая зборная, таксама трэба стварыць умовы. Адным словам, дзейнічаем паэтапна: ёсьць студзень, які неабходна правесьці ідэальна, падрыхтаваць спартоўцаў. Што да сакавіка, то наперадзе яшчэ цэлы люты са сваімі задачамі. Як ёсьць, так ёсьць, хоць, канечне, неабходна быць гатовымі да ўсяго — як, зрэшты, і ў жыцьці».
Апроч біятлённых спаборніцтваў у Цюмені і Востраве, з прычыны допінгавых скандалаў Расея таксама пазбавілася фінальнага этапу Кубку сьвету па канькабежным спорце ў Чалябінску і чэмпіянату сьвету па бабслеі і скелетане ў Сочы.
У гэтым зьвязку ў Расеі фармуецца грамадзкая думка, што чарговы антыдопінгавы разбор — нішто іншае, як працяг гісторыі зь лёгкаатлетамі і паралімпійцамі, летась адхіленымі ад усіх міжнародных спаборніцтваў, уключна з Алімпійскімі гульнямі і Паралімпіядай. Тамтэйшыя аналітыкі ва ўсіх выпадках бачаць змову «ўсясьветнай закулісы», якая такім чынам намагаецца нэўтралізаваць моцных канкурэнтаў, бо ня можа адолець іх у вочным паядынку.